– У лясгасе распрацаваны план мерапрыемстваў, вызначаны работы па аднаўленні лясоў, добраўпарадкаванні і ачыстцы ляснога фонду, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Крупскі лясгас» Наталля Камовіч. – Падчас правядзення Тыдня лесу плануецца высадзіць тысячы дрэў, на трох аб’ектах будуць праведзены імянныя пасадкі лясных культур, уборка лесу ад засмечанасці, прыведзена ў парадак замацаваная за намі зона адпачынку возера Сялява. Нашы лясніцтвы падрыхтавалі пасадачны матэрыял і рабочыя інструменты. У акцыі «Тыдзень лесу-2016» запрашаем паўдзельнічаць усіх жадаючых. Упэўнена, што чалавек, які пасадзіў у зямлю хаця б некалькі маленькіх расточкаў, ніколі не будзе знішчаць дрэвы ў лесе, уздоўж дарог, азёр і рэк, а пасля адпачынку на прыродзе не будзе пакідаць непатушанае пасля сябе вогнішча.
Далей Наталля Аляксандраўна гаварыла аб тым, што лясгас цесна супрацоўнічае з усімі школамі раёна. На базе Крупскай пасялковай сярэдняй школы створана школьнае лясніцтва «Лесавічок». Самы актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах па зберажэнні лесу прымаюць вучні Ухвальскай, Бобрскай і Узнацкай сярэдніх школ, СШ № 3 г. Крупкі, раённай гімназіі.
– Мы з задавальненнем даем магчымасць усім, хто хоча мець уяўленне аб рабоце лесавода, бліжэй пазнаёміцца з лясным багаццем Крупшчыны, даведацца, якімі намаганнямі і працай ствараюцца і захоўваюцца нашы лясы.