– Ініцыятыву падтрымалі ўсе і з энтузіязмам уключыліся ў работу, – расказваў начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Андрэй Крыгін. – Усюды адчуваліся працоўны ўздым, зладжанасць у рабоце і, канечне ж, добры настрой ад таго, што ўсе робяць важную і патрэбную справу. Не буду называць тыя арганізацыі і ўстановы, якія наводзілі парадак у горадзе, а скажу крыху аб зробленым. Пагадзіцеся, што сам горад толькі за адзін дзень змяніўся ў лепшы бок. І гэта дзякуючы ўбранай уязной частцы Крупак, чыстаму і прыгожаму гарадскому парку, убранай берагавой лініі ракі Бобр, добраўпарадкаванай дарозе да новых могілак, сабранаму смеццю ля прыпынку «Новае Жыццё». У гэты ж дзень былі прыбраны пад’язныя шляхі да Крупкі-2 і дваровая тэрыторыя гарадка, наведзены парадак у мікрараёне «Паўночны», вялася таксама пасадка маладых дрэў.
Дададзім, што заробленыя падчас суботніка грошы будуць пералічаны на разліковы рахунак раённага выканаўчага камітэта і пойдуць на далейшае добраўпарадкаванне горада.