krupki.by

ru RU be BE en EN


Нас ніхто не асіліць спыніць, Пагасіць камсамольскае сонца!

Автор / Паралелі часу / Среда, 17 октября 2018 09:02 / Просмотров: 1481

Камсамольцы 20-х, 30-х. Сёння нам цяжка нават уявіць, як жыла і працавала гэта смелая моладзь. Але ў нас ёсць унікальная магчымасць даведацца пра асобныя моманты з таго няпростага і па-свойму рамантычнага часу. Гартаем кнігу кандыдата гістарычных навук Дзмітрыя Хромчанкі, якая мае рабочую назву «Наша Крупшчына». Праўда, пакуль толькі электронны варыянт, бо яна да сёння яшчэ не надрукавана. Там – вельмі цікавае выбранае з гістарычнага камсамольскага мінулага Крупскага раёна.

Ітак, сярэдзіна 20-х, час, калі толькі ўтварыўся раён і ў складаных умовах ішло станаўленне новага ладу жыцця. Моладзь з уласцівай ёй успрымальнасцю да ўсяго новага была найбольш актыўным правадніком ідэй маладога савецкага грамадства. Роля камсамольцаў была вельмі значнай у сельскай мясцовасці, дзе былі яшчэ нешматлікія партыйныя арганізацыі. Камсамол жа Крупшчыны ўжо ў першыя гады ўтварэння раёна налічваў больш за 300 чалавек. Своеасаблівая моладзевая рамантыка таго часу праяўлялася нават у дробязях. «Камсамольцы тады мелі форму: цёмнага колеру гімнасцёрка, спадніца, праз плячо раменьчык і абавязкова чырвоная касынка», – узгадвала камсамолка тых гадоў Раіса Уладзіміраўна Красоўская з пасёлка Крупскі. Апісанне дапаўняе камсамолец 30-х Ісак Абрамавіч Дубман з Крупак: «Кашуля цёмна-зялёнага колеру, штаны і гетры для юнакоў, у дзяўчат – форменная спадніца».

Гэтыя два чалавекі вельмі адметныя – сельскія інтэлігенты, настаўнікі, працавалі ў вясковых школах. А такія людзі былі, бадай, галоўнымі ініцыятарамі і арганізатарамі ўсіх спраў. У першыя гады Савецкай улады галоўнай задачай было пабароць непісьменнасць. Не хапала многага, але ў людзей было жаданне вучыцца. І ў гэтым была вялікая заслуга маладых настаўнікаў. Калі ўгледзецца ў здымак, дзе настаўнікі Крупскага раёна ў 30-я гады, то можна ўбачыць, што ўсе яны – вельмі маладыя.

У сваіх успамінах маладыя камсамольцы таго часу ўзгадваюць, як па іх ініцыятыве будаваліся клубы і адкрываліся хаты-чытальні, дзейнічалі драматычныя гурткі і разнастайныя мастацкія калектывы, арганізоўваліся калгасы і г.д. У 1925 годзе, да прыкладу, у Абчузе камсамольцы і моладзь за год паставілі 12 спектакляў, з іх 4 платныя. Моладзь вёскі Нача абсталявала з закінутага хлява свой тэатр, самі рабілі касцюмы, ставілі спектаклі. У Бабры моладзь абсталявала радыёвузел, праз які перадавалі мясцовыя навіны, спявалі песні і прыпеўкі на надзённыя тэмы. Трэба адзначыць, што ўстановы культуры тады былі і цэнтрам правядзення палітыкі маладой савецкай улады, агітацыйна-масавай работы. І завадатарамі былі камсамольцы.

Час тады быў вельмі неспакойны, небяспечны, час разгулу бандытызму. Узброеныя атрады бандытаў нападалі на вёскі, рабавалі, забівалі актывістаў. Нападалі бандыты і падчас правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Так было, напрыклад, у Хацюхова, калі камсамольцы ладзілі спектакль. Тады сакратаром камсамольскай арганізацыі там быў Міхась Мікалаевіч Клімковіч – настаўнік, затым ён стаў вядомым пісьменнікам, аўтарам слоў да Дзяржаўнага гімна «Мы – беларусы». Гэта быў сапраўдны важак, які разам з камсамольцамі Хацюхоўскай ячэйкі стаў байцом атрада асобага прызначэння і абараняў вёску ад бандытаў.

