krupki.by

ru RU be BE en EN


Усё перамелецца...

Автор / Паралелі часу / Вторник, 01 октября 2019 10:55 / Просмотров: 1688

Млын СвяцкіхАсаблівай славутасцю Крупак здаўна былі млыны. Не здарма ж яго выява значыцца на гербе горада Крупкі! Але, на жаль, мы ведаем не так многа падрабязнасцей. І вось – сапраўдны эксклюзіў! Новы суаўтар нашага праекта Васіль Станіслававіч Бярловіч з Бабра распавёў шмат цікавага пра млын, што працаваў да вайны. І больш таго, ад яго мы ўпершыню даведаліся, што перад Вялікай Айчыннай у Крупках іх было два. Увогуле ж ва ўспамінах Васіля Станіслававіча столькі каштоўнай інфармацыі, што можна толькі шчыра парадавацца такой цудоўнай магчымасці атрымаць цікавыя гістарычныя звесткі ад першай асобы! Васіль Станіслававіч вельмі падрабязна расказвае пра тое, што адклалася ў яго памяці, кіруючыся вельмі добрай мэтай – дапамагчы нашчадкам даведацца, што адбывалася на гэтым маленькім куточку зямлі – на Крупшчыне – у далёкія даваенныя часы. Лічу, трэба адразу адзначыць – зрабіў гэты чалавек вельмі грунтоўную працу, што, несумненна, выяўляе яго дасведчанасць, розум і шчырае сэрца.

– Да вайны ў Крупках было не больш за тысячу жыхароў. У асноўным гэта беларусы і яўрэі. Мястэчка складалася з дзвюх асноўных вуліц: з поўначы на поўдзень – Савецкая і яе працяг Інтэрнацыянальная, з усходу на захад – Леніна. Былі і дробныя вулачкі: Сялянская (раней Мужыцкая, а зараз Марцынкевіча), Пралетарская, Казіная, Набярэжная, Новая Савецкая, а таксама Бальнічны, Закрэўскі і Дачны пасёлкі. На маёй памяці яшчэ да вайны з’явіліся вуліцы Пушкіна, Кірава, Чкалава першая і другая.

У паўночным накірунку ад Крупак размяшчаліся вёскі Панскае (Майскае), Новая Крупка і Слабада. Зараз яны амаль зліліся з горадам. У паўднёвым – маленькая вёсачка Новае Жыццё. У 1930 годзе там быў арганізаваны яўрэйскі калгас, дзе працавалі яўрэі, што не мелі рамесных спецыяльнасцей. Перад самай вайной ён далучыўся да калгаса «Імя Стаханава». Усе астатнія вёскі ў гэтым накірунку былі выселены з-за стварэння вялізнай зоны спачатку кавалерыйскага, а затым артылерыйскага палігонаў. Гэта Сасновіца, Чырвоная Горка, Шырневічы, Маласаі, Мілеры, Малінаўка і каля дзясятка хутароў і леснічовак (домікаў лесніка). Высяленне было напрыканцы дваццатых-напачатку трыццатых гадоў. А пасля вайны, напачатку 60-х, такі лёс напаткаў вёскі Слоўч і Гаць, бо палігон пашыраўся і павінен быў стаць танкавым. Ні адна з гэтых вёсак не ўбачыла другога жыцця. І, напэўна, гэтага ўжо не будзе.

Чым жа займалася ў той час працаздольнае насельніцтва?

Кузьні, што размяшчаліся на беразе рачулкі Стражніца, давалі працу паўсотні кавалёў і такой жа колькасці малатабойцаў. Яны выраблялі падковы, завесы для дзвярэй, клямкі і г.д. А таксама рабілі жалезныя раскладныя аднаспальныя ложкі, якія ў крупчан былі ў побыце доўгі час яшчэ і пасля вайны. Крупскія яўрэі былі вялікія майстры кавальскай справы. Шмат хто ўвосень прыганяў да іх падкоўваць коней.

Для дзяцей у кузнях было шмат цікавага. Напрыклад, як у ручных горнах награвалася жалеза, а потым з яго атрымліваліся розныя рэчы. Майстры дазвалялі нам назіраць за іх работай, толькі без свавольства і балаўства! Нават давалі дышлам разаграваць горан, для чаго было патрэбна вяроўкай цягнуць уніз дышла, а груз на горне вяртаў мяхі ў зыходнае становішча. І яшчэ адзін інтарэс быў у мастэрнях – збіраць дробныя адштампаваныя кружочкі металу, якімі набівалі кішэні, а затым стралялі з рагатак, што былі ў кожнага малога пяці-шасці гадоў. Асабліва хачу адзначыць малатабойцаў – гэта былі моцныя хлопцы гадоў па 18-25. Дарэчы, іх у першую чаргу прызывалі ў прэстыжныя войскі – у танкавыя і на флот.

