krupki.by

ru RU be BE en EN


У гісторыю Вялікай Айчыннай упісаны годны радок, які сведчыць пра гераізм камсамольцаў Крупшчыны

Автор / Паралелі часу / Четверг, 26 декабря 2019 09:20 / Просмотров: 2144

Моладзь у першых радах стала на абарону Айчыны – у дзеючай арміі, у партызанах і падполлі. Тэма партызанскага руху – асаблівая. І для Крупскага раёна таксама. Да сярэдзіны 1942 года ўтварылася Барысаўска-Бягомльская партызанская зона, якая кантралявала шэраг партызанскіх злучэнняў, у тым ліку брыгады Імя Кірава, імя Панамарэнкі, што дзейнічалі на Крупшчыне. Камсамольцы падчас вайны – асобная тэма даследаванняў, якія праводзіць кандыдат гістарычных навук Дзмітрый Хромчанка.

…Па ўспамінах аднаго з партызан брыгады імя Кірава Васіля Мацвеевіча Брыжэўскага, партызаны нават устанавілі каля некалькіх вёсак Крупскага і Барысаўскага раёнаў самаробныя мытныя слупы з надпісамі: «Дзяржаўная граніца СССР. Партызанская зона другой Масквы. Смерць нямецкім акупантам»…

«У глыбокім нямецкім тыле гаспадарамі былі савецкія людзі. Тут, на партызанскім аэрадроме, мы прымалі самалёты з Вялікай Зямлі», – узгадваў ён. Па сутнасці, другой партызанскай зонай была тэрыторыя, што знаходзілася пад кантролем 8-й Круглянскай партызанскай брыгады пад камандаваннем Жуніна.

«Вызвалены край – гэта не пустыя словы, – адзначаў камандзір 28-га камсамольска-маладзёжнага атрада 8-й партызанскай брыгады Аляксандр Цярноўскі. – Ад Круглага на ўсходзе да Ухвалы на захадзе, ад Талачынскага раёна на поўначы да Бялыніцкага на поўдні, гэта значыць, што на тэрыторыю, дзе размяшчаліся дзясяткі населеных пунктаў, з мая і да пачатку кастрычніка 1942 года не ступала нага акупанта. Яркай падзеяй для нас з’явілася пасадка савецкага транспартнага самалёта на ўсход ад вёскі Падар. Ён даставіў зброю, боепрыпасы, медыкаменты, а назад забраў параненых… У кожным атрадзе былі створаны групы падрыўнікоў-дыверсантаў. Справа дайшла да таго, што пад ударамі нашых атрадаў рух цягнікоў на чыгунцы ў той час быў істотна скарочаны, а ноччу нават спыняўся».

На базе партызанскіх брыгад імя Панамарэнкі і 8-й Круглянскай Жуніна дзейнічалі падпольныя райкамы партыі і райкамы камсамола.

Пра тое, як змагаліся камсамольцы-партызаны і маладыя падпольшчыкі, можна меркаваць па прыкладзе работы Халопеніцкага падпольнага райкама камсамола і дзейнічанні партызан 28-га камсамольска-маладзёжнага атрада. Чаму Халопеніцкага? Па-першае, пасля вайны большая частка Халопеніцкага раёна ўвайшла ў склад Крупскага. Па-другое, звесткі пра Халопеніцкі райкам камсамола захаваліся ў Нацыянальным архіве Беларусі, а дакументы пра Крупскі былі вымушана знішчаны падчас адной з блакад, што ўчынілі акупанты супраць партызан.

Работнікі апарату райкама камсамола актыўна ўдзельнічалі ў баявых заданнях. Сакратар райкама камсамола Іван Букач загінуў пры выкананні баявога задання. Змяніўшы яго, Васіль Крачкоўскі таксама загінуў ля вёскі Ігрышча, цаною свайго жыцця выратоўваючы таварышаў. Вось што пісаў пра гэта пасля вайны ў сваіх успамінах былы сакратар Крупскага падпольнага  райкама партыі Іван Фёдаравіч Ісачанка: «Калі мы праходзілі каля вёскі Ігрышча, я з групай партызан трапіў у засаду. Наш камсамольскі важак Вася Крачкоўскі першым заўважыў яе і з крыкам «Адыходзьце, таварышы, я прыкрыю!» адкрыў агонь. Ён забіў і параніў сямёра карацеляў, але і сам загінуў».

