У летапісу, што сабраў ветэран працы, былы галоўны ўрач Крупскай цэнтральнай раённай бальніцы Міхаіл Паўлавіч ВАЙЦЯХОВІЧ, старонкі вайны гучаць надзвычай пранікнёна. Адразу адчуваецца, што прайшлі яны праз сэрца і душу аўтара, пакінуўшы там глыбокі след. Міхаіл Паўлавіч падзяліўся з намі сваім даследаваннем. Ізноў ён – у суаўтарах нашага праекта і вось што апавядае:
– Напярэдадні вайны цэлая група крупскай моладзі закончыла медыцынскія навучальныя ўстановы. Гэта Станіслаў Вікенцьевіч Бабіцкі з Гапонавіч, Таццяна Мароз і Тамара Кушнер з Начы, Іван Сідаравіч Чартовіч з Дубоў, Іван Елісеевіч Гвоздзік з Ігрушкі, Іван Рыгоравіч, Пётр Рыгоравіч і Зоя Рыгораўна Івановы з пасёлка Крупскага, Вольга Андрэеўна Мікуліч, Раіса Паўлаўна Лапарэвіч са Стараселля, Паліна Данькова з Бабра і многія іншыя.
Адным з першых крокаў акупацыйных ваенных улад была ліквідацыя органаў Савецкай улады і ўсталяванне сваіх. 18 ліпеня 1941 года ў Крупках была ўтворана раённая ўправа – 10 аддзелаў, у тым ліку і аддзел аховы здароўя, які ўзначаліў фельчар раённай амбулаторыі Арсеній Андрэевіч Чайкін. Гэты мужны чалавек з першых жа дзён сваёй работы пачаў арганізоўваць падпольнае супраціўленне акупантам. На найбольш важныя ўчасткі накіраваў надзейных і правераных людзей, сваіх верных памочнікаў.
А раённай амбулаторыяй стаў загадваць фельчар Сцяпан Давыдавіч Філонаў, паплечнік Чайкіна. Яму дапамагалі старшая медсястра Вера Герасімаўна Шчамялёва і малады фельчар Яўгенія Максімаўна Салаўёва (у шлюбе Шаўчэнка). Раённай аптэкай загадвала жонка Чайкіна, Вольга Лукінішна, ёй дапамагала дачка Ірына.
У медустановах працавала шмат смелых людзей, дзякуючы якім выратавана нямала жыццяў.Так, у Крупскай і Абчугскай бальніцах затрымалася вялікая колькасць параненых салдат і афіцэраў, частка знаходзілася ў дамах мясцовых жыхароў. Дні і ночы медыкі, рызыкуючы сабой, знаходзіліся ля параненых, рабілі ўсё, каб вылечыць і паставіць іх на ногі . Як тыя крыху папраўляліся, забяспечвалі іх прадуктамі, грамадзянскім адзеннем, праводзілі каго на ўсход да лініі фронту, каго ў партызаны, якія сталі з’яўляцца ў мясцовых лясах.
Часта за гэта яны плацілі сваімі жыццямі. Разам з дзецьмі была расстраляна галоўны ўрач Крупскай раённай бальніцы Рахіль Ізраілеўна Левіна. Пасля яе гэту пасаду заняў Мікалай Мікалаевіч Кабылянц, а хірургічным аддзяленнем стаў загадваць Уладзімір Андрэевіч Баярынцаў- Мезенцаў – абодва з акружэнцаў.
Працаваць было цяжка, не хапала медработнікаў і медыкаментаў, усе віды дапамогі былі платнымі. У бальніцу клаліся са сваёй пасцельнай бялізнай. Рызыкуючы, дапамагалі і тым, каму не было чым заплаціць.
У канцы 1941 года пайшлі тыф, дзіцячыя інфекцыі, туберкулёз і іншыя хваробы. Акупацыйныя ўлады, баючыся іх распаўсюджвання, дазволілі дадаткова разгарнуць інфекцыйныя койкі пры бальніцах і ФАПах. Напрыклад, у Сакалавічах і Абчузе для шпіталізацыі былі створаны, як называлі іх у народзе, «заразныя баракі» – у простых сялянскіх хатах, часцей расстраляных жыхароў… Замест ложкаў – драўляныя «казлы», на якія клалі дошкі, засцеленыя сплеценымі з саломы матрацамі, або проста сенам.