Для барацьбы з бандытызмам у Крупскім раёне быў створаны «батальён баявога згуртавання». Адна рота складалася з актыву былога Халопеніцкага раёна, другая – Крупскага раёна. Батальён быў узброены стралковай зброяй, праводзіліся заняткі па баявой і тактычнай падрыхтоўцы. Разам з атрадамі міліцыі ён разгарнуў актыўную дзейнасць, і бандытызм пачаў паступова заціхаць.

Камсамольцы тады праводзілі вельмі маштабную дзейнасць, арганізоўвалі міжнародныя таварыствы дапамогі, гурткі, збіралі сродкі на будаўніцтва падводных лодак і самалётаў, арганізоўвалі прапагандысцкія мітынгі. Адметнасцю таго часу былі аэраклубы. Пафас палётаў занатаваў у сваім вершы вядомы беларускі паэт Міхась Калачынскі, які тады быў літаратурным супрацоўнікам у рэдакцыі раённай газеты:

 

Самалёт, абняты сінявой,
Лез вышэй, да белых аблачынак,
І ўраніў высока над зямлёй
З парашутам смелую дзяўчыну…
А яна спускалася ніжэй –
Да зямлі, да траў яе вясёлых,
Як святая ў вачах людзей –
Як адважны сонечны анёлак.

У 1920-1930 гадах членства ў камсамоле не было фармальным. Моладзь актыўна ўнікала ва ўсе гаспадарскія, палітычныя і культурныя праблемы. Газета «Звязда» 22 лістапада 1924 года пісала: «Асабліва вызначыліся некаторыя вясковыя ячэйкі, што стварылі сельскагаспадарчыя дружыны па ворыве зямлі сем’ям чырвонаармейцаў. Частка ячэек стварыла пажарныя дружыны, якія былі праваднікамі меліярацыі».

Падчас калектывізацыі камсамольская моладзь была актыўнай стваральніцай калгасаў. Часам у вострай барацьбе. Напрыклад, у вёсцы Дзянісавічы быў учынены пагром у доме камсамольца С.Кляшчонка, калі той адмовіўся ад выхаду з калгаса, у Прыяміна праціўнікамі калектывізацыі быў разагнаны сход, які праводзіла мясцовая ячэйка камсамола сумесна з камітэтам беднаты.

Настаўнікі Крупскага раёна, 1935 год.

Цялятніца калгаса імя І.В. Сталіна Смародзінскага сельсавета Ульяна Кунічкіна пісала ў раённай газеце: «Было цяжка – калектывізацыя ж новая справа. А тут яшчэ кулакі падбівалі нашых маладых калгаснікаў на развал калгаса. Але хутка мы ворагаў прагналі, узяўшыся як след за наладжванне і паляпшэнне новага калгаснага жыцця».

Акрамя заклікаў уступаць у калгас важкім аргументам былі канкрэтныя справы. Маладыя трактарысты, якія здзіўлялі і натхнялі сваім прыкладам вяскоўцаў. Маладыя даяркі, што дабіваліся 8-9 кілаграмовых надояў ад кожнай каровы і ставілі сабе задачы дабіцца 3000 літраў малака ад каровы за год, калі тым часам надоі не перавышалі 700-1000 літраў. Было шмат смелых заяў, да здзяйснення якіх ішла камсамольская моладзь. У калгасе «Бальшавік» Шэйкаўскага сельсавета было асушана 60 гектараў забалочаных зямель. Тут была створана камсамольска-маладзёжная брыгада на чале з сакратаром камсамольскай арганізацыі Рамановічам. Члены гэтай брыгады Рэут, Казлоў, Змітраковіч, Кавалёў і Барадач выконвалі дзённыя нормы на 250-300%!