Як успамінаў В.М. Брыжэўскі, член Барысаўскага падпольнага рэгіянальнага камітэта, 28 сакавіка 1942 года ў няроўным баі ва ўрочышчы Пеністы Ручай ля хутара быў разгромлены атрад Мядзведзева. Сярод загінуўшых была член Крупскага райкама камсамола Кацярына Нікіфараўна Трыпуцень, тады ж быў цяжка паранены сакратар Крупскага райкама камсамола Канстанцін Серабракоў і камсамолка Паліна Левіна. Карнікі захапілі іх у палон і пасля здзекаў падчас допытаў расстралялі ў м. Халопенічы.

Халопеніцкія падпольныя райкам партыі і райкам камсамола былі створаны ў кастрычніку 1942 года. Першым сакратаром райкама камсамола стаў І.С. Пыскін, другім – Б. Пятроўскі (падпольная мянушка Мікалай Антонавіч Каліноўскі). У склад бюро ўвайшлі Павел Савельевіч Шалак, Ефрасіння Іларыёнаўна Яўневіч і Ілья Зярноў. Інструктарамі былі зацверджаны П.С. Шалак, Е.І. Яўневіч, Е.І. Зінькевіч, Н.В. Скуратовіч, М.А. Наўроцкі.

Ефрасіння Іларыёнаўна Яўневіч да вайны працавала настаўніцай у вёсцы Жартай былога Халопеніцкага раёна, была сакратаром камсамольскай арганізацыі. Падчас акупацыі разам з Васілём Захарэвічам, Максімам Стаіным, Платонам Стаіным пачала весці падпольную работу. Праз Івана Пыскіна звесткі пра размяшчэнне частак Барысаўскага гарнізона, што здабываліся з рызыкай для жыцця, перадаваліся па рацыі за лінію фронту. Калі ўзмоцнілася пагроза арышту Яўневіч пайшла ў партызаны. Пасля вайны яна жыла ў Халопенічах, выкладала ў школе беларускую мову і літаратуру, узнагароджана знакам «Выдатнік народнай асветы БССР».

Дыверсійная група т. Кісялёва (у цэнтры) з атрада Актыўна дзейнічалі камсамольцы-падпольшчыкі Вера Раманаўна Сакалоўская са Шчаўроў, якая потым працавала карэктарам падпольнай газеты «Чырвоны сцяг», Вікенцій Захаравіч Шульга, Вольга Мікалаеўна Нядбайла, Елізавета Давыдаўна Трыпуцень з Вялікага Восава, Ганна Цыванёнак з Якімаўкі, Надзея Іосіфаўна Апет з Запруддзя, Пётр Лявонавіч Кісялёў і Сямён Паўлавіч Шаўко з Халопеніч і іншыя.

Пётр Лявонавіч Кісялёў працаваў фельчарам Халопеніцкай бальніцы. Праз сувязную Нядбайла ў верасні 1943 года ў партызанскую брыгаду імя Кірава быў перапраўлены хірург Васіль Фёдаравіч Дробат і дзве медсястры. У той жа дзень з бальніцы былі вывезены амаль усе медыцынскія інструменты, вялікая колькасць медыкаментаў і перавязачных матэрыялаў. Кісялёў быў арыштаваны гестапаўцамі ў красавіку 1944 года, калі хаваў міну, атрыманую ад партызанаў для правядзення дыверсіі. Адважнага змагара спалілі ў Крупках. Пасмяротна ён узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны.

Былі расстраляны або спалены жывымі камсамольскія важакі Валянціна Макрыцкая з Падбярэззя, Кацярына Зуёнак з Восава і многія іншыя. Камсамолка Кацярына Казак з Грыцкавіч таксама працавала ў гады акупацыі ў Халопеніцкай бальніцы. Праз сувязнога камсамольца Івана Якушэвіча яна перадавала партызанам медыкаменты. Пры пагрозе правалу імкнулася пайсці да партызанаў, але не паспела – яе схапілі і расстралялі.

