– У мяне самыя розныя гатункі расады – «Бычье сердце», «Цыганочка», «Витязь», «Загадка»... У цяпліцу высаджваю яе вельмі рана, – расказвала Ала Георгіеўна, калі прынесла ў рэдакцыю два памідоры: адзін – вагой 722 грамы, а сярэдзіна другога аказалася вельмі ўжо фігурнай. – Люблю даглядаць памідоры, таму праблем з імі няма. А ўсё, мабыць, таму, што ведаю, з якой перыядычнасцю праводзіць тую ці іншую працэдуру, якая не толькі станоўча ўплывае на колькасць і якасць таматаў, але і захоўвае іх ад каварнай фітафторы і іншых непрыемных хвароб. За лета праводжу некалькі такіх працэдур і ўраджай атрымліваецца выдатным.
Памідоры ў сям’і Закрэўскіх, як зазначыла гаспадыня, любяць усе. Але вельмі ўжо да спадобы яны ўнукам. Да іх, дарэчы, яны заўсёды просяць... сала.
– Савелій, напрыклад, аддае перавагу вялікім па памерах таматам, а вось Ілона адбірае памідоры ў выглядзе перцаў, – працягвала Ала Георгіеўна. – Толькі што зняла цэлае вядро, дык унукі кожны сабе выбіралі тыя, якія жадалі. А вялізныя чырвоныя памідоры вісяць на кустах штук па 11-12, ледзь-ледзь адразаеш іх. Плод, што вам паказала, напрыклад, заважыў 722 грамы. Мо’ і большыя былі, ды мы неяк не падумалі ўзважыць. А тут пабачылі ў газеце здымак з незвычайным агурком і вырашылі таксама вынесці свае таматы на суд чытачоў.
Мы ж пажадаем дбайнай гаспадыні далейшага няспыннага сяброўства з памідорамі!