Сёння, у дзень выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, мы пабывалі ў пасёлку Лянок, дзе разгарнулася сапраўдная народная імпрэза.
– Свята гэтае поўнае жартаў, забаў, асаблівай весялосці, гарэзлівасці і гуллівасці, – зазначыла дырэктар Лянокскага сельскага Дома культуры Каміла Аляксандрава. – Самі бачыце, што жыхары Лянка і блізляжачых населеных пунктаў, ідучы на выбарчы ўчастак, які знаходзіцца ў будынку адкрытага акцыянернага таварыства “Крупскі льнозавод”, не праходзяць міма нас. А тут усіх сустракае народны ансамбль народнай песні “Ляночак”, самыя розныя гульні, сцэнкі, жарты. Зіма, як вядома, не хоча развітвацца з намі, таму ўсе мы паклапаціліся аб тым, каб яе ўлагодзіць і пазабавіць. Але ж усе мы чакаем і гукаем Вясну. І яна – прыгожая, зялёная, у квяцістым вяночку са сваімі Вяснянкамі “хутка прынясе зялёную травіцу і цёплую вадзіцу, каб усе шчаслівыя і працавітыя былі”. І, як вядома, свята маслам не сапсуеш. Таму жадаючыя ласуюцца і блінамі, і блінчыкамі з самымі рознымі начынкамі. Круглыя і гарачыя, яны праслаўляюць вясенняе сонца, якое свеціць усё ярчэй, радуе цяплом. А напрыканцы будзем спальваць пудзіла.
– Міма такога дзеяння не прайсці проста немагчыма, – гаварыла жыхарка пасёлка Лянок Ала Рогава, якая толькі што прагаласавала на выбарчым участку. – Аб правядзенні свята паведамлялі афішы, таму я спецыяльна прымеркавала галасаванне на гэты час. Хацелася і аддаць свой голас за кандыдата ў дэпутаты, і папрысутнічаць на цікавым мерапрыемстве. Тым больш, што сёння Даравальная нядзеля і бачу, як у апошні дзень перад Вялікім постам вернікі просяць адзін у аднаго прабачэння, каб прыступіць да яго з чыстай душой.