Нарадзіўся будучы святар у вёсцы Рудня Стаўбцоўскага раёна ў сям’і лесніка. Разам з Віталіем Стрыга ў сям’і гадаваўся і старэйшы сын – Юрый. Дарэчы, ён працягнуў бацькаву прафесію.

Бог пра цябе паклапоціцца
– Мама наша выхоўвалася ў каталіцкай сям’і, – распавядае ксёндз Віталій. – Час ад часу наведвала касцёл, які знаходзіўся за шэсць кіламетраў ад нашай вёскі. Мама цяжка хварэла, пайшла з жыцця, калі мне споўнілася 14 гадоў. Перад тым, як пакінуць нас, яна папрасіла нас з братам, каб мы схадзілі ў касцёл на споведзь і першае прычасце. Памятаю, як мы з братам самастойна рыхтаваліся па кніжках, схадзілі на споведзь і прычасце. Калі мама пакідала нас, яна сказала мне: «Бог пра цябе паклапоціцца». Назаўжды запомніліся гэтыя словы. Бацька наш быў працавіты чалавек. Пасля смерці мамы яшчэ больш паглыбіўся ў працу.
У школьныя гады Віталію падабалася нямецкая мова, нават думаў паступаць у інстытут замежных моў.
– Нямецкую мову ў школе выкладала настаўніца з суровым поглядам, – кажа ксёндз Віталій. – Я нават яе крыху баяўся. Потым зразумеў, што за гэтай строгасцю хаваецца чалавек, які зведаў пакуты. А вось ад паступлення ў інстытут замежных моў мяне адгаварылі дарослыя людзі. Яшчэ ў школьныя гады кожныя выхадныя і на святы я хадзіў у касцёл. Мне гэта вельмі падабалася, адчуваў, што гэта маё. Пачалі з’яўляцца думкі, каб прысвяціць жыццё служэнню Богу. Пагаварыў з семінарыстам, які прыехаў у вёску. Ён расказаў, якія прадметы выкладаюць у семінарыі, колькі замежных моў трэба вывучыць падчас вучобы. Мне падалася гэта навука цяжкай і сам сабе падумаў: «Пэўна, гэта не для мяне». Гэта цяпер, з цягам часу, разумею, што мной валодаў страх. Таму пасля школы пайшоў вучыцца ў вучылішча і атрымаў прафесію вадзіцеля. Гэта былі 90-я гады. Пасля вучылішча вярнуўся дадому, брат пайшоў у армію, я дапамагаў бацьку па гаспадарцы. Трымалі каня, дзве каровы, свіней, гарод. Трэба сена накасіць, пасушыць, звезці. Што казаць, працы хапала ў сяле. Потым я ўладкаваўся ў філіял Мінскага маторгага завода ў Стоўбцах. На заводзе вырабляліся запчасткі да рухавікоў трактараў. Працаваў штампаўшчыком, кансервіроўшчыкам, кантралёрам.
На заводзе будучы святар адпрацаваў амаль 12 гадоў. Увесь час ён наведваў Богаслужэнні ў касцёле. Займаўся прапаведваннем, праводзіў заняткі з дзецьмі, наведваў хворых людзей у бальніцы, на даму, рыхтаваў да споведзі і прычасця, расказваў пра Бога. З кожным днём жаданне стаць святаром усё мацнела. У 28-гадовым узросце Віталій Стрыга паступае ў Пінскую вышэйшую духоўную семінарыю.
