– На выставе прадстаўлены творы тых, каго Крупшчына ўзрасціла і благаславіла на нялёгкі творчы шлях, для каго яна стала домам і крыніцай літаратурага натхнення, – зазначыла падчас нашай сустрэчы дырэктар Крупскай раённай бібліятэкі Наталля Купрыянава. – На паліцы ў алфавітным парадку размешчаны кнігі добра вядомых нам людзей – Адама Багдановіча, Аляксандра Барадача, Валерыя Грышановіча, Дуніна-Марцінкевіча, Васіля Зуёнка, Міхася Калачынскага, Таццяны Каваленка, Змітрака Мрозава, Барыса Макарэвіча, Міхася Пацёмкіна, Рыгора Хацкевіча, Івана Шуцько, Алены Якаўлевай і многіх іншых. Прыцягваюць увагу нашых чытачоў таксама кнігі Васіля Старычонка і Дзмітрыя Хромчанкі. Асобна хочацца сказаць пра вітрыну “Кніга з аўтографам”. На памяць аб наведванні раённай бібліятэкі на сваіх выданнях аўтографы паставілі Іван Цітавец, Антаніна Шаркова, Таццяна Каваленка, Леанід Бокуць. Вось гэтаму фотаздымку ўжо 10 гадоў і зроблены ён падчас сустрэчы, прысвечанай святкаванню Дня беларускага пісьменства і друку. А напрыканцы запрашаю ўсіх прыхільнікаў паэзіі наведаць нашу выставу.