Пра гэты дзень складзена шмат легендаў і паданняў, прыкмет і назіранняў. Сёння прапануем разам параўнаць спрадвечныя звычаі беларусаў адносна Купалля з святкаваннем у Крупках.

Нашы продкі часцей за ўсё сустракалі Купалле каля вады, бо складвалася адчуванне, своеасаблівы аптычны эфект, нібы сонца купаецца ў вадзе. Адсюль і назва.

Крупчане галоўным месцам правядзення Купалля абралі гарадскі парк, на беразе ракі Бобр.

Тут падрыхтавалі купальскія карагоды, вясёлыя гульні, конкурсы, майстар-класы, канцэртную праграму, святочны гандаль. І, канешне, як жа без галоўных сімвалаў – купальскага вогнішча і пошукаў папараць-кветкі.

На свяце ў парку таксама прапанавалі навучыцца плесці купальскі вянок.

 

У кожнага была магчымасць зрабіць сабе тэматычнае ўпрыгожванне, каб адпавядаць агульнаму настрою. Здаецца, простая справа, але да яе ставіліся вельмі сур’ёзна. Лічылася, што для здароўя ў купальскі вянок трэба дадаць лекавыя расліны, для добрага ўраджаю – калоссе пшаніцы ці жыта.

 

Да купальскай ночы раней рыхтаваліся з раніцы. Спачатку дзяўчаты ішлі на поле збіраць зёлкі і кветкі. У гэты дзень людзі верылі, што ў кветак асаблівая гаючая сіла. Яны былі лекавымі цэлы год.

Дзяўчаты пускалі вяночкі па вадзе – варажылі наконт шлюбу. Калі вянок уплывае – чакай жаніха з чужога краю, калі застаецца ля берага – будучы муж будзе мясцовы, а калі вянок патоне – вяселля яшчэ трэба пачакаць. У некаторых вёсках хлопцы вянкі з вады вылаўлівалі. Чый вянок дастанеш, на той  і жэнішся.

Дапамагала зазірнуць у будучае Хрысціна Жукава, навуковы супрацоўнік мастацкай галерэі. З чароўнай скрыні госці свята выцягвалі прадказанне на бліжэйшы час.

Наталія Грыгаровіч сустракала на купальскай гасцёўні, дзе за сімвалічны кошт можна было паспрабаваць хатнія стравы.

«Ой на Купала, на Яна, іграе сонца, іграе», – запрашалі усіх на свята Крупскія артысты песнямі і танцамі.

Сімвалізм ёсць і ў гэтым.

Бо першым рытуалам Купалля было ўрачыстае запрашэнне на свята. Гэтае запрашэнне праходзіла з дапамогай песень. 3 песнямі і карагодамі абыходзілі хаты, збіраючы людзей на свята. У час абыхода кідалі вянкі на стрэхі хат нежанатых хлопцаў і незамужніх дзяўчат. Галоўныя матывы купальскіх песень – каханне і будучы ўраджай.

Паводле легендаў нашых продкаў, на Купалле моладзь ішла шукаць папараць-кветку. Той, хто здабудзе кветку, атрымлівае здольнасць ведаць мову жывёл і раслін, бачыць скарбы і разумець таямніцы свету. Расліна нібы свеціцца ў цемры, але сарваць яе няпроста – нячысцікі збіваюць са шляху тых, хто шукае скарб.

На мерапрыемстве ў Крупках арганізатары гэты сюжэт узялі за аснову гульнёвай праграмы. Неабходна было прайсці праз выпрабаванні нячыстай сілы, выканаць усе заданні і конкурсы. Толькі потым накіравацца на пошукі папараць-кветкі.

Знайсці яе пашчасціла Віялеце.

Галоўны атрыбут Купалля – вогнішча. Палілі яго на беразе вадаёма.

Аддаючы агню непатрэбныя ці старыя рэчы, людзі прасілі багатага ўраджаю, здароўя, дабрабыту і, вядома, шчасця ў каханні. Вакол запаленага вогнішча вадзілі карагоды, ладзілі шумныя вясёлыя гульні, спявалі купальскія песні.

 

 

 

 

Купальскае вогнішча завяршыла свята ў Крупках.