З глыбокай пашанай і радасцю віншую вас з Вялікаднём – Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! З раніцы мы вітаем адзін аднаго гэтым старажытным хрысціянскім прывітаннем.

Уваскрасенне перш за ўсё ёсць пацвярджэнне ўсяго, што рабіў і чаму вучыў Сам Ісус Хрыстос. Усе ісціны, нават самыя недаступныя чалавечаму розуму, знаходзяць сабе апраўданне.

Яго Уваскрасенне – гэта жывая рэальнасць, якая дае нам сілы жыць, верыць і любіць.

Калі мы ўспамінаем пра пакуты і смерць Хрыста на крыжы, нашы сэрцы сціскаюцца ад болю. Але сёння мы чуем радасную вестку: «Яго тут няма, Ён Уваскрос!» Гэта значыць, што нашы грахі прабачаны, мы маем надзею на Вечнае Жыццё, што ніякія цяжкасці, ніякія выпрабаванні не могуць зламаць нас, калі мы з Хрыстом.

Давайце ж будзем сведкамі Уваскрослага Ісуса Хрыста ў нашым штодзённым жыцці. Давайце будзем несці Яго любоў і мір у свет. Будзем любіць і служыць адзін аднаму, па прыкладзе Хрыста, будзем святлом і соллю гэтаму свету.

Няхай благаслаўленне Уваскрослага Хрыста будзе з усімі вамі. Амэн.

Ксёндз Віталій СТРЫГА, пробашч касцёла Святога Юзафа ў Крупках.