krupki.by

ru RU be BE en EN


Вада кіпела ад крыві і выбухаў

Автор / 70-летие Великой Победы / Среда, 17 июня 2015 10:59 / Просмотров: 2355

Сярод нашых землякоў, якія прадстаўляліся да звання Героя Савецкага Саюза, але не атрымалі яго, залатымі літарамі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны ўпісана і імя капітана Нікіфара Іванавіча Дзяменцьева.

Нарадзіўся ён у 1917 годзе ў вёсцы Острава Ігрушкаўскага сельсавета Крупскага раёна. 

Маці камандзіра 3-га стралковага батальёна 597 палка 188 стралковай дывізіі Лукер’я Іванаўна Дзяменцьева ў час вайны жыла на станцыі Галіцына Маскоўскай вобласці, у Пушкінскім завулку, у доме 65, кватэры 1, дзе і атрымала паведамленне аб смерці свайго сына.

Прызываўся наш зямляк у Чырвоную Армію ў 1940 годзе Маскоўскім гарадскім райваенкаматам. На фронт трапіў 22 верасня 1941 года (па іншых звестках – 22 чэрвеня 1941 года), дзе з радавога байца за тры гады вырас да капітана. І ўжо гэты факт яскрава сведчыць аб мужнасці нашага земляка, неардынарнасці яго асобы.

Вось радкі з узнагароднага аркуша Нікіфара Іванавіча Дзяменцьева, у якім ён прадстаўляўся да звання Героя Савецкага Саюза:

«Капітан Н.І. Дзяменцьеў на фронце Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года, у 595 стралковым палку са студзеня 1942 года. У палку Дзяменцьеў вырас ад намесніка палітрука да намесніка камандзіра батальёна па палітычнай часці. Удзельнік неаднакратных баёў з нямецкімі акупантамі. Тройчы паранены. Выконваючы абавязкі палітрука роты, у раёне вёскі Падбаравое Старарускага раёна Ленінградскай вобласці ў 1942 годзе таварыш Дзяменцьеў разам з ротай прарваў абарону праціўніка, раптоўным ударам з фланга прымусіў ворага бегчы са сваіх пазіцый і даў палку магчымасць выканаць баявую задачу. У гэтым баі Дзяменцьеў быў цяжка паранены, але, нягледзячы на гэта, знаходзіўся ў страі да таго часу, пакуль не выканаў загад камандавання…»

У гэтых скупых радках з узнагароднага аркуша не сказана пра тое, як 595 стралковы полк, у якім служыў наш герой, пры наступленні на Старую Русу ў ноч з 6 на 7 студзеня 1942 года вызваліў каля дзесяці населеных пунктаў, перарэзаў чыгунку «Старая Руса – Лычкова» і ўварваўся з захаду ў Старую Русу, дзе двое сутак батальён капітана А.Ф. Вялічкі і нашага героя мужна змагаўся з пераўзыходзячымі сіламі ворага. Гітлераўцы кідалі супраць чырвонаармейцаў пяхоту і танкі, спрабавалі знішчыць іх артылерыйскім агнём і бомбавымі ўдарамі авіяцыі, але батальён стаяў да апошняга байца. 9 студзеня 1942 года загінуў капітан Аляксей Фёдаравіч Вялічка і амаль увесь камандны састаў 595 стралковага палка. Наш зямляк капітан Н.І. Дзяменцьеў, які ўзяў на сябе камандаванне батальёнам, быў у чарговы раз паранены і накіраваны на лячэнне ў шпіталь. У Старой Русе пасля гэтых баёў засталіся некранутымі лічаныя будынкі і горстка чырвонаармейцаў, якія вымушаны былі адступіць па загадзе камандзіра палка.

