Платон творчы хлопец. Любіць спяваць, чытаць творы мастацкай літаратуры, наведваць тэатральныя пастаноўкі, падчас якіх пражывае разам з героямі іх сцэнічную ролю. Таму і сам вырашыў запісацца ў тэатральны гурток цэнтра дзіцячай творчасці. Паколькі вопыт чытальніка ў Платона ўжо быў, разам з настаўнікам пачатковых класаў Ірынай Рашэтнік дамовіліся паспрабаваць сябе ў конкурсе «Жывая класіка».

Для ўдзелу ў раённым і абласным этапах неабходна было выканаць два розныя па жанры і тэматыцы творы. Абраны матэрыял і манера выканання павінны адпавядаць узросту навучэнцаў.

Запісаць відэа, адправіць у арганізацыйны камітэт і чакаць вынікаў – прытрымліваліся ўмоў конкурсу ўдзельнікі. Гімназіста высока ацанілі на завочных этапах. Далей – паўфінал і фінал, дзе за чатыры хвіліны трэба паказаць сваё майстэрства. А потым пачалося самае цікавае: выступленне на сцэне з запісам тэлевізійнай праграмы.

Платон адзначае, што хваляванне прысутнічала, бо вершаваныя радкі нацыянальнай літаратуры прагучаць на ўсю краіну. Але на сцэне трымаўся ўпэўнена. Апладысментамі і словамі падтрымкі сустракалі кожнага канкурсанта пасля выканання твораў беларускай літаратуры, панавала атмасфера добразычлівасці.

Для тэлевізійнага этапу зрабілі і прэзентацыйны ролік, дзе хлопчык расказаў пра сябе.

– У якасці конкурснага выступлення абралі вершаваную казку Максіма Танка «Жук і слімак». Падумала, што яна вельмі Платону падыходзіць. Выбар ён падтрымаў, – дзеліцца Ірына Рашэтнік. – Потым – сур’ёзная падрыхтоўка: тлумачылі значэнне незразумелых слоў, працавалі над сэнсам казкі, расставілі неабходныя для жывога выступ­лення акцэнты. А на сцэну вырашылі выйсці ў вобразе хлопчыка-пастушка. З маленства любоў да казак прывіла Платону маці, якая нам дапамагала рыхтавацца да ўдзелу ў кожным этапе. Дарэчы, у першым класе ён самастойна ўжо мог чытаць.

Складана было членам журы вызначыць лепшых, бо кожны з удзельнікаў быў яркі, таленавіты і эмацыянальны. Доўгачаканыя хвіліны, традыцыйная паўза…І вось вынік – у Платона Моніча дыплом II ступені.

Але крупчан чакае яшчэ адно падарожжа. Яны адпраўляюцца ў Ліду на святкаванне Дня беларускага пісьменства, дзе выступяць усе фіналісты «Жывой класікі». Спачатку прымуць удзел у рэпетыцыях, а потым у асноўнай канцэртнай праграме.

Тэлеверсію фіналу можна будзе ўбачыць сёмага верасня ў 17.00 на тэлеканале «СТВ».

Уладзімір РОГАЎ.