– Да сезона мы рыхтаваліся загадзя. Зразумела, што проста прыйсці ў лес і выбраць любую бярозу нельга. Падсочка – сур’ёзнае выпрабаванне для дрэва, ад няправільных дзеянняў яно можа нават загінуць. Таму з ляснога фонду мы падабралі падыходзячыя дзялянкі і ўжо больш тыдня таму зрабілі падсочку. І бярозавік пайшоў. Многія, пэўна, убачылі, як нашы работнікі прадаюць сок ля магазіна «Еўраопт» горада. Рэалізацыя смачнай бярозавай прадукцыі праводзіцца ў Крупскім, Бобрскім вопытна-вытворчым, Гумнаўскім, Выдрыцкім, Ухвальскім лясніцтвах.
Можна рабіць падсочку і самастойна. Для гэтага трэба звярнуцца ў лясніцтва і выпісаць лясны білет, на падставе якога будзе складзены акт аб перадачы лесасекі. Леснікі пакажуць, дзе дазволена нарыхтоўка бярозавага соку. Ліміт на яго колькасць не прадугледжаны. Калі збор закончыцца, неабходна замазаць шво і зноў паведаміць у лясніцтва. Спецыялісты агледзяць дрэвы і складуць акт зваротнай перадачы лесасекі. Нават калі размова ідзе аб 2-3 дрэвах, алгарытм дзеянняў не змяняецца.
Браканьерская ж падсочка караецца законам. Так, нарыхтоўка соку на тэрыторыях, дзе яна забаронена, парушэнне ўстаноўленых тэрмінаў, прымяненне забароненых сродкаў і метадаў цягнуць за сабой адміністрацыйную адказнасць па артыкулу 15.26 КаАП Рэспублікі Беларусь з накладаннем штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь (510 рублёў).