Нам зараз нават немагчыма ўявіць тыя ўмовы, у якіх даводзілася жыць і працаваць медработнікам. Медыкаментаў – мінімум, перавязачны матэрыял выкарыстоўвалі некалькі разоў, добра памыўшы. Адшуквалі любыя магчымасці, каб папоўніць запас медыкаментаў, да таго ж яшчэ і сэканоміць, каб перадаць іх у лес партызанам.
Немагчыма падлічыць, колькі подзвігаў здзейснена медыцынскімі работнікамі! Шмат дапамогі партызанам аказаў фельчар Георгій Буракоў, які не здаўся пад катаваннем на допытах.
Дваццацігадовая медыцынская сястра з Дакудава Дар’я Моніч з пачатку акупацыі стала членам маладзёжнай падпольнай групы, затым была актыўнай партызанскай сувязной, а пасля – партызанкай атрада імя Кірава.
А вось што ўспамінаў адзін з ветэранаў-партызан: «Мы ўтраіх уцяклі з пункту адпраўкі ў Германію. Доўга блукалі па лесе, пакуль не выйшлі на сувязь з медыцынскай сястрой, партызанскай сувязной Нінай Безручонак з Заполля. Яна накіравала нас у атрад імя Варашылава». Было што ўспомніць і самой Ніне Сяргееўне, ветэрану аховы здароўя раёна, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, адной з лепшых медсясцёр хірургічнага аддзялення Крупскай раённай бальніцы. Гледзячы ў яе добрыя вочы, слухаючы мілагучны голас, проста немагчыма было ўявіць яе пасярод разрываў бомб і снарадаў, акрываўленых і скалечаных цел. Ніна Сяргееўна была сувязной атрада імя Варашылава брыгады імя Шчорса, на яе рахунку шмат адказных і небяспечных заданняў. А затым працягвала свой баявы шлях у складзе дзеючай арміі. Дзень Перамогі сустрэла ў Германіі, а з паходным шынялём змагла развітацца толькі ў 1948 годзе, тады і вярнулася на Крупшчыну.
Асабліва цяжка было з медыцынскай дапамогай партызанам. Даводзілася нават вучыць найбольш здольных партызанак, і ў гэтым дапамагалі нашы медыкі. Медсёстры і фельчары ў партызанскіх атрадах не толькі лячылі, але і хадзілі на баявыя заданні. У Самаседаўцы ўсе гады акупацыі дапамагала партызанам медсястра Валянціна Марковіч. У Скакоўцы – фельчар Уладзімір Пратасевіч, ён ведаў нямецкую мову.
Шмат зрабілі падпольшчыкі Чайкін, Філонаў, Салаўёва і іншыя. Іх памочнікамі былі медсёстры, санітаркі.
Вельмі цёпла ўспамінаюць усе загадчыка хірургічнага аддзялення Уладзіміра Андрэевіча Баярынцава-Мезенцава. Да Крупак ён прайшоў цяжкія выпрабаванні першых месяцаў вайны, акружэнне, Барысаўскі лагер для ваеннапалонных. У Крупках стаў надзейным памочнікам Арсенія Андрэевіча Чайкіна. Пад выглядам жыхароў аддаленых вёсак Уладзімір Андрэевіч лячыў партызан, выратаваў ад адпраўкі ў Германію маладых крупчан, што Чайкін і Філонаў перавялі з крупскай турмы пад відам аказання экстраннай хірургічнай дапамогі. Падтрымліваў пастаянную сувязь з партызанамі, кіраўніцтва вельмі цаніла яго. Нярэдка ён рызыкаваў і звяртаўся да медработнікаў, якія працавалі ў немцаў, з просьбай дапамагчы медыкаментамі. І тыя адгукаліся на яго просьбу, не падазраючы, што гэта – для партызан.
Фельчар Крупскай раённай амбулаторыі Яўгенія Салаўёва, падпольшчыца, партызанская сувязная і разведчыца, а затым партызанская медсястра выратавала больш за 700 партызан, з поля бою вынесла 139 параненых.
Актыўную падпольную дзейнасць вяла група медыцынскіх работнікаў Халопеніцкай бальніцы.
