krupki.by

ru RU be BE en EN


Ветэран фізічнай культуры і спорту Крупскага раёна Гаўрыіл Жызнеўскі адзначыў 80-гадовы юбілей

Автор / Земляки / Понедельник, 05 октября 2015 14:33 / Просмотров: 7625

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ўладзімір Ахрамчук і старшыня раённай спартыўнай ветеранскай арганізацыі Яўген Франчыкаў уручаюць юбіляру Грамату Мінскай абласной арганізацыі Беларускага ГА У дзень прафесійнага свята адзначае свой 80-гадовы юбілей настаўнік фізічнай культуры Гаўрыіл Адольфавіч Жызнеўскі. Усё сваё жыццё гэты чалавек прысвяціў спартыўнаму руху на Крупшчыне. Дзякуючы яго педагагічнай і трэнерскай рабоце, многія спартсмены нашага раёна дасягнулі значных вынікаў, сотні вучняў захапляліся фізічнай культурай і спасцігалі навуку здаровага ладу жыцця.

Закаты і досвіткі над роднай вёскай, першую спартыўную ўзнагароду – зборнік вершаў Янкі Купалы, сваіх калег і дзяцей. Ён усё памятае да драбніц, бо гэта прайшло праз яго сэрца.

Старшыня ветэранскай арганізацыі педагогаў Валянціна Скваркоўская прынесла днямі ў рэдакцыю інтэрв’ю з Гаўрыілам Адольфавічам. Вельмі цёплае і душэўнае. Як настаўнік з настаўнікам, яны гутарылі пра вучняў і калег, успаміналі гады працы.

– Гаўрыіл Адольфавіч, калі азірнуцца на дзяцінства, якім яно Вам уяўляецца?

– Гэта моцны падмурак усяго, што ёсць у мяне. З малых гадоў мне давялося спазнаць сялянскую працу, а, калі навучышся змалу рабіць усё сумленна, то так будзеш рабіць і надалей. А яшчэ я вельмі помню, як прыгожа ўстае і таямніча заходзіць сонца над роднай вёскай Сяліцкае.

– А ці памятаеце Вы першую сваю настаўніцу?

– Безумоўна! Пачаў я вучыцца ў Крупскай станцыйнай чыгуначнай школе, і ў Краіну ведаў нас павяла Яўгенія Мікалаеўна Хадасевіч. У памяці яна засталася як вельмі строгі і вельмі блізкі чалавек, які даваў нам веды і аддаваў сваю любоў.

– Калі Вы пасябравалі са спортам?

– У 7 класе, ужо ў Крупскай СШ № 2, я сур’ёзна зацікавіўся веласпортам. Першую сваю ўзнагароду – зборнік вершаў Янкі Купалы – атрымаў за ўдзел у абласных спаборніцтвах. 

Гаўрыіл Жызнеўскі– Прафесійна ў спорт самі вырашылі пайсці?

– Параіўся з настаўнікам фізкультуры, падаў дакументы ў інстытут фізічнай культуры і паступіў. Працаваў у Худавецкай, Нацкай школах, трэнерам у дзіцячай спартыўнай школе. З цеплынёй успамінаю дырэктара ДЮСШ  Станіслава Пятровіча Закрэўскага, які вучыў нас, маладых, працаваць на высокі вынік. Я рыхтаваў дзяўчат па веласпорце, яны былі членамі каманды Мінскай вобласці. Па выніках выступлення было першае месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах, за што я атрымаў першую Грамату міністэрства асветы.

– Шмат гадоў Вы адпрацавалі ў школе, у якой самі і вучыліся.

– Так, у 1967 годзе па прапанове дырэктара Панцеляймона Барысавіча Барысава перайшоў у Крупскую станцыйную сярэднюю школу. Там працаваў да 2002 года, а затым быў трэнерам па агульнай фізічнай падрыхтоўцы ў Крупскай ДЮСШ.

– Ведаю, ваша сям’я – настаўніцкая…

– Так, мая Галіна Яраславаўна шмат гадоў выкладала хімію, была на адміністрацыйнай рабоце, дзеці яе вельмі любілі. На жаль, пайшла ўжо яна з гэтага свету… Радасць для мяне – дзеці, унукі, ёсць маленькі праўнучак. Амаль кожны дзень хтосьці з іх наведвае. Я адчуваю сябе вельмі бадзёра, бо мае сябры – здаровы лад жыцця, клопаты па гаспадарцы, сустрэчы з цікавымі людзьмі.

