krupki.by

ru RU be BE en EN

6 дзесяцігоддзяў ідуць абруч Мікалай і Любоў Дворнікавы з пасёлка Язбы



6 дзесяцігоддзяў ідуць абруч Мікалай і Любоў Дворнікавы з пасёлка Язбы

Автор / Общество / Среда, 08 января 2020 13:15 / Просмотров: 1131

Адразу раскрыем сакрэт. Аб тым, што ў нас у раёне з’явіліся брыльянтавыя, або дыяментавыя юбіляры, у рэдакцыю паведаміла начальнік аддзела загс Крупскага райвыканкама Святлана Гарнак. Знамянальная падзея адбылася 30 снежня 2019 года.

І гэты дзень, дарэчы, быў адметным на працягу доўгага шляху юбіляраў. Менавіта 30 снежня 1959 года звязалі свой лёс раз і назаўсёды Мікалай Фёдаравіч і Любоў Апанасаўна. Згодна іх слоў, святкавалі яны і сярэбранае, і жамчужнае, і залатое вяселлі. Але, бадай, самым светлым і прыемным назаўсёды застаецца ўспамін аб тым, першым, такім далёкім, і такім блізкім. Шэсцьдзясят гадоў прайшло з таго дня, а ім здаецца, што гэта было зусім нядаўна. Яны – маладыя, прыгожыя, натхнёныя... Шматлікія фатакарткі сям’і дачка Ірына змясціла на маляўнічых плакатах, што развесіла ў зале на сцяне.

Мікалай і Любоў Дворнікавы
Мікалай і Любоў Дворнікавы

Але вернемся да сённяшняга дня. Цеснавата было ў доме нашых юбіляраў у мінулы панядзелак 30 снежня 2019 года. У госці да іх завіталі начальнік аддзела загс Крупскага райвыканкама Святлана Гарнак, інспектар аддзела кадраў філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ № 164» Ала Мацюшонак, дзе ў свой час працаваў Мікалай Дворнікаў, упраўляючы справамі Акцябрскага сельвыканкама Людміла Паддубская і іншыя.

Не перадаць тых пачуццяў, якія зведалі нашы юбіляры: абдымкі, віншаванні, падарункі, успаміны...

На пачатку ўрачыстасці Людміла Паддубская прачытала пранікнёны верш, адрасаваны юбілярам з нагоды 60-годдзя сумеснага жыцця, і зазначыла:

– Шаноўныя Мікалай Фёдаравіч і Любоў Апанасаўна! Якраз 30 снежня 1959 года вы прыйшлі ў Заборскі сельсавет, каб зарэгістраваць свой шлюб. Тады вы далі адзін аднаму клятву кахаць і пражыць доўгае сумеснае жыццё. І сёння мы адзначаем, што вы з гонарам выканалі дадзенае ў тыя далёкія гады абяцанне і абавязак: стварылі моцную сям’ю, у вас ёсць самае каштоўнае багацце – трое дзяцей і дзевяць унукаў.

І тут жа прайшла ўрачыстая рэгістрацыя. Свае подпісы ў акту запісу аб рэгістрацыі вяселля паставілі Мікалай Фёдаравіч і Любоў Апанасаўна. Віншаваннем адзін аднаго стаў першы брыльянтавы сямейны пацалунак. А пасля Мікалай Фёдаравіч тройчы пацалаваў сваю Любоў: першы раз – па-царску, другі раз – па-рыцарску, трэці раз – па-хрысціянску.

 

У адрас юбіляраў прагучалі вершаваныя радкі з вуснаў Людмілы Антонаўны, зварот да дзяцей юбіляраў, з каго можна браць прыклад: «Залатыя рукі маці, якія выняньчылі вас, залатыя рукі бацькі, які пабудаваў дом, пара залатых сэрцаў, якія любяць вас, дзве залатыя душы, якія перажываюць за вас, дзе б вы не знаходзіліся, залатыя словы бацькоў, якія дапамагаюць вам жыць. Усё гэта брыльянтавы здабытак вашай сям’і. Вось як шмат у вас ёсць. Ніводзін банк не мае столькі багаццяў».

Ізноў віншаванні і самыя шчырыя пажаданні, кветкі і сувеніры ўручыла Ала Мацюшонак, іх перадалі юбілярам начальнік Крупскага ўчастка паштовай сувязі Людміла Пацэева і дырэктар Крупскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Варановіч.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта шчыра і сардэчна павіншавала нашых слаўных юбіляраў начальнік аддзела загс Святлана Гарнак. А ад супрацоўнікаў аддзела Святлана Фёдараўна ўручыла памятны адрас, набор цукерак і бутэльку шампанскага. Яшчэ доўга ў той дзень гучалі віншаванні ад усіх прысутных.

На памяць засталіся запіс акта № 28 аб заключэнні брыльянтавага вяселля ад 30 снежня 1959 года – 30 снежня 2019 года, шматлікія букеты цудоўных кветак, падарункі...

