Цырымонія ўзнагароджвання прайшла днямі ў Мінскім аблвыканкаме. За круглым сталом не толькі гаварылі пра поспехі сродкаў масавай інфармацыі Міншчыны, а яны, бясспрэчна, вельмі значныя, але і аб тым, як неабходна развівацца надалей. Старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра з задавальненнем адзначыў, што сустрэчы з творчымі людзьмі – мастакамі, літаратарамі, журналістамі – сталі праходзіць часцей. «У любым цывілізаваным грамадстве разумеюць, што ў аснове ўсяго павінен быць чалавек. А вы чалавека выхоўваеце і фарміруеце. Робіце ўсё, каб наша грамадства было інтэлектуальным. На жаль, зараз людзі сталі менш чытаць, глядзець добрыя фільмы. Таму першасная задача творчых саюзаў – на старонках газет, часопісаў і кніг яшчэ больш ярка і цікава паказваць жывое дыханне жыцця, прыгажосць і талент нашых людзей. Упэўнены, што такія творчыя матэрыялы заўсёды знойдуць водгук і застануцца ў гісторыі прыгожым летапісам нашага дня», – зазначыў Сямён Шапіра.
На думку галоўнага рэдактара-дырэктара Выдавецкага дома «Звязда», старшыні Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза пісьменнікаў Аляксандра Карлюкевіча, творчым саюзам зараз важна ў стратэгічным плане больш увагі ўдзяляць здольнай моладзі. Яе трэба падтрымліваць і выхоўваць. Ён падкрэсліў, што саюз пісьменнікаў вельмі ўважліва ставіцца да творчага патэнцыялу Міншчыны, а ён сапраўды значны.
Станоўча ацаніў дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі сталічнага рэгіёна намеснік Міністра інфармацыі Беларусі Уладзімір Матусевіч. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на імклівае развіццё інтэрнэта, у вобласці здолелі захаваць тыражы газет. А гэта значыць, што яны прафесійныя ў зместавым плане, цікавыя і патрэбныя чытачам.
Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў штогадовага абласнога конкурсу праходзіла напярэдадні Дня беларускага пісьменства, што надало яшчэ больш узнёслы настрой. У той дзень журналісты зрабілі прэс-тур на Случчыну, наведалі Цэнтр праваслаўнай асветы і яшчэ некалькі аб’ектаў навучання і духоўнага выхавання.