Нялёгкі шлях прайшла ваеннымі дарогамі медсястра Крупскай раённай бальніцы Надзея Андрэеўна Канашэвіч. Працаваць на гэтай пасадзе яна пачала ў далёкім 1938 годзе. У 1939-м яе прызвалі ў Чырвоную Армію і накіравалі ў войскі, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Заходняй Беларусі і Украіны. Вярнулася ў Крупкі, у канцы 1940 года выйшла замуж і пераехала ў горад Ваўкавыск, дзе працавала ў ваенным шпіталі. На вайне – з першага яе дня. Ваўкавыск, Баранавічы, Мінск, Магілёў, Орша, Смаленск, Гжатск, Масква… Надзея Андрэеўна стала старшай медсястрой шпіталя. А разам з тым выконвала абавязкі аперацыйнай медсястры.
Франтавая медсястра Вера Васільеўна Гаўрылюк таксама з першых дзён вайны мабілізавана ў дзеючую армію. Яна – фельчар асобнага зенітна-артылерыйскага дывізіёна, што быў накіраваны пад Ленінград, дзе і знаходзіўся да прарыву блакады. Вера Васільеўна ўспамінала, што па баявой трывозе яны павінны былі быць на баявых пастах у поўнай гатоўнасці ноччу за адну хвіліну, удзень – за 30 секунд. І ўсе паспявалі. Усё пасляваеннае жыццё гэтай мужнай жанчыны прайшло на Крупшчыне, 46 гадоў яна служыла ахове здароўя жыхароў раёна.
Успаміны ветэрана, урача Івана Сідаравіча Чартовіча, ярка сведчаць, якой мужнасці і сілы вайна патрабавала ад людзей. Мясцовы, з Дубоў, скончыў медінстытут. Пачаў службу палкавым урачом у Картуз-Бярозе. Разам з часцямі Чырвонай Арміі спазнаў увесь цяжар бамбёжак, акружэння, адступлення, цудам застаўся жывым. Пад Смаленскам яго часць была поўнасцю разбіта, урача направілі ў Ярцава, дзе ішлі жорсткія баі. Падчас бамбёжкі быў цяжка паранены, і сам стаў пацыентам шпіталя. Доўга і цяжка лячыўся, але зноў стаў у строй. Падчас аперацыі «Баграціён» вызваляў Крупскі раён. Прайшоў дарогамі Прыбалтыкі, пра Перамогу даведаўся ў Прусіі, мае шматлікія ўзнагароды. Больш за 30 гадоў адпрацаваў у Халопеніцкай бальніцы.
Кавалер ордэна Чырвонай Зоркі, заслужаны ўрач БССР, былы загадчык Халопеніцкага райздраўаддзела, галоўны ўрач Халопеніцкай бальніцы, урач Крупскай раённай бальніцы Еўдакім Іванавіч Віталёў пражыў цяжкае і годнае жыццё. Вайну сустрэў у Оршы, пешшу дайшоў да Ліпецка, дзе быў сфарміраваны сапёрны батальён. Служыў у 30-м Уральскім дабравольным танкавым корпусе ваенфельчарам, затым у зенітнай брыгадзе. Вызваляў Венгрыю і Чэхаславакію.
Першы галоўурач Дубаўскай бальніцы Іван Фядосавіч Барчонак у дзеючай арміі з 1941 года. Зведаў адступленне, палон, пабег. Ваяваў у партызанскай брыгадзе імя Дзяржынскага, затым на другім Беларускім фронце.
Урач Станіслаў Вікенцьевіч Бабіцкі з Гапонавіч. Ліда, Смаленск, Масква, Баку – куды толькі ні закідвалі яго дарогі вайны. Вызваляў Беларусь, затым Югаславію, Аўстрыю. Пасля вайны загадваў райздраўаддзелам, быў галоўным урачом раённай бальніцы, мае узнагароды.
Кавалер ордэнаў Славы і Чырвонай Зоркі і шматлікіх медалёў фельчар Іван Міхайлавіч Смарговіч пасля вайны загадваў Выдрыцкім ФАПам. У самых цяжкіх умовах лячыў людзей, арганізаваў будаўніцтва новага будынка медустановы.
Цяжкімі дарогамі вайны прайшлі фельчар Ягор Захаравіч Мікульскі і яго жонка, франтавы фельчар Клаўдзія Піліпаўна.
Можна ўзгадваць яшчэ вельмі шмат медыкаў, сапраўдных герояў, што самааддана выратоўвалі людзей, змагаліся з ворагам. І таксама самааддана стаялі на варце здароўя ў цяжкія пасляваенныя гады.
Добрая памяць пра іх подзвігі будзе заўсёды ў нашых сэрцах. Шчырая ўдзячнасць ім і нізкі паклон!
Фота з архіва Міхаіла ВАЙЦЯХОВІЧА.