Падчас адной з аблаў была схоплена і закатавана на допытах сувязная з Запруддзя, член падпольнай камсамольскай арганізацыі Надзея Апет. Калі яе схапілі, Надзея змагла непрыкметна выкінуць і затаптаць у снег лісток з запісамі, якія несла на яўку. Пазней, у Халопеніцкай турме, калі маці дазволілі адзінае спатканне, дзяўчына шапнула: «Прайдзі па маіх слядах…» Фёкла Пятроўна знайшла лісток і перадала звесткі партызанам. Надзея Іосіфаўна Апет пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны.

Падпольных камсамольскіх арганізацый рабілася ўсё больш. У Вялікім Восаве яе ўзначаліў Браніслаў Пятроўскі, у Шчаўрах – Вера Сакалоўская, Версанцы – Пётр Кісялёў, Якімаўцы – Надзея Цыванёнак, Падбярэззі – Дзяніс Ганчаронак, Халопенічах – Паладзій Кострыкаў. Усяго да канца 1943 года ў раёне было 32 падпольныя камсамольскія арганізацыі. Яны не толькі змагаліся з ворагам, вялі растлумачальную работу сярод насельніцтва, але і вербавалі паліцэйскіх з Пярэсікі. У выніку пярэсіцкі гарнізон быў разгромлены, а частка былых паліцэйскіх улілася ў партызанскі атрад.

Падпольныя групы ствараліся і ў зоне дзеяння Крупскага райкама камсамола – у Мажанах (кіраўнік Іван Лебедзеў), Асяцішчы (Павел Аўхімовіч), Селішчы (Антон Цітавец), Слабадзе (Іван Пацына).

Часам лічбы бываюць красамоўней за любыя словы. На акупаванай тэрыторыі, калі за прыналежнасць да камсамола пагражаў расстрэл, камсамольскія рады значна пашыраліся. Так, са студзеня па снежань 1943 года ў раёне было прынята ў камсамол 69 юнакоў і дзяўчат, са студзеня па чэрвень 1944-га – 35.

Нярэдка партызаны-камсамольцы вялі свае асабістыя рахункі. Напрыклад, у брыгадзе імя Кірава да кастрычніка 1943 года камсамолец Дваяглазаў меў на рахунку 12 знішчаных гітлераўцаў, Ліхачэўскі – 15, Галадок – 9, Валодзін і Шапавалаў – па 12, Львоў і Зямніцкі – па 19.

8 кастрычніка 1942 года ля вёскі Нача здзейсніў свой бессмяротны подзвіг малады партызан Даніла Барысавіч Вярэка. З-за ўзмоцненай аховы чыгункі падрыўнікі не маглі наблізіцца да яе. Тады Даніла вырашыў выкарыстаць падыход эшэлона, калі ўвага варты слабела. У той момант ён з мінай у руцэ кінуўся на насып. Часу не хапала, тады Вярэка кінуўся на рэйкі і цаной свайго жыцця ўзарваў эшалон, што ішоў на фронт.

У брыгадзе Жуніна сваімі баявымі справамі вызначаўся 28-ы камсамольска-маладзёжны атрад Аляксандра Цярноўскага. У яго складзе ваяваў і Аляксей Сцяпанавіч Лукашэвіч, якому ў 1944 годзе пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. З яго ўдзелам пад адхон пайшлі 9 варожых эшалонаў.

