Да прыкладу, у суботу там свае работы прадставілі ўстановы сацыяльнай сферы Міншчыны. У іх ліку і Крупскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва. Трэба адзначыць, што ля павільёна, дзе размясцілася наша экспазіцыя, было заўсёды людна – адразу відаць, што арганізатары да падрыхтоўкі падышлі грунтоўна. Добрую частку сувенірнай прадукцыі складалі вырабы з нашага знакамітага беларускага лёну. Гэта млыны, дамавічкі, шкатулкі, разнастайныя ўпрыгожванні.
– Асаблівым попытам карысталіся нашы лялькі-абярэгі, – расказвае загадчык аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей Наталля Навахрост.– Яны не толькі арыгінальна выраблены, але і суправаджаліся спецыяльнай інструкцыяй па карыстанні. Так што, будзем верыць, што гэтыя сувеніры, створаныя клапатлівымі рукамі людзей залатога ўзросту, будуць ахоўваць сваіх гаспадароў ад усяго дрэннага.
Таксама прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў выставы магніты з фотаздымкамі крупскіх славутасцяў: возера Сялява, сядзібнага дома Свяцкіх, ракі Бобр, каменных скульптур з гарадскога парку. Увогуле, панавала атмасфера свята, творчасці і добрага настрою. Людзі прыязджалі групамі, асобна сем’і з дзецьмі розных узростаў, а таксама турысты з-за мяжы.
– Надвор’е было спрыяльным, госці вельмі адкрытыя, сардэчныя. Адчувалася сапраўднае народнае адзінства, і гэта было вельмі прыемна, – адзначае Наталля Навахрост.