Па вуліцы Савецкай быў лесапільны завод, дзе лес-кругляк распускалі на дошкі. Але асноўная частка работнікаў была занята ў цэху, дзе ўручную выраблялі драўляныя  бярозавыя цвікі для шавецкіх майстэрняў (імі мацавалі падэшву і падмёткі да асновы бота).  Кругляшы бярозы, нарэзаныя даўжынёй па 15 сантыметраў, уручную доўгім нажом расколвалі на палоскі, затым адзін тарэц заточваўся з двух бакоў і разрубліваўся на дробныя кавалачкі, што нечым нагадвалі кароткія макароны. Цвікі засыпалі ў скрыні і адпраўлялі па майстэрнях не толькі ў Крупкі, але і ў іншыя населеныя пункты.

На заводзе працавалі цэлыя дынастыі крупчан: Клячкоўскія, Марцынкевічы, Гіро і іншыя. Многіх з іх ужо няма на гэтым свеце, а іх нашчадкі, можа, і не ведаюць, чым займаліся іх продкі. На гэтым заводзе больш за 10 гадоў працаваў і мой бацька.

Асаблівай славутасцю Крупак быў млын. Раку Бобр перагароджвала плаціна з трыма мастамі і вадазборам. Масты былі абсталяваны пад’ёмнымі заставамі, што рэгулявалі ўзровень вады ў возеры. Заставы адкрываліся падчас ледаходу і павадку, каб скінуць лішкі вады. Млын быў чатырохпавярховы і меў наступныя механізмы: чатыры камяні для размолу зерня на муку простага памолу, дзве крупарушкі для абдзірання жыта на ячную крупу і пшаніцы для далейшага памолу і атрыманны прыварку – мукі для выпечкі бліноў, булак, варкі куляшу і вырабу іншай смакаты.

Увосень вакол млына збіраліся сотні падвод з навакольных вёсак, загружаныя мяхамі з зернем. Чэргі былі вялікія, можна было прачакаць нават тыдзень. Людзі начавалі прама на вазах, пільнавалі сваё дабро. Калі падыходзіла чарга, мяхі згружалі на першы паверх млына, узважвалі і тут жа частка зерня адсыпалася дзяржаве як аплата за паслугу. Пасля гэтага ручной лябёдкай, па чатыры-пяць мяхоў за раз, падымалі ўверх да кошак, а адтуль самацёкам яно ішло на памол.

Для нас, падлеткаў, гэта быў час нарыхтоўкі матэрыялу лёсак на вуды. Выбіраўся конь светлай масці, і з яго хваста выдзіраліся валасы. Затым з іх звівалася лёска ў дзве, тры і больш радзей, у залежнасці ад таго, якую рыбу збіраліся лавіць. Звітыя валасы звязваліся адмысловымі вузламі ў доўгую нітку і прывязваліся да вудзільна. Аперацыя па нарыхтоўцы лёскі не заўсёды праходзіла для нас гладка. Часам возчык, што заспяваў здабытчыка валасоў за работай, лупцаваў яго кнутом столькі разоў, колькі паспяваў замахвацца, пакуль няўдалы нарыхтоўшчык даваў дзёру.

Бывала, што стайкі падлеткаў прарываліся да кошак, дзе ўжо знаходзілася абадранае зерне, і кожны стараўся заціснуць у кулак як мага больш зярнят, якія нам здаваліся надзвычай смачнымі. Асобныя памольшчыкі самі дазвалялі ўзяць зерня, а асобныя «частавалі» тым жа кнутом.

Акрамя размолу зерня, на млыне энергію падаючай вады выкарыстоўвалі для вырабу электрычнасці. Для гэтага на галоўным трансмісійным валу быў насаджаны шкіў, з якога, праз рамень, вярчэнне перадавалася на вал генератара. Атрыманая электраэнергія паступала на асвятленне Крупак толькі ўвосень і ўзімку, і тое не заўсёды, бо вады ў возеры не хапала для таго, каб працаваў і млын, і генератар. Асвятленне ўключалася толькі з наступленнем цемры і гарэла максімум да 24 гадзін. Улетку яго і ўвогуле не было. Асноўнай жа свяцільняй тады была газавая лямпа, пры ёй мы рабілі ўрокі і займаліся хатнімі справамі. У вёсках жа асвятляліся з дапамогай смалякоў, пераважна сасны, што спальваліся ў спецыяльных нішах печы-каменкі. Гэтага святла хапала на гаспадарчыя патрэбы. На дапамогу смалякам часцяком прыходзіла лучына, якая давала больш дыму і копаці, чым святла. Што да электраабсталявання дамоў, то гэта была адна лямпачка, якую на доўгім шнуры пераносілі з пакоя ў пакой.

Калі ўзровень вады ў возеры падаў і генератар спыняўся, запускалася «нафтанка», і ўжо ад яе генератара ішоў ток на асвятленне. Не было тады ніводнага вечара, каб святло не гасла на нейкі час альбо ўвогуле не адключалася. Для таго, каб прайсці па цёмнай вуліцы, выкарыстоўваліся фанары «кажан», што прымяняліся на жывёлагадоўчых фермах.

Млын, 1918 г.