– Раскажыце, калі ласка, пра сваю выкладчыцкую і трэнерскую работу.

– Ведаеце, пра гэта я магу гаварыць вельмі і вельмі многа. Але зараз спынюся на галоўным. Я з добрым пачуццём думаю пра сваіх вучняў, ганаруся імі. Рады за свайго выхаванца Аляксея Хацкевіча, які шмат дасягнуў  у лёгкай атлетыцы. З павагай успамінаю калег Міхаіла Міхайлавіча Камарова, Анатоля Іванавіча Валаховіча, Уладзіміра Сяргеевіча Мельніка, Пятра Сяргеевіча Мельніка і іншых.

Я заўсёды імкнуўся, каб дзеці палюбілі фізкультуру і спорт, каб яны не баяліся, што ў іх нешта не атрымліваецца, каб займаліся ў радасць. І я шчаслівы, калі ў мяне гэта атрымлівалася.


Панцеляймон Барысавіч БАРЫСАЎ, Валянціна Іванаўна СКВАРКОЎСКАЯ, Гаўрыіл Адольфавіч ЖЫЗНЕЎСКІ, 1976 год.…Мы доўга размаўлялі з Валянцінай Іванаўнай пра юбіляра, глядзелі старыя фотаздымкі. Гаўрыіл Адольфавіч – асоба ў раёне вядомая, шмат пісала пра яго наша газета. І прыйшлі да высновы, што калі чалавек актыўны і нераўнадушны, то гэта праяўляецца ва ўсіх накірунках яго жыцця і дзейнасці. Да прыкладу, Гаўрыіл Адольфавіч 14 гадоў узначальваў школьную партарганізацыю. У прафесійнай дзейнасці шмат чаго рабіў, як кажуць, з нуля. Школьны стадыён і спартыўная зала былі ў выдатным стане і, што самае галоўнае, вельмі запатрабаваныя і дзецьмі, і дарослымі. Валянціна Іванаўна ўспомніла і асабістае: «З асаблівым хваляваннем я гавару пра гэтага чалавека яшчэ і таму, што ён быў вельмі прынцыповым настаўнікам і ў мяне, як у маладога спецыяліста ў Крупскай станцыйнай сярэдняй школе, дзе я правяла свае першыя ўрокі. Немагчыма падлічыць, колькі людзей ведаюць Гаўрыіла Адольфавіча. Думаю, што ў юбілей у яго доме не будзе змаўкаць тэлефон, а віншаванні будуць самыя шчырыя».

Праз гэтую размову мы ўспомнілі з Валянцінай Іванаўнай шмат добрых настаўнікаў, і гэтыя ўспаміны закранулі і сагрэлі душу. Сярод іх – адзін чалавек, які пакінуў вельмі глыбокі след у педагагічнай галіне раёна. Гэта дырэктар Крупскай пасялковай сярэдняй школы Панцеляймон Барысавіч Барысаў. На жаль, яго ўжо даўно няма на гэтым свеце, але з асаблівым пачуццём яго помняць многія. Застаўся ён і ў маёй дзіцячай памяці. Дырэктарам застала яго толькі ў самым пачатку маёй вучобы, але памятаю яго добрую строгасць, бездакорную дысцыпліну і парадак у школе, натхнёнасць дзяцей і прафесійны ўзровень педагогаў. У той час мая бабуля, Яўгенія Мікалаеўна, працавала настаўніцай пачатковых класаў, і я была ў школе ледзь не з нараджэння. Помню, што гаварылі пра яго і ў настаўніцкім, і ў вучнёўскім асяроддзі. Выказаць гэта можна двума словамі – неаспрэчны аўтарытэт.

