У апошні дзень сакавіка шматлікіх гасцей і самога героя ўрачыстасці прымала вялікая канцэртная зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У адрас Івана Васільевіча выказваліся шчырыя словы, выступалі Нацыянальны акадэмічны хор Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча, Беларускі дзяржаўны ансамбль народнай музыкі “Свята”, народны фальклорны ансамбль “Вербніца”, Народны артыст СССР і Рэспублікі Беларусі Ігар Лучанок, Заслужаныя артысты Ірына Дарафеева і Леанід Нікольскі і многія іншыя таленавітыя артысты.
Адметнай падзеяй, як прызнаўся Іван Цітавец, стаў падарунак ад землякоў. На ўрачыстасць прыехаў народны ансамбль народнай песні “Крупчанка”. Нашы артысты выступілі з прэм’ерай – песняй “Сялява”, словы якой напісаў Іван Цітавец.
Кранальныя словы, задушэўная мелодыя, таленавітае выкананне зрабілі сваю справу: “Крупчанка” і аўтар атрымалі заслужаныя апладысменты.
Да месца адзначыць, што артысты з Крупшчыны паказалі сябе яшчэ да пачатку вечарыны. У фае Белдзяржфілармоніі яны наладзілі музычную прэзентацыю свайго земляка Івана Цітаўца.