krupki.by

ru RU be BE en EN


Надзея Канашэвіч: "Персанал не адыходзіў ад аперацыйных сталоў па 18-20 гадзін"

Автор / Паралелі часу / Четверг, 30 апреля 2020 16:28 / Просмотров: 1030
Суровымі ваеннымі дарогамі выпала прайсці Надзеі Андрэеўне КАНАШЭВІЧ.
Суровымі ваеннымі дарогамі выпала прайсці Надзеі Андрэеўне КАНАШЭВІЧ.

«Сястрычка, родная, прысядзь, пагавары. Радасць і надзея ты наша…» Не раз даводзілася чуць такія словы франтавым медсёстрам. Немагчыма перацаніць тое, што рабілі яны для параненых і знявечаных салдат. На іх кволых плячах была велізарная адказнасць. Гэта дзякуючы ім, хворыя атрымлівалі не толькі дапамогу і догляд, але і маральную падтрымку, якая мацавала сілу духа, што многім дапамагала стаць на ногі. Адна з такіх медсясцёр – крупчанка Надзея Андрэеўна Канашэвіч. Надзея, якая для многіх стала выратавальнай.

Толькі ўгледзьцеся ў гэты стары фотаздымак! Маладзенькае, прывабнае дзяўчо са шчырым, адкрытым поглядам. Ёй бы лёгкую сукеначку і чаравічкі на абцасіках – ісці насустрач жыццю і свайму шчасцю. Але замест гэтага было наканавана апрануць форменнае адзенне і пайсці туды, дзе кроў і пакуты. Вайна…

Гэты фотаздымак я знайшла, перабіраючы архіў, што прынёс у рэдакцыю адзін з суаўтараў нашага праекта Міхаіл Паўлавіч Вайцяховіч. І ніяк не магла ад яго адарвацца. Вельмі зацікавіў яе лёс. І аповяд Міхаіла Паўлавіча апраўдаў мае чаканні. Вось што ён расказаў:

–  Надзея Андрэеўна Канашэвіч – сапраўдны прыклад вернасці прафесійнаму абавязку і чалавечай годнасці. Хоць на фота мы, сапраўды, бачым зусім юнае дзяўчо, на самой справе яна была не па гадах сур’ёзная і вельмі адказная, асоба з высокімі якасцямі. Надзея скончыла ў 1938 годзе Барысаўскую школу медсясцёр і адразу ж пачала працаваць у Крупскай раённай амбулаторыі на прыёме разам с фельчарам Арсеніем Андрэевічам Чайкіным. У 1939 годзе дзяўчыну прызываюць у Чырвоную Армію і накіроўва­юць у войскі, што прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях па вызваленні Заходняй Беларусі і Украіны. Асабіста ёй давялося браць удзел у транспарціроўцы параненых з фронту ў шпіталі Барысава, ваеннага гарадка Печы. Затым Надзя служыла там аперацыйнай медсястрой.

Калі ваенныя дзеянні скончыліся, вярнулася ў Крупскую раённую бальніцу вопытнай медсястрой. Напрыканцы 1940 года выйшла замуж за ваеннага лётчыка, пераехала з ім у горад Ваўкавыск, дзе працавала аперацыйнай медсястрой у ваенным шпіталі.

На вайне Надзея – з першых яе гадзін. Раніцай 22 чэрвеня 1941 года прачнуліся ад аглушальных выбухаў. Не паспелі сцяміць, што да чаго, як на парозе кватэры з’явіўся веставы і паведаміў, што пачалася вайна, бамбяць аэрадром і частку горада, і што мужа тэрмінова выклікаюць у часць.

Толькі Надзея паспела праводзіць яго і развітацца (як сталася, што назаўсёды…), за ёй прыйшла машына хуткай дапамогі. У шпіталь і ў аперацыйную пачыналі ўжо прывозіць параненых. Яна ўспамінала, як нямецкія лётчыкі на брыючым палёце дакладна бачылі знакі Чырвонага Крыжа, белыя павязкі забінтаваных параненых і белыя халаты медработнікаў на двары шпіталя і бязлітасна расстрэльвалі з кулямётаў бездапаможных людзей. Сам шпіталь не бамбілі, відаць, бераглі для сябе. «Вось тады, у першыя гадзіны вайны, мы наяве ўбачылі сапраўдны звярыны твар фашызму», – расказ­вала Надзея Андрэеўна.

Без перапынку і без адпачынку працавалі медыкі – нібы ў жахлівым сне. Смерць кружыла паўсюдна, а людзі ў белых халатах, не хава­ючыся, ратавалі пад абстрэ­лам бездапаможных людзей.

Вораг імкліва набліжаўся да Ваўкавыска. Абыходнымі манеўрамі танкавых дывізій яму ўдалося акружыць адступаючыя войскі, завязаць, так званы, «ваўкавыскі мяшок». Але канчаткова гэта зрабіць не ўдалося. Шпіталь працягваў без перапынку прымаць параненых.