Вучоба ў семінарыі
– Пры паступленні падавалася характарыстыка пробашча касцёла, трэба было быць актыўным вернікам у сваёй парафіі не менш за тры гады, – працягвае ксёндз Віталій. – Таксама я пісаў сачыненне. Як зараз памятаю, прапаноўвалася на выбар тры тэмы. Я выбраў тэму «Чаму я хачу стаць святаром». Яшчэ быў вусны экзамен па катэхізісе і субяседванне з рэктарам семінарыі. Усе этапы паспяхова прайшоў і стаў семінарыстам. Час вучобы склаў шэсць гадоў. Цяпер ўжо вучацца больш. На першым курсе адбывалася размова-споведзь, якая працягвалася некалькі гадзін. Семінарысты расказвалі духоўнаму айцу ўсю праўду пра сябе і сваё жыццё ад таго часу, як памяталі сябе. Духоўны айцец толькі слухаў, але не ацэньваў учынкі. Гэта трэба перш за ўсё для таго, каб чалавек пачуў сябе. Дзень у семінарыі пачынаўся а палове сёмай гадзіны раніцы. Спачатку былі водныя працэдуры, прычым усё адбывалася ў цішыні, ніхто ні з кім не размаўляў. Пасля ішлі ў капліцу, маліліся і паўгадзіны праводзілі ў цішыні. Затым адбывалася Богаслужэнне. Пасля снедання пачыналі размаўляць паміж сабой. Да абеда доўжыліся заняткі. Пасля іх заканчэння – малітва ў капліцы. Пасля абеда быў вольны час, але не ва ўсіх. Бо на працягу тыдня паміж семінарыстамі былі падзелены розныя абавязкі. Зноў ішлі на заняткі – да сямі гадзін вечара. А 19-й гадзіне пачыналася малітва ў капліцы. Пасля вячэры давалася паўгадзіны вольнага часу , можна было паглядзець тэлевізар, ён у нас быў адзін на сорак чалавек, глядзелі звычайна «Навіны». У 20.00 – студыум, гэта час для падрыхтоўкі да заняткаў. У 21 гадзіну ў капліцы чыталі «Божае слова», затым маліліся, спаць ішлі ў 22.30. Прызнаюся, што вучыцца было складана. Вывучалі прадметы філасофіі, беларускую, польскую, грэчаскую, англійскую мовы, латынь, пастаральную медыцыну, псіхалогію, педагогіку, логіку, этыку, а таксама тэалагічныя навукі і іншыя. На першым курсе быў такі прадмет – гарадское жыццё. Вучылі, як правільна сервіраваць стол, якія прыборы для чаго патрэбныя. Быў прадмет «Сродкі масавай інфармацыі», каб святары ўмелі адрозніваць, дзе праўда, а дзе адбываецца маніпуляцыя словам. Усе дысцыпліны былі цікавыя і, безумоўна, патрэбныя. Маім аднакурснікам, якія прыйшлі пасля школы, вучоба давалася лягчэй. А я сядзеў у кніжках, вучыў, запамінаў. Слава Богу, што хапала цярплівасці. У семінарыі адбывалася развіццё агульначалавечае, інтэлектуальнае, духоўнае і душпастарскае. Усе гэтыя напрамкі павінны быць гарманічнымі. Бо калі семінарыст будзе многа маліцца, шмат працаваць, а, напрыклад, дрэнна вучыцца, то ён не стане святаром. Практыку праходзіў у касцёлах Мінска. Бо тыя, хто з маленькіх населеных пунктаў, практыку праходзіў у вялікіх гарадах, і, наадварот, мінчане ехалі на практыку ў вёскі. Іісус прыйшоў да ўсіх людзей, і таму святар павінен умець служыць і інтэлігенцыі, і рабочым людзям.
Першае Богаслужэнне
Пасля заканчэння семінарыі дыякан Віталій Стрыга быў накіраваны ў Барысаў. Праз тры месяцы адбылося пасвячэнне ў святары.
– Першая служба мая праходзіла ў Стоўбцах, – кажа ён. – Чаму так, бо служыў я ў Барысаве? Па традыцыі, пасля пасвячэння святар служыць першую службу ў той парафіі, з якой выйшаў. Так у суботу, 6 снежня, мяне пасвяцілі ў святары, а 7-га снежня служыў у касцёле ў Стоўбцах. Канешне, хваляваўся. Увогуле, я эмацыянальны чалавек (усміхаецца).
Некалькі гадоў ксёндз Віталій ходзіць у пілігрымы – гэта ўрачыстае падарожжа да святых месцаў, якое мае глыбокі духоўны сэнс.
– Маршрут Баранавічы-Будслаў займае 9 дзён, – кажа Ксёндз Віталій. – Я далучаўся ў Івянцы, і шлях займаў 5 дзён. Так я хадзіў ў Будслаў чатыры гады. Калі служыў у Барысаве, ездзіў на ровары з вернікамі. Такая паездка займала тры дні. З вернікамі ездзілі на роварах у Росіцу Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. Там падчас Другой Сусветнай вайны спалілі двух святароў і вернікаў. У пачатку жніўня – дзень успаміну гэтых мучанікаў. Цяпер ужо кожны год езджу на фэст у Будслаў на аўтобусе.
На Крупскай зямлі
Пасля Барысава ксёндза Віталія накіравалі служыць у Нясвіж. А затым – у Крупкі. Амаль 8 гадоў ён з’яўляецца пробашчам касцёла святога Юзафа.
