Штогадовая святочная імпрэза разгарнулася на сцэне Крупскага раённага цэнтра культуры.
Таксама працавалі выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, майстар-класы. Падтрымаць канкурсантаў прыйшлі педагогі, бацькі, бабулі і дзядулі.
Удзельнікі рознага ўзросту дэманстравалі свае таленты ў шматлікіх намінацыях – вакальнае і танцавальнае майстэрства, акцёрскае мастацтва, арыгінальная творчасць. Выканаўцы выступалі сола, дуэтам, трыа і калектывамі. Журы ацэньвала артыстызм, яркасць выканання, этычны змест нумара і мастацкую выразнасць.
І сапраўды, сцэна Цэнтра культуры амаль на тры гадзіны стала сузор’ем, якое складаецца з талентаў, вялікіх намаганняў і жадання радаваць гледачоў. Замілавана і пранікнёна ліліся песні, гучалі вершы, выконваліся танцы.
– Фестываль «Крупскія зорачкі» даўно стаў брэндам раёна, – кажа старшыня журы Галіна Бандарык. – Гэта своеасаблівая творчая пляцоўка, якая адкрывае новыя зорачкі. Для многіх гэта першая прыступка да вялікіх музычных і танцавальных перамог.
Дарэчы, лепшыя будуць аб’яўлены і ўзнагароджаны падчас святкавання Міжнароднага дня абароны дзяцей.