Пасля вяртання са шпіталю капітан Н.І. Дзяменцьеў зноў удзельнічае ў баях за Старую Русу. Дывізія двойчы папаўнялася – у сакавіку і жніўні 1943 года, але несла вялікія страты ў баях. Загінуў у той час і камандзір дывізіі палкоўнік Міхаіл Рыгоравіч Валаховіч. 24 жніўня 1943 года дывізія была выведзена ў франтавы рэзерв, а пасля і ў рэзерв Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

Ноччу 4 кастрычніка 1943 года 188 стралковая дывізія пад камандаваннем палкоўніка Васіля Якаўлевіча Даніленкі пераправілася на правы бераг Дняпра каля Перавалачнай. Перад ёй была пастаўлена задача выбрацца з дняпроўскіх плаўняў на круты бераг на поўдзень ад Мішурына Лога і перарэзаць ракадную дарогу ад Камянчуга да Дняпрапятроўска.

З узнагароднага аркуша:

«Выключную смеласць, мужнасць і адвагу капітан Дзяменцьеў паказаў пры фарсіраванні ракі Днепр і ў баях па расшырэнні плацдарма на правым беразе Дняпра.

5 кастрычніка 1943 года Дзяменцьеў як намеснік камандзіра па палітчасці знаходзіцца на галоўным накірунку паласы свайго наступлення. Пры штурме вышыні 122,2 выйшаў са строю камандзір сёмай стралковай роты; у цяжкую хвіліну для роты і батальёна Дзяменцьеў узяў на сябе камандаванне ротай і павёў яе ў атаку. Нягледзячы на жорсткае супраціўленне ворага, рота таварыша Дзяменцьева першай выйшла на вышыню і замацавалася на ёй. Праціўнік тройчы пераходзіў у контратакі, але ўсе яны былі адбіты з вялікімі стратамі для яго. 

Праціўнік двойчы бамбіў баявыя парадкі роты. Натхняючы байцоў, сяржантаў і афіцэраў, Дзяменцьеў не дапусціў адступлення сваёй роты. І толькі асколак варожай бомбы назаўсёды вывеў са строю таварыша Дзяменцьева. Пасля цяжкага ранення Дзяменцьеў ад ран памёр на полі бою.

За адвагу і мужнасць, праяўленыя ў баях з нямецкімі акупантамі, капітан Дзяменцьеў дастойны прысваення яму звання Героя Савецкага Саюза».

Пад узнагародным аркушам стаяць прозвішчы камандзіра 595 стралковага палка гвардыі палкоўніка Куліка, камандзіра 188 стралковай дывізіі палкоўніка В.Я. Даніленкі. А далей пайшлі бюракратычныя ўзгадненні з рознымі органамі, праверкі ў надзейнасці прадастаўленых да ўзнагароды, пошукі ворагаў народа сярод іх, нават ужо мёртвых.

Загадам па войску 37 Арміі № 067/Н ад 16 лістапада 1943 года капітан Дзяменцьеў Нікіфар Іванавіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені пасмяротна.

Герою-земляку назаўсёды засталося 26 гадоў. І пахаваны ён на вышыні 122,2 за 1 км ад вёскі Мішурын Рог Верхнедняпроўскага раёна Днепрапятроўскай вобласці ў брацкай магіле разам з 5663 салдатамі і афіцэрамі Чырвонай Арміі, якія паляглі на гэтым стратэгічна важным плацдарме. Баі на ім працягваліся каля трох тыдняў. Дакладна невядома застаецца і дата смерці героя. Па адных звестках – 6 кастрычніка 1943 года, па іншых – 9 кастрычніка. Як успамінаюць ветэраны гэтых баёў, Днепр у тыя дні кіпеў ад снарадаў і крыві чалавечай.

Толькі за баі на гэтым стратэгічна важным плацдарме 116 чалавек атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Баі за вышыню 122,2, з якой на доўгія кіламетры была бачна мясцовасць, вяліся да 15 кастрычніка 1943 года, калі падышоўшыя асноўныя сілы 37 Арміі пераправіліся праз Днепр і разгарнулі імклівае наступленне на захад.

Міхаіл БАРАВУЛЯ, в. Старая Слабада.

Автор

admin

admin

Актуально

1 апреля начальник отдела статистики проведет «горячую линию» по вопросам выплаты зарплаты

В понедельник, 1 апреля, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Телефон 8-01796 4-24-86.

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.