Хутка паступіў загад эвакуіраваць шпіталь з адыхо­дзячымі баявымі часцямі. «Мы з болем пакідалі нетранспартабельных параненых з хірургам і медсястрой, – узгадвала Надзея Андрэеўна. – Хутка за намі аказаліся Баранавічы, палаючы Мінск. Прыбылі ў Магілёў, дзе даўкамплектаваліся медперсаналам, эвакуіраваным з клінік Мінска».

Начальнік шпіталя, палкоўнік медыцынскай службы Вальпер высока ацаніў здольнасці, прафесіяналізм і ініцыятыву На­дзеі Андрэеўны і прызначыў яе старшай медыцынскай сястрой з аднаразовым выкананнем абавязкаў аперацыйнай медсястры, якіх востра не хапала.

Пасля Магілёва пад Оршай, Смаленскам, Гжацкам шпіталь разгортвалі, як правіла, у лесе ў палатках і зямлянках. Зімой ён пераехаў у Ціміразеўскую акадэмію ў Маскву. «Зіма 1941-га была надзвычай суровай, не хапала паліва, размерзліся трубы, – расказвала Надзея Андрэеўна. – Персанал не адыходзіў ад аперацыйных сталоў па 18-20 гадзін. А затым ехалі ў Хімкі разгружаць баржы з дровамі. Там, дзе самі ўладкоўваліся на кароткі адпачынак, не палілі, бо не хапала сіл. Паміж матрацаў клалі грэлкі, але ніхто ні разу не паскардзіўся». Ад стомы літаральна валіліся з ног і адразу засыналі. Вось у такіх экстрымальных умовах даводзілася працаваць, ратуючы параненых.

Амаль усю зарплату аддавалі ў фонд дапамогі фронту. А нямецкія войскі падыходзілі ўжо да самай Масквы. Многія медыцынскія работнікі пачалі падаваць рапарты з просьбай накіраваць іх на фронт, у дзеючыя часці. «Але гэта недазваляльная раскоша, – гаварыў ім начальнік шпіталя,  – каб вопытныя аперацыйныя медсёстры выносілі з поля бою параненых». Патокі параненых з кожным днём павялічваліся, асабліва пасля снежаньскіх баёў за Маскву. «Вы не можаце нават уявіць сабе дзясятай долі таго, што мы зведалі, – гаварыла Надзея Андрэеўна. – На вуліцы страшэнны холад, а перад шпіталем вялізная, здавалася, бясконцая чарга машын з параненымі. Яны паступалі кругласутачна. Сярод іх было нямала тых, хто сваёй чаргі не дачакаўся…»

Вельмі не хапала ўрачоў, ім на дапамогу прыходзілі аперацыйныя сёстры. Яны станавіліся да перавязачных сталоў і самастойна апрацоўвалі нескладаныя раны, даставалі асколкі і кулі, накладвалі швы. Ад бесперапыннай нагрузкі і ператамлення пухлі і мярцвелі ногі, іх ужо не адчувалася, бывала, што дзяўчаты самастойна нават ад стала адысціся не маглі.

Асабліва напружана стала, калі фашысты шчыльна падышлі да Масквы. Трывога вісела ў паветры, нават гаварылі паўшэптам. Але працавалі, працавалі і працавалі… Як маглі, падба­дзёрвалі параненых.

Памятаю, як Надзея Андрэеўна са слязьмі на вачах гаварыла: «Успамінаючы пра тое, я шкадую, што было так мала часу і магчымасцяў, каб больш пася­дзець і пагаварыць з параненымі. А яны так часта і пранікнёна прасілі: «Сястрычка, родная, прысядзь, пагавары. Радасць і надзея ты наша…»

У студзені 1942 года войскі Заходняга фронту перайшлі ў контр­наступленне. Настрой ва ўсіх адразу ж змяніўся. Надзея Андрэеўна расказвала, што нават параненыя паступалі больш бадзёрыя, хутчэй ішлі на папраўку і прасіліся да сваіх баявых сяброў на фронт. Такімі асабліва былі сібіракі – у белых паўшубках, шумныя, з гучным говарам, гаманкія і ўпэўненыя. «Ну, зараз зададзім мы фрыцу перцу!» – гаварылі яны.

Надзея Андрэеўна з гонарам расказвала, што ў іх шпіталі лячыліся такія славутыя военачальнікі, як Ракасоўскі, Яроменка, Цімашэнка і іншыя вядомыя камандзіры. У сваіх успамінах яна з асаб­лівай павагай адгукалася пра маршала Ракасоўскага. Ён пасля цяжкага асколачнага ранення ў спіну пад Сухавічамі (у штаб камандуючага трапіў варожы снарад) самалётам быў дастаўлены ў іх шпіталь на лячэнне. «Гэта быў вельмі прыгожы мужчына, высокі, статны, заўсёды вельмі акуратны. Калі падчас дзяжурства ён праходзіў побач, у мяне перахоплівала дыханне». 

