Бясспрэчна, што работы ўсім вядомага самадзейнага рэзчыка па дрэве Аляксея Гарбунова і яго выхаванцаў з выяўленчай студыі, якой ён кіруе, прыцягнуць увагу наведвальнікаў музея. Тут можна будзе ўбачыць выразаных з дрэва казачных герояў і герояў былін, воінаў, самы розны посуд – міскі, талеркі, конаўкі, ёсць нават інкруставаная дошка для меню. Асобны раздзел выставы – «Сегментнае тачэнне», дзе свае ўнікальныя вырабы ўпершыню прадстаўляе самадзейны мастак Уладзімір Сасноў. Проста немагчыма не захапляцца цудоўнымі вазамі для сухацветаў, мініяцюрнымі чаркамі, ёмістасцямі для спецый, іншымі вырабамі майстра. А каб убачыць усю гэту прыгажосць, прыходзьце ў музей 13 снежня. Выстава будзе дзейнічаць да 14 студзеня наступнага года.