Рыгор Хацкевіч, у будучым вядомы паэт і пісьменнік, у маі 1935 года на старонках раённай газеты ў паэтычнай форме пісаў пра лепшых прадстаўнікоў крупскай моладзі. У прыватнасці, пра брыгадзіршу Станіславу (на жаль, мы дакладна не ведаем яе прозвішча, а можа, гэта такі зборны вобраз тагачаснай камсамолкі, але верш сапраўды цудоўны):

У каго такая слава!
Як у нашай Станіславы?..
…У калгаснае праўленне
Паштавік прынёс пакет.
У пакеце – на здзіўленне
Аграмаднейшы партрэт.
Яго з карткі фігуральнай
Па заказу старшыні
У Барысаве здымалі
Сама лепшыя майстры.
На яго ў чытальню кожны
Любавацца прыхадзіў.
Ён падпісаны прыгожа:
«Станіслава – пераможны
Камсамольскі брыгадзір».

Можна прыводзіць шмат прыкладаў ударнай працы і важкіх дасягненняў тагачасных камсамольцаў. Наш зямляк, класік беларускай літаратуры Міхась Калачынскі ў раённай газеце ў 1936 годзе апублікаваў такі верш (у анталогію твораў Калачынскага не ўключаны і, можна лічыць, што з таго далёкага часу друкуецца ўпершыню):

МАЁ ПАКАЛЕННЕ

У маім пакаленні
Яны –
З баявое братвы камсамольцы.
Хто прыбой наш
Асіліць спыніць,
Пагасіць стосвячовае сонца?
У паход
За высокі ўраджай
Выйшаў трактар – раняючы лёскат.
Дажыла
Свае хвалі мяжа,
Датрухлела жабрацкая вёска.
І фабрычны,
Заботлівы дзень…
Заспяваў індустрыйным ён маршам.
Так наш Сталін
Краіну вядзе, –
Вядзе ўпэўнена партыя наша.
Ў гэтых справах
Прываблівых ёсць
Нашых спраў баявыя асколкі.
Значыць, ёсць:
Камсамол, маладосць –
Камсамольцы, сябры, камсамолкі.
Нават гэта –
Сяброўка вясна
Жоўтай восенню, сцюжай, зімою
Не хадзіла
Ніколі без нас,
Без білета майго камсамола.
Пакаленне!
Ты мой камсамол
У кантакце з жыццём,
з пабудовай –
Ты змагацца,
Ты вырасці змог,
Быць на варце граніцы
і слова!
Ты не знаеш,
Таварыш, зусім
Хоць бы мала прыкметнага суму,
Ты цвіцеш
Прыгажэй за вясны,
Апрануўшыся слаўным юнгштурмам.
Камсамол
Загартованы мой,
Сэрца флота, заводаў і рудняў.
Праз змаганне, работу,
Праз бой –
Ты прыйшоў да 20 МЮДа.
У маім пакаленні –
Яны
Радавыя ўсе камсамольцы.
Нас ніхто
Не асіліць спыніць,
Пагасіць камсамольскае сонца!
(МЮД – Міжнародны юнацкі дзень, міжнароднае свята моладзі, якое праводзілася ў 1915 – 1945 гадах).

 

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Актуально

1 апреля начальник отдела статистики проведет «горячую линию» по вопросам выплаты зарплаты

В понедельник, 1 апреля, с 8.00 до 17.00 (перерыв с 13.00 до 14.00) начальником отдела статистики Крупского района КАРЕЦКОЙ Еленой Леонидовной будет проводиться «горячая линия» по вопросу несвоевременной выплаты заработной платы. Телефон 8-01796 4-24-86.

30 марта "прямую ли­нию" проведет заместитель председателя райисполкома

В субботу, 30 марта, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную ли­нию проведет заместитель председателя Крупского районного исполнительного комитета ГАНЧАР Анатолий Владимирович. Телефон 2-77-47.

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.