Пасля вызвалення Смаленска шпіталь перадыслацыраваўся ў гэты напаўразбураны горад, які яшчэ гарэў. Амаль кожную ноч яго працягвалі бамбіць. Медсёстрам даводзілася насіць параненых спачатку ва ўкрыцце ў падвал, а затым зноў наверх, у палаты… Увесь гэты час медсёстры разам з параненымі сварыліся на фашысцкіх лётчыкаў, абяцаючы ім за іх разбойніцкія ваяжы абавязковую адплату. Час для гэтага абавязкова настане.

Пасля вызвалення Беларусі Надзея Андрэеўна даведалася страшную вестку аб сваіх родных. Бацькі яе былі вывезены ў лагер смерці Асвенцым, брат падарваўся на міне, муж загінуў на фронце, сястру фашысты вывезлі ў Германію.

Знаходзячыся са шпіталем у Каўнасе, яна даведалася пра тое, што фарміруецца група ўрачоў і медсясцёр для аказання дапамогі рэпатрыянтам у лагеры Картуз-Бяроза, і папрасілася туды. Там яна спадзявалася знайсці кагосьці з родных, але гэта было ўжо немагчыма.

Калі скончылася вайна, яна паспрабавала даведацца пра лёс урача-хірурга і медсястры, з якімі працавала ў Ваўкавыску і якія засталіся ў шпіталі з нетранспартабельнымі параненымі пры эвакуацыі. Як аказалася, яны раздзялілі лёс параненых. Як толькі гітлераўцы ўзялі шпіталь, яны вывелі медыкаў на двор і расстралялі…

Пасля дэмабілізацыі Надзея Андрэеўна вярнулася ў родныя Крупкі і стала працаваць у раённай бальніцы ў хірургічным аддзяленні аперацыйнай медсястрой, затым старшай медсястрой, і доўгі час, да выхаду на заслужаны адпачынак, медсястрой тэрапеўтычнага аддзялення.

Перыяд яе працы прыйшоўся на самыя цяжкія пасляваенныя гады. Яе вялікі ваенны вопыт, высокі прафесіяналізм, бездакорная добрасумленнасць і чуласць да чалавечага болю, вялікая энергія вызначалі яе як аднаго з самых лепшых медработнікаў бальніцы. І супрацоўнікі, і пацыенты паважліва называлі яе – Андрэеўна.

Тысячам людзей яна дапамагла вярнуць здароўе і радасць жыцця за 46 гадоў бесперапыннай працы. За гады крывавай вайны не ачарсцвела яе сэрца. Я ўдзячны лёсу, што ён падараваў мне задавальненне працаваць разам з гэтай цудоўнай жанчынай. Мы, калегі, ганарымся ёю.

У 1984 годзе Надзея Андрэеўна па стане здароўя пакінула работу. Але працягвала весці актыўны лад жыцця, удзельнічала ў грамадскай рабоце, любіла чытаць вершы, спяваць ваенныя песні, жыва цікавілася тым, што адбываецца ў бальніцы.

Яна вельмі любіла жыццё і ўсім сэрцам ненавідзела вайну. І калі супрацоўнікі бальніцы ўносілі ўзносы ў Фонд міру, яна, не задумваючыся, аддавала ўсю сваю пенсію. І часта паўтарала: «Усё зможам перажыць, абы не было  гэтай праклятай вайны…»

За самаадданае служэнне людзям, гераізм і мужнасць Надзея Андрэеўна ўзнагаро­джана ордэнам Айчыннай вайны, медалём «За перамогу над Германіяй», яшчэ васьмю медалямі, у тым ліку такім дарагім для яе медалём «За абарону Масквы». І ў мірны час яна мела шмат заахвочванняў самага рознага ўзроўню.

Але самай галоўнай для яе ўзнагародай, як неаднаразова адзначала яна, былі шчаслівыя вочы і ўсмешкі салдат, якіх удалося выратаваць і вылечыць, іх простыя і шчырыя словы ўдзячнасці.

Надзея Андрэеўна не лічыла, што яна рабіла ў вайну нешта звышнатуральнае. Канечне, гэта з-за сціпласці. На самой справе праца медсясцёр, гэтых далікатных і гераічных жанчын, – сапраўдны подзвіг. Перад ваеннай медыцынай была пастаўлена найважнейшая задача – максімальна вярнуць байцоў у строй. І медыкі выканалі яе з гонарам.

Фота з архіва Міхаіла ВАЙЦЯХОВІЧА. 

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

1 апреля начальник отдела статистики проведет «горячую линию» по вопросам выплаты зарплаты

В понедельник, 1 апреля, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Телефон 8-01796 4-24-86.

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.