За 4-5 гадоў да вайны ў Крупкі прыехалі грабары на сваіх конях і пачалі будаваць папярок ракі Бобр дамбу метраў 500 па цячэнні ніжэй за тую, што была. Яны на падводах перавозілі зямлю з поймы ракі і насыпалі новую дамбу для будаўніцтва млына і электрастанцыі. Зямлю грузілі ўручную на падводы і ссыпалі ў аснаванне плаціны. Да вайны гэтыя работы былі выкананы, і на новай дамбе былі пабудаваны новыя масты і новы млын, удвая менш магутны. Млын апрабавалі ў рабоце да вайны, але былі выяўлены пралікі ў праектаванні і будаўніцтве. У прыватнасці, прыём вады для турбіны быў спраектаваны намнога вышэй, чым у старым млыне, і таму яна працавала з перабоямі і прастойвала з-за адсутнасці вады. Вайна застала абодва млыны годнымі для работы, але ў 1942 годзе немцы разабралі стары млын на дровы, а новы запусцілі ў работу. Гэты млын працаваў яшчэ пэўны час пасля вайны, але неўзабаве згарэў…

Паглыбімся яшчэ крыху больш у гісторыю. Дырэктар Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Бальбот расказала, што ўпершыню млын у Крупках узгадваецца ў 1667 годзе ў Тарыфе падымнага падатку Аршанскага павета. Там значыцца такі запіс: «У Крупках, аддадзеных Еранімам Сангушкам у заклад Пятру Швабу Шванеўскаму, … 60 дымоў, дзейнічае млын».  З таго часу млыны ў мястэчку адзначаюцца ў пісьмовых крыніцах пастаянна.

На сёння вядомыя два фотаздымкі, якія ў свой час праз інтэрнэт распаўсюдзілі нашы краязнаўцы. Тамара Бальбот расказала, што на першым здымку нават не млын, а цэлы мукамольны завод, які пабудавалі ў 1859 годзе паны Карл і Марыя Свяцкія. Ім Крупкі славіліся на ўсю акругу. У 1880 годзе ў Слоўніку геаграфічным Каралеўства Польскага і іншых краёў сведчыцца: «У мястэчку Крупцы губерніі Могілевской на Бабры ёсць млыны, на якіх вырабляецца найдалікатнейшая мука пшоная пад назвай Крупецкай альбо Крупчаткі развозіцца да найгалоўнейшых гарадоў». А ў 1861 годзе ўдалося дасягнуць небывалых на той час паказчыкаў: усяго 17 рабочых выраблялі каля 30 тысяч пудоў мукі ў год. Мяркуецца, што здымак гэты зроблены яўрэйскім фатографам з Барысава, якого Свяцкія запрасілі з нагоды нейкай адметнай даты. Пазней нашчадкі гэтага фатографа распаўсюдзілі яго архіў. Магчыма, як каменціруе Тамара Бальбот, на фота могуць знаходзіцца кіраўнік, старшы млынар, млынар і іншыя служачыя. Больш дакладна невядома, а таксама невядомы і далейшы лёс гэтага збудавання.

А вось на другім здымку мы бачым млын, што працаваў у Крупках аж да самай Вялікай Айчыннай. Як раз такі, што ўзгадваў у сваіх успамінах Васіль Станіслававіч Бярловіч. Фота датуецца 1918 годам. «Можна меркаваць, што гэта люты-сакавік або лістапад, – разважае Тамара Бальбот. – Мы бачым аўстра-венгерскіх салдатаў, а вядома, што яны кватараваліся на тэрыторыі нашага раёна з лютага па лістапад 1918-га. І на даху млына відаць рэшткі снегу».

Яшчэ шмат чаго цікавага пра даваенныя Крупкі мы раскажам у наступным выпуску.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

  • Район
  • Область

Актуально

27 ноября можно получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ»

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября.
Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

23 ноября "прямую линию" проведет председатель районного Совета депутатов

В субботу, 23 ноября, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную линию проведет председатель Крупского районного Совета депутатов ДОМАРЁНОК Елена Александровна. Телефон 2-77-47.

27 ноября в Крупской ЦРБ пройдет консультация врача-гинеколога

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача-гинеколога на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября. Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

27 ноября в Крупской ЦРБ пройдет консультация хирурга-стоматолога

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача хирурга-стоматолога на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября. Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

22 октября ИМНС проводит день информирования по вопросом применения налога на профдоход

22 октября инспекцией Министерства по налогам и сборам Республики Беларусь по Борисовскому району для физических лиц проводится тематический день информирования по разъяснению вопросов применения налога на профессиональный доход при осуществлении видов деятельности, разрешенных для осуществления в качестве самостоятельной профессиональной деятельности, определенной приложением 2 к постановлению Совета Министров Республики Беларусь от 28.06.2024 № 457 «О видах индивидуальной предпринимательской деятельности». Обращаться в отдел информационно-разъяснительной работы инспекции по тел. (0177) 73-93-27.

С 18 сентября работает "горячая линия" по лицензированию в сфере социального обслуживания

Крупский ТЦСОН информирует, что с 18 сентября работает телефон "горячей линии" 2-10-30 по вопросам лицензирования в сфере социального обслуживания и организации ухода за нетрудоспособными гражданами.

Please publish modules in offcanvas position.