Сюды завіталі і дарагія госці: намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў і старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.
Памятны знак майстра-гарбара, які ўвасабляе рабочага-рамесніка местачковага Капыля канца ХIХ-першай паловы ХХ стагоддзя, прысвечаны маладому пісьменніку — капыляніну Цішку Гартнаму (Дзмітрыю Жылуновічу). Сваю працоўную дзейнасць ён пачынаў менавіта тут, у гарбарнай майстэрні, дзе цяпер знаходзіцца Капыльскі раённы краязнаўчы музей.
Пачэснае права адкрыць памятны знак было даручана старшыні Капыльскага райвыканкама Сяргею Пілішчыку і дырэктару раённага краязнаўчага музея Валянціне Шураковай.
Звяртаючыся з прывітальным словам да ўсіх, хто прыняў удзел у мерапрыемстве, Валянціна Леанідаўна адзначыла, што сёння як ніколі адчуваецца дыханне гісторыі і вельмі сімвалічна, што гэта падзея адбываецца каля сценаў былой гарбарні, дзе працаваў Цішка Гартны і дзе ён пісаў свой знакаміты “Дзённік габрара”.
Верш, прысвечаны любай Капыльшчыне, выканаў юны гімназіст Михаил Капцяеў.
Дарэчы, дзеля таго, каб вырабіць памятны знак, праходзіў конкурс. Па выніках галасавання лепшым з прадстаўленых эскізных праектаў быў прызнаны праект творчага калектыву ў складзе скульптара, члена ГА «Беларускі саюз мастакоў» і «Беларускі саюз дызайнераў», дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдата мастацтвазнаўства Паўла Вайніцкага і архітэктара, намесніка начальніка аддзела ЖКГ, архітэктуры і будаўніцтва Капыльскага райвыканкама Алесі Атрашкевіч.
Дзіяна ТКАЧЭНКА, kopyl.by