Унізе: настаўнікі фізкультуры СШ №2 – Іван Пятровіч СМІРНЯГІН, Выдрыцкай СШ –  Уладзімір Аляксандравіч ШЫНКЕВІЧ, Нацкай СШ – Альберт Іванавіч ШПАК; уверсе:  настаўнікі фізкультуры Крупскай пасялковай СШ Гаўрыіл Адольфавіч ЖЫЗНЕЎСКІ, СШ №2 – Франц Іосіфавіч КАЗЛОЎСКІ, дырэктар ДЮСШ Пётр Мікалаевіч АЛЯХНОВІЧ, трэнер па лёгекай атлетыцы ДЮСШ Алена Еўстаф’еўна АЛЯХНОВІЧ, 2003 год.

Панцеляймон Барысавіч – асоба сапраўды легендарная. Нарадзіўся ён у далёкім 1921 годзе ў Краснаармейскім раёне Чувашскай АССР у сялянскай сям’і. Паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1942 годзе прызваны ў армію: танкавае вучылішча, фронт. Ваяваў камандзірам танкавага ўзвода на другім Беларускім фронце, паранены ў баях. Быў удзельнікам Парада Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве. Пасля вайны працягваў службу ў танкавых войсках. Затым давучыўся ва ўніверсітэце, было гэта ў 1959 годзе. Пасля гэтага 26 гадоў быў дырэктарам Крупскай пасялковай сярэдняй школы. На яго грудзях зіхацелі ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені, 8 медалёў, сярод узнагарод – Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР. Памятаю, як брала ў яго інтэрв’ю. Гэта быў другі журналісцкі матэрыял у маім жыцці і было мне тады 18 гадоў. Інтэлігентны і сціплы чалавек з разумнымі вачыма і добрым сэрцам. Мне было спакойна працаваць, бо ён разумеў, як цяжка рабіць першыя крокі, і стараўся дапамагчы сваёй шчырасцю і дакладнасцю ў апавяданні. Што ж, сапраўдны настаўнік. 

Дарэчы, добра памятаю я і свой першы матэрыял, які выйшаў у друк у раённай газеце. І быў ён пра нашу выхавальніцу ў дзіцячым садку пасёлка Крупскага Таісію Данілаўну Пручкоўскую. Я і зараз магу яго цытаваць. Таісія Данілаўна нават і не ведала, што я пра яе пішу, не было і інтэрв’ю. І, хоць прайшло дзесяць гадоў, як мы пайшлі з садка, для свайго журналісцкага дэбюту я выбрала менавіта яе, і ўжо зараз разумею: таму, што першы крок лягчэй рабіць з чалавекам, які сапраўды блізкі. Нашы маленькія сэрцы адчувалі да сябе сапраўдную любоў, і яна запомнілася нам назаўсёды.

Настаўніцкі калектыў Крупскай пасялковай СШ на навагоднім свяце, 1956-60 год.

Бясспрэчна, ролю настаўніка ў жыцці чалавека немагчыма пераацаніць. Асабіста ў мяне паваротным этапам у свядомасці стала сустрэча з настаўніцай рускай мовы і літаратуры Тамарай Аляксееўнай Андрэевай, чалавекам вельмі адукаваным і таленавітым. Гэта яна змагла ўбачыць у мяне нешта падобнае на здольнасці. Памятаю, як бегла, шчаслівая, дадому, прыціскаючы сшытак, дзе за сачыненне стаяла адзнака 10/2. Зараз ужо можна прызнацца: за што трэба, за тое – 2, за што трэба, за тое – 10 (па пяцібальнай тады сістэме!). Зразумела, такая адзнака ў журнал не пайшла, але гэты нестандартны педагагічны ход магутным акцэнтам застаўся ў маёй душы. Дарэчы, двоек больш і ў паміне не было, пасаромела яна мяне вельмі. А дзясятка перайшла ў маю асабістую ўпэўненасць, у трывалую любоў да мовы, літаратуры, і ў выніку да журналістыкі, якой прысвяціла ўсё сваё жыццё.

Дзень настаўніка – свята, у якое ўсе мы ўспамінаем сваіх перагогаў, свае школьныя гады. І, хаця далёка не заўсёды здымаем трубку тэлефона, каб павіншаваць, няхай нашы настаўнікі не крыўдуюць і ведаюць, што мы іх помнім і любім.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

1 апреля начальник отдела статистики проведет «горячую линию» по вопросам выплаты зарплаты

В понедельник, 1 апреля, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Телефон 8-01796 4-24-86.

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.