– Адразу хачу сказаць, што гэтыя спаборніцтвы выклікаюць вялікую цікавасць ва ўсіх нашых работнікаў, таму іх чакаюць з нецярпеннем, – расказвала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Крупскага лясгаса Наталля Камовіч. – Галоўнай інтрыгай заўсёды застаюцца пытанні: якое лясніцтва на гэты раз узначаліць выніковую табліцу, а хто выйдзе ў лідары ў асабістым першынстве? І ўжо сёння можна канстатаваць, што ляснік Бобрскага вопытна-вытворчага лясніцтва Васіль Яўгенавіч Міранюк – самы вопытны з вальшчыкаў лесу, які ўдзельнічаў у спаборніцтвах па-за конкурсам, зноў паказаў найлепшы рэзультат, набраўшы 1619 балаў. Гэта значыць, што ён бездакорна выступіў практычна на ўсіх этапах.
Бясспрэчна, што ўсе этапы былі складанымі, патрабавалі сапраўднай прафесійнай падрыхтоўкі і майстэрства. Кожны ўдзельнік імкнуўся як мага хутчэй і лепей выканаць тое ці іншае заданне. І вось рэзультаты судзейскай камісіі, якіх з хваляваннем чакалі ўсе. У намінацыі «Валка лесу» першае месца заняў вальшчык лесу Ухвальскага лясніцтва Анатоль Радкевіч, другое – Андрэй Старадубец з Сяляўскага лясніцтва, трэцяе месца – Аляксей Какаулін з Дзянісавіцкага лясніцтва.
Сваіх пераможцаў вызначылі таксама яшчэ дзве намінацыі – «Распілоўка камбінаваным рэзам» і «Абрэзка сукоў». На першым месцы тут аказаўся Сяргей Марцынкевіч (Абчугскае лясніцтва), на другім – Іван Карэцкі (Стараслабодскае лясніцтва) і на трэцім месцы – Пётр Шархун (Абчугскае лясніцтва).
Першая пазіцыя з сумай 102 балы ў намінацыі «Мантаж ланцуга» ў Івана Карэцкага са Стараслабодскага лясніцтва, другая (93 балы) – у Сяргея Марцынкевіча з Абчугскага, трэцяя пазіцыя (81 бал) – у Івана Жураўкіна з Бобрскага вопытна-вытворчага лясніцтва.
У агульнакамандным заліку па суме балаў першае месца заняла каманда Абчугскага лясніцтва, другое – Стараслабодскага і трэцяе – Ухвальскага лясніцтваў.
Напрыканцы спаборніцтваў прызёры і ўдзельнікі былі адзначаны граматамі, падарункамі, заахвочваннямі.