Як нам паведамілі спецыялісты Барысаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, ахоўныя меры звязаны з пачаткам нерасту ў гэтага віду. Шчупак ідзе на яго раней за іншых вясенне-нерастуючых рыб, паколькі не такі патрабавальны да прагрэву вады, а часам нерастуе нават пад лёдам. Ён накіроўваецца супраць цячэння па рэках, каналах і, знайшоўшы месца, пачынае працэс размнажэння.
Выпадкова злоўлены шчупак павінен быць выпушчаны ў непашкоджаным выглядзе. Не варта выпрабоўваць лёс: «авось пашанцуе». Незаконна злоўлены рыбаком шчупак, незалежна ад памеру, абыдзецца ў 9 базавых велічынь, а гэта 229 руб. 50 кап., плюс штраф ад 20 да 50 базавых велічынь за лоўлю рыбы ў забаронены час або тэрміны.
У арандаваных рыбалоўных угоддзях Крупскага раёна, прадастаўленых у арэнду, а гэта возера Сялява, Абіда і Худавец, арганізавана платнае аматарскае рыбалоўства шляхам рэалізацыі арандатарамі рыбалоўных угоддзяў грамадзянам пуцёвак на платнае аматарскае рыбалоўства. Лоўля рыбы без пуцёўкі забараняецца.
Нагадаем, што Правілы вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства забараняюць знаходзіцца з забароненымі прыладамі лоўлі з сеткаматэрыялаў, у тым ліку, нават калі яны знаходзяцца ў транспартным сродку, у 1 км ад берагавой лініі любога вадаёма.