У першым раздзеле змешчаны наступныя адметныя гістарычныя даты: 570 гадоў таму з’явіліся першыя звесткі аб паселішчы Халопенічы; 505 гадоў з часу першага ўпамінання ў гістарычных крыніцах мястэчка Бобр; 455 гадоў з таго часу, як Крупшчына ўвайшла ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У наступным годзе споўніцца 125 гадоў з пачатку дзеяння фабрыкі запалкавай саломкі ў мястэчку Крупкі Сенненскага павета і 100 гадоў, як Крупская і Бобрская воласці ўвайшлі ў склад БССР. 90 гадоў таму – 30 верасня 1931 года – выйшаў першы нумар раённай газеты «Камуністычны шлях».
А цяпер, што датычыць прадпрыемстваў і ўстаноў. 2 ліпеня свой 85-гадовы юбілей адзначыць Крупскі лясгас. У студзені наступнага года споўніцца 65 гадоў з дня ўтварэння Крупскай райветстанцыі і Крупскай райветлабараторыі. Такую ж дату адзначыць і КУП «Жылцеплабуд». У 1976 годзе – 45 гадоў таму – уведзена ў эксплуатацыю Крупская газакампрэсарная станцыя. 30-годдзе з дня ўтварэння адзначаць Крупскі раённы аддзел Мінскага абласнога Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, Цэнтр банкаўскіх паслуг № 525 г. Крупкі ААТ «Белаграпрамбанк» і раённы Цэнтр занятасці насельніцтва. У першы дзень студзеня споўніцца 25 гадоў з часу ўтварэння Крупскага раённага вузла электрасувязі. У верасні Худавецкая СШ адзначыць 85-годдзе з дня заснавання навучальнай установы, а ў маі – Крупская дзіцячая бібліятэка сваё 70-годдзе. 25 гадоў таму быў заснаваны народны ансамбль народнай песні «Жывіца», званне «народны» атрымаў у 2007 годзе.
Слаўныя юбілеі і ў нашых знакамітых землякоў – паэтаў і пісьменнікаў: 10 мая – 75-годдзе з дня нараджэння Аляксандра Барадача, ураджэнца в. Майск, 8 студзеня – 70-годдзе з дня нараджэння Міхаіла Баравулі, які нарадзіўся ў в. Гумны, 27 жніўня – 50-годдзе Алены Якаўлевай з Ігрушкі. 18 жніўня 70-гадовы юбілей адзначыць кампазітар Аляксандр Навахрост.
Раздзел «Крупшчына гераічная» прадстаўлены ў асноўным імёнамі Герояў Савецкага Саюза. 23 студзеня споўнілася б 115 гадоў з дня нараджэння ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Дзмітрыевіча Конанава – ураджэнца г.п. Бобр, 23 лютага – Андрэя Антонавіча Парцянкі з в. Дубраўка, а 22 сакавіка – 125-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Мікалаевіча Марцынкевіча з мястэчка Крупкі. 21 лістапада – 125 гадоў з дня нараджэння дзяржаўнага і грамадскага дзеяча БССР Дзмітрыя Філімонавіча Прышчэпава, які нарадзіўся ў 1896 годзе ў в. Калодніца.
Ёсць у нас і юбіляры – Ганаровыя грамадзяне Крупскага раёна. 7 кастрычніка споўніцца 85 гадоў беларускаму паэту-песенніку Івану Цітаўцу – ураджэнцу в. Вялікі Вязок, а 10 чэрвеня – 75 гадоў мастацтвазнаўцу, лаўрэату прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Галіне Фатыхавай, якая нарадзілася ў в. Ігрушка.
Свае юбілейныя даты адзначаць у наступным годзе і іншыя землякі-ардэнаносцы, а таксама ўстановы і арганізацыі Крупшчыны.