Палотны ў новай экспазіцыі выкананы мастакамі, чый шлях у мастацтве пачынаўся або быў звязаны з крупскай зямлёй. Усе яны аб’яднаны адной тэмай – выявы родных куткоў, знаёмых кожнаму крупчаніну.
Асноўнымі і ўпадабанымі накірункамі творчасці нашых мастакоў з'яўляюцца жанры пейзажу і нацюрморту, кампазіцыі якіх адрозніваюцца яркасцю, сакавітасцю фарбаў і натуральнасцю.
Наведвальнікаў выставы асабліва прыцягнуць палотны, напісаныя з натуры, на якіх адлюстравана натхнёная прыгажосць роднага краю. Гэта і «гарбатыя» масткі праз раку Бобр, урочышча Лебартова, праваслаўны храм Свяціцеля Мікалая Цудатворцы, усім вядомае возера Сялява і г.д. У карцінах мастакоў-землякоў адлюстраваны кожны момант жыцця прыроды, натуральным здаецца нават паветра, можна быццам адчуць водар кветак, траў, раніцы і інш. Многія работы зачароўваюць, напаўняюць душу святлом, дзівяць адчуваннем прасторы. Гледзячы на гэтыя выявы родных сэрцу месцаў, дзе ты нарадзіўся, вырас і жывеш, адчуваеш гонар за тое, што на крупскай зямлі ёсць такія таленавітыя майстры пэндзлю.
Карціны нашых мастакоў напоўнены дабрынёй і цёплай энергетыкай, яны адрозніваюцца ад іншых тым, што пакідаюць прыемныя ўспаміны пра нашу малую радзіму. Куды б ні закінуў чалавека лёс, але назаўжды ў яго сэрцы застанецца той родны, мілы, утульны і любімы куточак роднай зямлі.
Запрашаем наведаць выставу жывапісу мастакоў крупскай зямлі, якая працягнецца да 31 сакавіка.
Хрысціна ЖУКАВА, навуковы супрацоўнік Крупскай мастацкай галерэі.