У гарадской СШ № 1 адбылася дыялогавая пляцоўка «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – аснова дынамічнага развіцця беларускай дзяржавы і грамадства» з удзелам старшыні Крупскай раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Жанны Хадатовіч.

Падчас гутаркі школьнікі падрабязна даведаліся пра гісторыю Канстытуцыі, яе структуру, асноўныя раздзелы і артыкулы, абмеркавалі свае правы і абавязкі. Спыніліся на дзяржаўнай сімволіцы. Размова атрымалася цікавай і пазнавальнай.

– Кожны павінен мець актыўную грамадзянскую пазіцыю, ведаць свае правы і абавязкі, замацаваныя ў Асноўным Законе краіны. Веданне і граматнае прымяненне законаў з’яўляюцца нормай цывілізаванага жыцця. А захаванне канстытуцыйных норм – галоўны фактар стабільнасці дзяржавы, – падкрэсліла Жанна Хадатовіч.

Школьнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Кацярына СІНІЦЫНА:

– Канстытуцыя – гэта Асноўны Закон краіны, які вызначае яе грамадскі і дзяржаўны ўклад, парадак і прынцыпы ўтварэння прадстаўнічых органаў улады. Канстытуцыя яднае кожнага беларуса. Як вядома, у адзінстве народным – наша моц. У нас ёсць традыцыі, мы маем магчымасць вучыцца, удасканальвацца, развівацца ў мірнай краіне.

Дзмітрый ГАЛАДОК:

– Кожны з нас павінен думаць пра сваё жыццё, займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю, выконваць нормы і правілы, устаноўленыя грамадствам і законам. Ад нас, маладога пакалення, залежыць росквіт краіны, у якой будуць жыць нашы нашчадкі.

Юрый ПАДБЯРОЗКІН:

– Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь становіцца значным для многіх юнакоў і дзяўчат – ім урачыста ўручаюцца пашпарты. Сярод такіх і вучні нашай школы. Падзея становіцца напамінкам аб тым, што на нас ляжыць вялікі абавязак – быць сапраўдным грамадзянінам і патрыётам сваёй краіны.

Канстанцін МАЛІНСКІ:

– Сіла любога закона – у рэальным увасабленні ў жыццё, рэалізацыі ў штодзённых справах краіны. Выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь – абавязак кожнага чалавека.

Дзяніс СМЫЧОК:

– Шматгадовы вопыт гістарычнага шляху нашага народа ўвасабляе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, азначае новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржавы.

Юлія ПАДАБЕД:

– Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду і правы, неабходныя для стваральнай працы, годнага жыцця і ўсебаковага развіцця асобы.