Аднойчы ў 28-ы камсамольска-маладзёжны атрад прыйшоў 13-гадовы хлапчук з просьбай залічыць яго ў разведку. Разведчык Барыс Крывашэін стаў першым падлеткам партызанам у брыгадзе С. Жуніна. Вось што пісаў пра яго Цярноўскі: «Асобае месца ў партызанскай разведцы займаў Бора Крывашэін. Смелы, вынаходлівы, жывы як ртуць, ён неаднаразова выратоўваў нас, дарослых, з вельмі цяжкіх і небяспечных становішчаў, з такіх, як, напрыклад, пераход праз гаць пад Ухвалай». Наконт гаці Цярноўскі меў на ўвазе наступнае. Група партызан вярталася з задання. Недалёка ад Ухвалы праз балота цягнулася доўгая гаць. Гэта было самае небяспечнае месца: у лесе ў выпадку неспадзяванага нападзення партызаны мелі магчымасць манеўра, а на гаці, пасярод балота, калі што, яны аказваліся ў пастцы. Прадбачлівы Барыс падсеў на воз да ганчара, які тым часам ехаў па дарозе, каб у выпадку чаго даць партызанам знак. Аказваецца, там і сапраўды была засада. Гітлераўцы спынілі селяніна, а на хлопчыка не звярнулі ўвагі. Воз рушыў далей, і партызаны атрымалі папярэджанне. Часта Барыс праводзіў разведку, перш чым у населены пункт увойдуць партызаны. Ніхто не падазраваў у хударлявым хлапчуку партызанскага разведчыка. Нароўні з дарослымі Барыс удзельнічаў у баявых аперацыях, затым стаў ад’ютантам камандзіра атрада – спачатку Аляксандра Цярноўскага, а затым, калі яго, цяжка параненага, адправілі на Вялікую зямлю, Ігара Аляксандрава, а пасля яго гібелі – Аляксея Інякіна.

Цёплай майскай раніцай каля вёскі Козел месцамі былі заўважаны пяць конных, гэта вярталіся ў партызанскі лагер камандзір атрада, яго ад’ютант і яшчэ трое партызан. Раптам з засады раздаліся частыя стрэлы. Конь пад Крывашэіным быў забіты. Пакуль былі боепрыпасы, юны партызан адстрэльваўся, затым узарваў сябе і гітлераўцаў гранатай. Пасмяротна Барыс быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Камсамольска-маладзёжныя баявыя групы ствараліся практычна ва ўсіх партызанскіх брыгадах і большасці асобна дзеючых атрадаў.

Вядома, што на працягу ўсёй акупацыі на тэрыторыі Крупскага раёна дзейнічаў атрад «Гвардзеец» партызанскай брыгады імя П.К. Панамарэнкі. Камсамольска-дыверсійная група гэтага атрада пад камандаваннем Кісялёва мела на сваім рахунку некалькі пушчаных пад адхон эшалонаў праціўніка.

Вось такія яны, асобныя штрыхі, што расказваюць пра дзейнасць камсамольцаў у гады вайны. Яны прайшлі шлях цяжкай барацьбы з акупантамі. Яны ўпісалі яркую старонку ў гісторыю камсамола Беларусі. І ёсць там годны радок, які сведчыць пра мужнасць і гераізм членаў Крупскай раённай камсамольскай арганізацыі.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

  • Район
  • Область

Актуально

27 ноября можно получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ»

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача общей практики на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября.
Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

23 ноября "прямую линию" проведет председатель районного Совета депутатов

В субботу, 23 ноября, с 9.00 до 12.00 прямую телефонную линию проведет председатель Крупского районного Совета депутатов ДОМАРЁНОК Елена Александровна. Телефон 2-77-47.

27 ноября в Крупской ЦРБ пройдет консультация врача-гинеколога

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача-гинеколога на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября. Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

27 ноября в Крупской ЦРБ пройдет консультация хирурга-стоматолога

Крупская ЦРБ информирует о возможности получить консультацию врача хирурга-стоматолога на базе УЗ «Крупская ЦРБ» 27 ноября. Запись на консультативный прием предварительный, через лечащего врача.

22 октября ИМНС проводит день информирования по вопросом применения налога на профдоход

22 октября инспекцией Министерства по налогам и сборам Республики Беларусь по Борисовскому району для физических лиц проводится тематический день информирования по разъяснению вопросов применения налога на профессиональный доход при осуществлении видов деятельности, разрешенных для осуществления в качестве самостоятельной профессиональной деятельности, определенной приложением 2 к постановлению Совета Министров Республики Беларусь от 28.06.2024 № 457 «О видах индивидуальной предпринимательской деятельности». Обращаться в отдел информационно-разъяснительной работы инспекции по тел. (0177) 73-93-27.

С 18 сентября работает "горячая линия" по лицензированию в сфере социального обслуживания

Крупский ТЦСОН информирует, что с 18 сентября работает телефон "горячей линии" 2-10-30 по вопросам лицензирования в сфере социального обслуживания и организации ухода за нетрудоспособными гражданами.

Please publish modules in offcanvas position.