Дарагія ўспаміны
Знаёмства з Тапарышчам у нас з калегай адбылося падчас паездкі ў вёску на свята. Так сталася, што бабуля нашага вадзіцеля жыла там. Мы слухалі, як Уладзімір Пятровіч у свае юнацкія гады ездзіў з пасёлка Крупскага на ровары з прывязанымі косамі на сенакос – спачатку скасіць траву, потым трэба паварочаць, каб прасушылася з усіх бакоў. А ўжо потым звезці і скласці, каб кароўцы хапіла ежы на ўсю зіму. А ў перапынках паміж працай – гульні з хлопцамі на свежым паветры. І столькі было пяшчоты ў гэтым аповядзе! Нездарма кажуць, што дарагія ўспаміны грэюць душу.
Маляўнічыя краявіды з водарам бэзу адкрыліся перад намі, калі прыехалі на месца. Гучала музыка, сяброўскія абдымкі і радасныя словы вітання стваралі цёплы і па-сямейнаму ўтульны настрой.
Вяртанне да каранёў
Вёска Тапарышча ўзнікла яшчэ ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Тады прадпрыймальныя сяляне знайшлі на плошчы каля 2-х гектараў вапняковы камень. Яго абпальвалі ў збудаванай печы на высокім месцы. Атрымлівалася звычайная вапна, якую ахалоджвалі ў вялікай пабудове – гмаху. Потым вапну вазілі на продаж у Бобр ці Чарэю.
Цяпер у вёсцы пражывае менш за дзесяць чалавек. Але цягне малая радзіма, бо тут засталася часцінка сэрца. Таму і з’явілася тры гады таму ідэя сустракацца разам.




– Сам я родам з Тапарышча, – расказвае Сяргей Сліборскі. – Тут прайшло маё дзяцінства. Спачатку ў вёсцы была школа-васьмігодка. У ёй вучыліся мясцовыя дзеці, а таксама з вёсак Стральцы, Запуткі, Мальцы. У вёсцы на той час многа было жыхароў. Амаль у кожнай хаце – шматдзетныя сем’і жылі. Я толькі ў бацькоў адзін (усміхаецца). У нашай школе я вучыўся да шостага класа, а як школу зачынілі, хадзіў у Язбоўскую школу за пяць кіламетраў. Ішлі праз лес пешшу вялікім гуртам дзяцей. А зімой мы, старэйшыя, дарогу пракладвалі па снезе малодшым. І ніякай стомленасці не адчувалі, весела было па дарозе, жартавалі, смяяліся. Памятаю, як ужо хадзіў у Язбоўскую школу, у вёсцы з’явілася электраэнергія. А дагэтуль урокі рабіў пры газавай лямпе. Маці яе націрала, каб блішчэла. Вучыўся добра, школьныя гады адклаліся ў памяці назаўсёды. Знаходзілі і час для гульняў. Клуба свайго ў нас не было. Хадзіла моладзь у Лютыя праз лес ці ў Запуткі. Старэйшае пакаленне на танцы хадзіла ў Запуткі. Там збіраліся хлопцы і дзяўчаты з Прошыкі, Худаўцоў і іншых вёсак. А мы хадзілі ў Лютыя ў клуб.



