Выставу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Пад мірным небам» арганізавалі ўстановы дадатковай адукацыі Міншчыны. Наш раён прадставіў вернісаж «Беларусь – гэта мы».
– Нядаўна былі падведзены вынікі абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу пад дэвізам «Беларусь – мая мова і песня», – расказвае дырэктар Цэнтра дзіцячай творчасці Вераніка Сяліцкая. – Ён праводзіцца адзін раз у два гады і з’яўляецца своеасаблівым падвядзеннем вынікаў дзейнасці навучэнцаў і педагогаў. На конкурс мы прадставілі 20 работ мастацкай і 20 работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці, што прынесла нашаму раёну 13 дыпломаў. Гэтыя работы і склалі вернісаж «Беларусь – гэта мы».
Трэба сказаць, што ля экспазіцыі крупчан заўсёды было мнагалюдна, наведвальнікі цікавіліся работамі, распытвалі пра аўтараў і тэхнікі выканання твораў. А нашы педагогі дадатковай адукацыі Аксана Коваль і Ганна Кухта не толькі расказвалі, але і правялі майстар-клас па вырабу славянскай ахоўнай лялькі «Хараство».
Адмецім, што кожныя выхадныя лета на Кургане Славы будуць праходзіць тэматычныя выставы.
Іна ГАРА. Фота Крупскага ЦДТ.



На знакамітым мемарыяле цяпер ладзіцца шмат творчых імпрэз да Года народнага адзінства. І крупчане – іх актыўныя ўдзельнікі.