– Гісторыя каталіцтва на Крупшчыне вельмі багатая, – працягвае святар. – Раней былі касцёлы ў Бабры, Халопенічах. Вось, паглядзіце(паказвае), у касцёле знаходзіцца папка «Каталіцкія мясціны Крупшчыны», матэрыял сабрала парафіянка Хрысціна Жукава. А вось карціна «Касцёл у Бабры», напісаная таленавітым крупскім мастаком Сяргеем Варламавым. У раёне раней было многа вернікаў каталіцкай канфесіі. Католікі жылі цэлымі вёскамі. Напрыклад, вёскі Сяліцкія, Асінаўка.
Ксёндз Віталій праводзіць заняткі з дзецьмі і дарослымі.
– На працягу тыдня ў касцёл прыходзяць дарослыя вернікі, – тлумачыць ксёндз Віталій. – Чытаем Біблію, разважаем, тлумачым, дзелімся думкамі. Іісус сказаў: «Ідзіце і вяшчайце Евангелле». Каб не было пасіўнасці сярод вернікаў. Бывае, чуеш такое меркаванне ад сталых людзей, маўляў, мы ўжо пражылі жыццё, нам ўжо не патрэбна вера. Але яны не разумеюць, што жыццё на зямлі кароткае, і ёсць жыццё вечнае. Свята Вялікадня мы адзначаем не проста так, гэта якраз і пацвярджае, што пасля смерці ёсць жыццё. Бог ведае, што патрэбна чалавеку. Павінен быць толькі давер да Бога. Творца сказаў: «Прасіце і будзе дадзена вам; шукайце і знойдзеце; стукайце і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукае, таму адчыняць».
– Ксёндз Віталій, у праваслаўны храм жанчыны ідуць у спадніцы і з пакрытай галавой. У касцёле такіх правіл няма? – пытаюся.
– Забаронаў у нас няма, але павінна прысутнічаць этыка адзення, бо чалавек ідзе да Бога, – кажа святар. – Пры ўваходзе ў Нясвіжскі касцёл вісяць таблічкі, якія абазначаюць, што уваход з сабакамі забаронены, на ровары нельга ўязджаць. Бо там бывае шмат турыстаў, і выпадкі розныя здараліся. У маім дзяцінстве ў касцёле за знешнім выглядам вернікаў сачылі сталыя жанчыны. Калі што не так, дык рабілі заўвагу і нават маглі папрасіць пакінуць храм. Але ўсё ж такі павінна быць любоў да чалавека, а заўвагу наконт выгляду ці паводзін у касцёле трэба зрабіць далікатна, каб чалавек зноў вярнуўся ў храм.
– Ці ёсць у католікаў пасты? – цікаўлюся.
– Вялікі пост трымаем перад Вялікаднем, – кажа ксёндз Віталій. – Першы дзень поста – Папяльцовая серада. І ў пятніцу, калі ўспамінаецца дзень смерці Іісуса Хрыста. На працягу года па пятніцах мы абавязваем устрымацца ад мясных страў. Пост павінен набліжаць чалавека да Бога праз малітву і добрыя, міласэрныя ўчынкі. І таксама гэтым мы набліжаемся да чалавека. Бо грэх аддаляе чалавека ад Бога і ад людзей. Іісус сказаў: «Пазнайце праўду, і праўда вас вызваліць». Кожны чалавек – гэта таямніца. Хоць муж і жонка і пражывуць разам 60 гадоў, так да канца яны адзін аднаго не пазнаюць. Бо мы не ведаем думкі іншых людзей. Але вельмі важна размаўляць адзін з адным, а не зачыняцца ў сабе. Над адносінамі трэба ўвесь час працаваць. Святар можа толькі накіраваць, але не вырашыць праблемы іншых. Святар таксама грэшнік, і таксама працуе над сабой, спавядаецца. Ёсць яшчэ ў народзе меркаванне, што святар – гэта святы чалавек. Канешне, гэта не так.
Хапае ў святара і працы гаспадарчай. Вось ужо адрасла трава на тэрыторыі касцёла – трэба касіць. Прыбіраюць памяшканне храма жанчыны-парафіяне па графіку, робяць кветнікі, даглядаюць іх.
Разам з вернікамі ксёндз Віталій наведвае святыя месцы нашай краіны.