Сяргей Мікалаевіч пабудаваў сям’ю ў Крупках. Сам ужо на заслужаным адпачынку. Але не кідае бацькоўскую хату.
– Сялібу сваю даглядаю, прыязджаю сюды, – кажа ён. – А як інакш? Тут усё роднае і дарагое. Не адпускае вёска, цягне да сябе. Трэці год збіраемся са сваімі землякамі. Такую ідэю прапанаваў Віктар Юркевіч. А вось і ён ідзе, знаёмцеся.
– Добры дзень! – кажа Віктар Віктаравіч. – Неяк я прыехаў у Тапарышча, каб дапамагчы Сяргею Сліборскаму рамантаваць лазню на бацькоўскай сялібе. А ідэя сустрэчы з роднымі людзьмі ў меня, прызнацца, даўно была ў думках. Шмат пытанняў было ў галаве: «Як да гэтага аднясуцца мае землякі? Ці падтрымаюць? Ці збяруцца разам у адзін дзень?» Падзяліўся з Сяргеем задумкай. Ён таксама загарэўся гэтай ідэяй. Пайшлі да Люды Шаўцовай, мясцовай жыхаркі. А яна кажа: «Я абедзвюма рукамі «за»!» Вось з гэтага ўсё і пачалося. Першым чынам зрабілі ў вёсцы навес – такую своеасаблівую альтанку. Падтрымаў нас і старшыня Акцябрскага сельвыканкама Андрэй Уладзіміравіч Андрэйка – за гэта яму вялікі дзякуй. І вось ужо трэці год збіраемся мы разам. Я нарадзіўся ў Тапарышчы, вунь наша хата (паказвае). У чатырохгадовым узросце разам з бацькамі пераехалі ў пасёлак Крупскі. Як стаў паўналетнім, пакінуў бацькоўскае гняздо. Жыву ў горадзе Жодзіна. Дарэчы, я – энергетык. І зараз працую на будаўніцтве фізкультурна-аздараўленчага комплекса ў Крупках. З тапарышчанскага дзяцінства добра памятаю, як у госці да нас прыязджаў дзед са звязкай абаранкаў на шыі. А гэта сустрэча землякоў на цэлы год дае зарад бадзёрасці, станоўчых эмоцый. Успаміны жывуць у нашых сэрцах і саграваюць іх. І пакуль людзі будуць вяртацца сюды, да тых часоў і будзе вёска жыць. Уявіце сабе, тры гады назад я сустрэў сваіх землякоў, якіх не бачыў 60 гадоў. Колькі было радасці!
– Я ўпершыню прыехала на сустрэчу, – дзеліцца Тамара Якаўлеўна Вараб’ёва. – Вельмі прыемна зноў вярнуцца ў сваё дзяцінства. Хоць, прызнацца, было яно нялёгкім. Нас з дзяцінства прывучалі да сялянскай працы. Мама мая была даяркай, а я ёй дапамагала, бо шкадавала яе – трэба было 25 кароў падаіць. Так у сем гадоў навучылася каровак даіць. Некаторых сваіх аднавяскоўцаў сёння нават не пазнала, бо не бычыла 50-60 гадоў. За гэты час мы ўсе змяніліся (усміхаецца). Аднакласніца мая, Люда, так у вёсцы і засталася жыць. Кожнага сёння прыемна бачыць. Такая цудоўная атмасфера пануе! Дзякуй усім, што родны куток не забываюць!




Традыцыі продкаў
Сустрэча адбылася ў Траецкую суботу. Дарэчы месца сустрэчы, альтанку, як і ў ранейшыя часы ўпрыгожылі галінкамі бярозкі і палявымі кветкамі.
– Як вы ўжо ведаеце, з Тапарышча мой муж, – кажа Ала Уладзіміраўна Сліборская. – 24 лістапада 1978 года тут адбылося наша вяселле, гулялі тры дні. Гарманісты гралі, песні спявалі. З тых часоў і для мяне вёска стала роднай. Дарэчы, у 70-я гады ў вёсцы гасцяваў ансамбль «Песняры». Мы з мужам выхавалі траіх дзяцей. У нас – сем унукаў. Сёння тры пакаленні нашай сям’і тут. Упэўнена, што продкі нашы радуюцца за нас з нябёсаў. Раніцай наведала Богаслужэнне ў храме, паставіла свечкі за спачын родных людзей. Памяць пра іх жыве ў нашых сэрцах. І на сустрэчы заўсёды ўспамінаем продкаў, дзякуем ім за жыццё.
Алену Іванаўну Смірнову з Крупак запрасілі на свята сябры.
– Тут так утульна, як у вялікай сям’і, – кажа яна. – Сабраліся на свята сем’і некалькімі пакаленнямі, сябры, суседзі, знаёмыя з розных куткоў. І гэта вельмі добра для моладзі і дзяцей – ведаць сваіх продкаў, адкуль пайшоў род. Мне сёння пашчасціла, што давялося стаць часткай такой душэўнай імпрэзы.
Смажыўся шашлык, у кацялку кіпела юшка з рыбы. За справай – Васіль Красоўскі, вопытны рыбак.
– Рыба з нашай ракі Бобр, – тлумачыць Васіль Васільевіч. – Тут акунь, падлешчык, галавень, гусцёркі. Ёсць у мяне свой сакрэт прыгатавання (усміхаецца). У Тапарышчы дзедава хата. Тут жылі мае бацькі. Прывезлі мяне з раддому, старэйшаму брату давялося саступіць мне месца ў зыбалцы. Гэта калыска, якую падвешвалі да столі. Як мне споўніўся год, бацьку перавялі на другое месца працы Крупскага ваеннага лясніцтва. Так мы засталіся жыць у пасёлку Крупскім. Ну, і Тапарышча, вядома, не забываем, бо гэта малая радзіма.









Добры настрой і шчырыя песні дарыў аматарскі калектыў «Сялявіца». А цёплыя ўспаміны сустрэчы будуць доўга радаваць родных людзей.


