Езус з’яўляецца пасхальным ягняткам, дзякуючы якому смерць не мае ўлады над тым, хто верыць. «...Пасха нашая, Хрыстос, ахвяраваны за нас!» (1Кар.5:7)

Аднойчы нам давядзецца пакінуць гэта жыццё. Мы выразна ўсведамляем сваё бяссілле перад смерцю, і можна было б упасці ў смутак, калі б Бог не пакінуў нам надзею на Вечнае Жыццё.

Служэнне Збавіцеля не скончылася Яго смерцю і магілай. Больш за тое, уваскрэсенне Хрыста было не простым вяртаннем да жыцця, але Яго святое цела стала якасна іншым, не схільным да старэння, хваробы, смерці.

У Бібліі для нас пакінута яснае і вялікае абяцанне, выяўленае словамі апостала Паўла, у 1-м пасланні да Карынцянаў 6:14: «Бог уваскрасіў Госпада і нас уваскра­сіць Сваёй моцаю».

Таму, дарагія браты і сёстры, ніколі не апускайце рук, ідзіце з вераю насустрач Госпаду. І, каб ісці з радасцю па гэтым жыцці, вельмі важна паверыць у васкрослага Езуса Хрыста і мець надзею на сілу ўваскрэсення.

Няхай гэты Вялікдзень стане для Вас часам збліжэння з Гос­падам, пазнання Яго волі для Вашага жыцця.

Няхай шчасце і радасць свята Уваскрэсення нашага Збавіцеля заўсёды будуць у Вашых сэрцах, сем’ях і ў нашай любімай Беларусі!

Ксёндз Віталій СТРЫГА, пробашч касцёла імя Святога Юзафа ў Крупках.