А затым пачаліся ўспаміны. Любоў Апанасаўна зноў нагадала: «Колькі гадоў жывём, заўсёды спраўляем адметныя даты». Дарэчы адзначыць, што і ўсіх нас яшчэ на ганку яна сустрэла наступнымі словамі: «Приходите в мой дом, мои двери открыты, буду песни вам петь и вином угощать...» Практычна так і адбылося. Любоў Апанасаўна паведаміла, што ўжо сёння з самай раніцы тэлефанавалі браты з Валгаграда і Барысава, сястра з Мінску, усе знаёмыя, а таксама тыя, з кім працавала ў свой час.

На наша пытанне, як адбылося знаёмства, Любоў Апанасаўна адказала: «Наша дзяцінства і юнацтва праходзілі амаль побач: Мікалай нарадзіўся ў пасёлку Язбы, а я  – у cуседняй вёсцы Харытанцы. Хаця і вучыліся мы ў адной і той жа школе, але ніякіх сімпатый адзін да аднаго не мелі. Ён наогул на танцы не хадзіў. А тут раптам сваты... Разгубілася, не адразу і пагадзілася...»

Пасля заканчэння Язбоўскай сярэдняй школы дзяўчына хацела паехаць у Мінск, але ж тады ў горадзе было нялёгка прапісацца. Так і засталася ў Харытанцах, пачала загадваць хатай-чытальняй. Маладой, ініцыятыўнай, баявой Любові ўдалося згуртаваць ля сябе такую ж актыўную моладзь. Разам удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці, ставілі канцэрты, арганізоўвалі танцы. Так прайшло паўтары гады. «А тут і жаніх з’явіўся.., – падкрэсліла Любоў Апанасаўна. – Аказваецца, мяне заўважыў яго браценік і сказаў Міколу: «Маўляў, глядзі, баявая, умелая, спраўная...» А той і ўпадабаў мяне».

– Мне ты і сёння любая, мая Любаня, – уступіў у размову Мікалай Фёдаравіч.  – А памятаеш, якое ў нас вялікае, вясёлае застолле было 60 гадоў таму? Але ж, каб пражыць столькі гадоў разам, аднаго кахання мала. Жыццё ёсць жыццё. Пажаніліся, нарадзіўся сын, а бедната была, не расказаць. Не мог раздумацца, як гэта так, малако майму сыночку носіць швагер, бо ў нас каровы не было...

Мікалай яшчэ да жаніцьбы тры гады вучыўся ў Маскве ў будаўнічым вучылішчы. Меў добрую спецыяльнасць, таму і надумаў завербавацца на год на цаліну, каб заробіць грошай. Прыехаў цягнік, а тут прадстаўнікі геолагаразведчай экспедыцыі прапанавалі работу, і яны, чалавек 10, паехалі. Папрацаваў хлопец тры месяцы, атрымаў грошы і дадому. Адразу ж і купіў карову, бо без яе ў вёсцы – ты не гаспадар.

У хуткім часе ўладкаваўся Мікалай Фёдаравіч у дарожна-будаўнічую арганізацыю, дзе і адпрацаваў 24 гады. Узводзіў прыпынкі амаль па ўсім раёне: у Калодніцы, Лютых, Прошыцы, Абчузе... Дарэчы, Мікалай Фёдаравіч і пячнік дбайны,  як ён казаў, можа 80, а можа і 90 печак зрабіў ва ўсім наваколлі.

Не сядзела без справы і Любоў Апанасаўна:

– Спачатку працавала ў саўгасе паляводам, тры гады – у Дубах на свінаферме, а вось апошнія 20 гадоў, да выхаду на заслужаны адпачынак, – у паштовым аддзяленні вёскі Прошыка. Разносіла газеты, часопісы, пісьмы, паштоўкі, тэлеграмы ў вёскі Гузовіна, Дубы, пасёлак Язбы і вёску Язбы. Як кажуць, наматвала за дзень кіламетраў 20. За спіной – паштовая сумка, а яшчэ і наперадзе ноша. Тады ж людзі выпісвалі па некалькі экзэмпляраў перыёдыкі, пісалі пісьмы, з кожнай адметнай датай дасылалі паштоўкі...

Кажуць, шлюб – гэта заўсёды барацьба: спачатку за аб’яднанне, потым за раўнапраўе і, урэшце, за незалежнасць. У нашых юбіляраў барацьба ішла толькі за аб’яднанне, потым панавалі згода ды каханне. І сваё ўменне жыць, верыць, любіць яны перадалі дзецям. Развітваючыся, усе мы жадалі слаўным юбілярам доўга жыць разам, кахаць і паважаць адзін аднаго, і яшчэ неаднойчы чуць: «Горка!»

Фота Аляксандра БУДЗЬКО.

Автор

admin

admin

Актуально

В Крупской ЦРБ работает Центр дружественный подросткам «Радуга»

По всем вопросам сохранения репродуктивного здоровья, современной контрацепции, профилактике зависимостей, кожно-венерологических заболеваний, психологической помощи, формирования здорового образа жизни вы получите консультацию специалистов Центра! Помощь может быть оказана анонимно.

График работы: Понедельник-пятница: 8.00-17.00, обед 13.00-14.00. Центр расположен на 2-м этаже лечебного корпуса, кабинет 18. Консультация проводится по предварительной записи по тел. 5-51-11

Please publish modules in offcanvas position.