Як і заўсёды, не прамінулі гэтай падзеі журналісты раёнкі і ў аб’яўлены час наведалі паштовае аддзяленне сувязі Крупкі-1. Прыемна адзначыць, што нас там ужо чакалі. Некаторыя прыхільнікі раённай газеты выпісвалі сваё любімае выданне непасрэдна ў аддзяленні і прад’яўлялі нам абанементы. Асобныя ведалі, што раёнку можна выпісаць прама ў рэдакцыі ў грамадскага распаўсюджвальніка, таму і скарысталі гэту магчымасць.
– Акцыя з удзелам рэдакцыі райгазеты пасадзейнічала таму, што і ў горадзе, і ў сельскіх аддзяленнях паштовай сувязі за адзін толькі дзень выпісана 360 экзэмпляраў раёнкі, – гаварыла начальнік Крупскага цэха паштовай сувязі Людміла Пацэева. – Асноўная мэта абласнога дня падпісчыка – актывізаваць падпісную кампанію, прыцягнуць увагу патэнцыяльных падпісчыкаў і стымуляваць рост падпісных тыражоў газет і часопісаў на ІІ квартал 2016 года. Людзі ахвотна заходзілі ў аддзяленні сувязі і выпісвалі тое ці іншае перыядычнае выданне. Усе разам мы стараемся, каб друкаванае слова прыходзіла ў кожны дом.
Да месца адзначыць, што прыхільнікі раённай газеты, якія завіталі на гарадское аддзяленне паштовай сувязі, атрымлівалі ў падарунак сувенірную прадукцыю з лагатыпам «Крупскі веснік». У адрас газеты ад нашых даўніх і пастаянных чытачоў прагучала шмат удзячных слоў.
Сёння субота, 26 сакавіка. Хочацца напомніць тым, хто яшчэ не выпісаў раённую газету, паспяшацца. І калі ў вас на руках будзе падпісны абанемент, ужо ў другі дзень красавіка смела адчыняйце сваю паштовую скрынку – там вас будзе чакаць «Крупскі веснік»!