На сваіх палетках каля Стараселля «Зажынкі» прымала ААТ «Крупскі райаграсэрвіс». Тут прысутнічалі кіраўніцтва раёна, дырэктары і спецыялісты гаспадарак, раённых службаў, а самыя галоўныя ўдзельнікі, бясспрэчна, – хлебаробы.
«Зажынкі» – гэта свята вялікай павагі да зямлі-карміцелькі, да святога Хлеба і да тых залатых рук, якія яго вырошчваюць.
Першым павіншаваў працаўнікоў з пачаткам жніва, пажадаў усім значных намалотаў старшыня райвыканкама Вячаслаў Лапатка.
Ён адзначыў, што для ўсіх аграрыяў жніво – сур’ёзны экзамен, адзнака прафесіяналізму кіраўнікоў і спецыялістаў, механізатараў, вадзіцеляў, аператараў зернесушыльных комплексаў.
– Надыйшоў той момант, калі вашу працу – тое, што фарміравалася практычна з мінулай восені, трэба пацвердзіць на ўборачнай кампаніі. Зараз вельмі важна праявіць адказнасць, сабранасць і вытрымку, каб своечасова і якасна ўбраць ураджай. Пры гэтым, на першым месцы заўсёды павінна заставацца бяспека людзей і выкананне правілаў аховы працы. Упэўнены, што з гэтай задачай хлебаробы Крупшчыны паспяхова справяцца. Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, міру і дабра ў вашых сем’ях, новых працоўных дасягненняў на карысць нашай роднай Беларусі. У добры шлях! – прагучала ў віншаванні Вячаслава Лапатка.
Старшыні райвыканкама ўручылі каравай – сімвал сілы, дабрабыту і традыцый Крупшчыны.
Поспех на жніве залежыць ад кожнага хлебароба. Крупская раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК заўсёды стаіць на варце інтарэсаў працаўнікоў, падтрымлівае іх і ўшаноўвае пераможцаў спаборніцтва.
– Мы робім першы крок да багатага ўраджаю. Няхай гэты перыяд пройдзе зладжана, надвор’е радуе, а вынікі працы будуць выдатнымі. Прафсаюз заўсёды з вамі. Мы абараняем вашы інтарэсы і будзем дапамагаць у вырашэнні любых пытанняў, – адзначыла Вольга Хацкевіч, прафсаюзны лідар аграпрамысловага комплексу раёна.
Яна ўзнагародзіла Сяргея Кірпічова, кіраўніка ААТ «Крупскі райаграсэрвіс», памятным падарункам за гасцінны прыём на «Зажынках».
Нашы продкі ніколі не пачыналі жніво без Божага бласлаўлення. Хлеб патрабуе беражлівых адносін і духоўнай падтрымкі.
Звярнуліся да ўдзельнікаў свята благачынны Крупскай царкоўнай акругі, протаіерэй Георгій Цюхлоў, пробашч каталіцкай парафіі Святога Юзафа ў горадзе Крупкі ксёндз Віталій Стрыга.
Яны блаславілі пачатак уборачнай, прагучала малітва на добрае надвор’е, багаты ўраджай і бяспечную працу для аграрыяў.
«Зямля мая крупская, маці святая! Цябе ад сурокаў і зла засланяю. Ад бураў, ад градскіх цяжкіх туманаў. Ад ліўняў халодных, вятроў ураганных», – з гэтымі кранальнымі словамі пад аховай Берагіні жнейкі выйшлі ў поле, каб зрэзаць першыя каласы новага ўраджаю і пачаць вялікае жніво.
У хуткім часе ў руках жанчын з’явіўся першы сноп. Нашы продкі велічна называлі яго гаспадаром. У ім закладзена сэрца будучага жніва, урадлівасць, багацце і шчасце.
Зажыначны сноп уручылі кіраўніку раёна – Вячаславу Лапатка. Снапы-абярэгі атрымалі і дырэктары сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Хлеб – агульны клопат і гонар. Кіраўніцтва раёна, гаспадарак, хлебаробы разам напоўнілі скрыню еднасці зернем. Крупшчына прымае гэта збожжа як абяцанне вернасці сваёй справе. Кожная жменя – нібы сіла, якая павялічвае хлебны каравай. Гэта сапраўдны скарб, які адлюстроўвае росквіт і стабільнасць.
Праца на зямлі – пачэсны абавязак моцных, мужных і адданых сваёй справе людзей. Менавіта на іх плячах трымаецца дабрабыт і харчовая бяспека нашай краіны.
На свяце віталі камбайнёраў. Жадалі ім поспехаў у працы і шчыра спадзяваліся, што каравай нашай Радзімы папоўніцца магутным ураджаем.
І вось – самая адказная хвіліна!
Па спрадвечным звычаі, першы след на полі павінна пакінуць вопытная рука. Аляксандр Шульга атрымаў ганаровае права першым адправіць свой камбайн на палеткі.
Няхай кожны дзень жніва прыносіць нашым аграрыям важкі каласок і задавальненне ад працы.