У планах шмат цікавых мерапрыемстваў: фестываль кнігі і прэсы, унікальная выстава перыёдыкі часоў Вялікай Айчыннай вайны, аўтограф-сесіі, конкурсы, спартыўныя святы, а таксама ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Плануецца, што напярэдадні ў Шчучыне завершыцца рэспубліканская экспедыцыя «Шлях да святыняў», а непасрэдна ў дзень свята пройдзе навуковая канферэнцыя «Шчучынскія чытанні», адбудзецца міжнародны «круглы стол» «Сугучча», дзе выступяць аўтары з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Балгарыі і іншых краін.
Асноўныя падзеі фестывалю беларускага слова разгорнуцца на набярэжнай ля возера. Тут на пляцоўцы каля раённага Дома культуры размесцяцца галоўная сцэна і глядацкія рады. Гасцей свята чакаюць таксама рыцарскі турнір, які пройдзе на пляцоўцы каля адноўленага палаца Друцкіх-Любецкіх, дзіцячая пляцоўка, што размесціцца каля Беларусбанка.
Дарэчы, такое свята горад прымае ўпершыню і рыхтуюцца да яго адказна, старанна і сумленна. Тут разумеюць, што свята пройдзе, а тое, што зроблена, – застанецца яго жыхарам. У Шчучыне вядзецца рэканструкцыя многіх аб’ектаў. У прыватнасці, папрыгажэюць да свята школы і гімназія горада, на месцы старога кінатэатра адкрыецца сучасны маладзёжны цэнтр з більярдам, дзіцячым забаўляльным цэнтрам з кафэ, дыскатэкамі, кіназалай больш чым на 100 месцаў з тэхналогіяй 3D, памяшканнем для інтэлектуальных гульняў, дзе можна будзе таксама ладзіць канцэрты, праводзіць сустрэчы каманд КВЗ. Абнаўляецца і цэнтральная раённая бібліятэка, што носіць імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі), якая нарадзілася ў гэтых маляўнічых мясцінах. Адметна, што «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі (яна вядома яшчэ сваёй педагагічнай і дабрачыннай дзейнасцю), стала ў сваім родзе першым букваром на беларускай мове. Яшчэ адна падзея, а ў Дзень беларускага пісьменства яна і сімвалічная, – у горадзе з’явіцца новая кнігарня, рэканструкцыя будынка пад якую вось-вось закончыцца.
Да свята будзе завершана і рэканструкцыя жамчужыны архітэктуры горада, яго візітнай карткі – палаца Друцкіх-Любецкіх. Другога такога гістарычнага аб’екта ў горадзе няма. Пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя па праекце віленскага архітэктара Тадэуша Раствароўскага ён адносіцца да стылю неакласіцызму. Род Друцкіх-Любецкіх валодаў рэзідэнцыяй да 1939 года. Пасля вайны ў ім размясціліся ваенныя. Былі тут і кінатэатр, і магазін, і майстэрні. Доўгі час будынак заставаўся безгаспадарным і прыйшоў у запусценне. Сёння спецыялісты мясцовай будаўнічай арганізацыі і таварыства «Белрэстаўрацыя» адказваюць за вяртанне палацу першапачатковага аблічча. Былая княжацкая рэзідэнцыя будзе прымаць гасцей 22-га фестывалю пісьменнасці і стане пляцоўкай для правядзення свята, а затым месцам для заняткаў творчасцю дзяцей і моладзі.
На Дні беларускай пісьменнасці ў Шчучыне адбудзецца прэзентацыя першай з прысвечаных княжацкім родам Беларусі серыі кнігі пра род Іллінічаў. Кніга «Род Іллінічаў у Вялікім Княстве Літоўскім у ХV-ХVІ стагоддзях» – гэта калектыўная навуковая манаграфія супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. У выданні апісваюцца генеалогія, геральдыка і маёмаснае становішча роду Іллінічаў, у ім прадстаўлены таксама грунтоўны жыццяпіс розных прадстаўнікоў роду. У кнізе ёсць укладыш-карта, дзе абазначаны 150 гарадоў, мястэчкаў і вёсак, якія знаходзяцца ў межах сучасных Беларусі, Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, што належалі калісьці роду Іллінічаў. Прадстаўлены таксама асобныя копіі найбольш цікавых дакументаў гэтага княжацкага роду.
Многім вядома, што Шчучын лічыцца горадам авіятараў: раней тут дыслацыраваліся буйныя воінскія злучэнні. Жыхароў і гасцей горада чакае сюрпрыз – на ўездзе з’явіўся пастамент, на якім красуецца адноўлены 17-тонны самалёт «МіГ-25», які напамінае аб слаўным авіяцыйным мінулым Шчучына. Каб упісаць свята ў гісторыю горада, будуць устаноўлены два мемарыялы. Адзін з іх – дошка з барэльефам Алаізы Пашкевіч – размесціцца на будынку раённай бібліятэкі, а другі – таблічка з напамінкам аб тым, што будынак адрадзілі менавіта да Дня пісьменства, – каля палаца Друцкіх-Любецкіх.
Па меркаванні многіх, Шчучын – самы сапраўдны еўрапейскі горад, толькі маленькі. І з кожным днём ён – дагледжаны, акуратны і ўтульны – становіцца яшчэ прыгажэйшым.