Шмат цікавага і адметнага пачулі мы ад Вольгі Іванаўны падчас сустрэчы. Хоць і балюча было ўспамінаць ветэрану тыя далёкія ваенныя гады, але размова скіравалася менавіта ў гэтым рэчышчы.
Вользе Іванаўне пашчасціла закончыць Барысаўскае педагагічнае вучылішча яшчэ да вайны. Калі на нашу зямлю нізрынулася чорная навала, дзяўчына адразу пайшла ў партызаны і была залічана ў атрад імя Шчорса. Даводзілася выконваць розныя адказныя даручэнні камандзіра, хадзіць у разведку.
Найбольш запомніўся Вользе Іванаўне яе ўдзел у разгроме гарнізона вёскі Глівіна, што пад Барысавам. Там знаходзілася шмат нямецкіх складоў з боепрыпасамі, палівам, тэхнікай. Гарнізон моцна ахоўваўся немцамі. Бой быў нялёгкім. Загінулі многія баявыя сябры, аднак пастаўленая задача была выканана паспяхова.
І партызанка Вольга была адной з тых, хто за гэту аперацыю адзначаны ўзнагародай. А дзяўчыне на той час было ўсяго 20 гадоў.
Вельмі сціпла гаварыла Вольга Іванаўна пра свае іншыя баявыя ўзнагароды. А на лацкане яе пінжака ззялі медалі «За баявыя заслугі», «Партызану Вялікай Айчыннай вайны», «За Перамогу над Германіяй», ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені...