Газетныя падшыўкі – без перабольшвання летапіс раёна, самы поўны і дакладны. Гэта лепшыя падзеі і лепшыя людзі, якімі па праве ганарыцца Крупшчына. Азірнемся на гэтыя дзесяцігоддзі.
Усе гады газета ішла крок у крок з часам. Гісторыя любога выдання – як гісторыя краіны. З рознымі перыядамі, з узлётамі і падзеннямі, часамі спакою і бурнымі пераменамі.
Народжаная ў гады калектывізацыі, крупская раённая газета атрымала назву «Камуністычны шлях» і была дзецішчам свайго часу. Яна друкавалася на 2-х старонках. Архіў захаваў для гісторыі першы нумар, які выйшаў 30 верасня 1931 года і адкрываўся зваротам «Да ўсіх рабселькораў, сценкораў, юнкораў і працоўных мас раёна». Даваенны тыраж складаў 1000 экзэмпляраў.
У той час рэдакцыя і друкарня размяшчаліся ў адным памяшканні, тут працавалі журналісты, тут жа стаялі тры наборныя касы, вярстальны стол і два друкарскія станкі: адзін для бланачнай прадукцыі, другі для выпуску газеты. Калі пачалася вайна, частку шрыфту вывезлі на ўсход, частка засталася пад руінамі пасля пападання ў памяшканне рэдакцыі бомбы. Пазней, ужо ў акупацыю, партызанскія сувязныя змаглі выбраць з зямлі частку шрыфту і пераправіць у партызанскую друкарню. Набор ажыццяўлялі ўручную, проста прыстаўлялі адну літару да другой.
Трэба сказаць, што на тэрыторыі сучаснай Крупшчыны былі і іншыя выданні. Кароткі час, з 1930 па 1931 гг., у Халопенічах (тады гэта быў цэнтр Халопеніцкага раёна) выходзіла газета «За коллективизацию». У Вялікую Айчынную, з 1942 года па які – невядома, выдавалася штодэкадная газета Халопеніцкага РК КП(б)Б і Н-скага партызанскага злучэння «Красное знамя».
У ваеннае ліхалецце наша раёнка перыядычна выходзіла ў выглядзе лістовак, а ў 1943 годзе, атрымаўшы афіцыйную назву «Партызанскі шлях», падпольна распаўсюджвалася на тэрыторыі раёна.
Пасля вызвалення Крупшчыны ад акупацыі, у 1944 годзе, раённая газета пачала называцца «Голас калгасніка». Гэтая назва як нельга поўна адпавядала таму часу.
У 1960 годзе газета змяніла сваю назву, і зноў жа, у кантэксце сучаснасці, стала «Зарой камунізму», а з сакавіка 1963 года 38 гадоў ішла «Ленінскім курсам».
Вось ужо 15 гадоў наша раёнка – «Крупскі веснік». Таксама своеасаблівы юбілей.
Ва ўсе гады існавання газета імкнулася вырашаць пытанні, якія ставіла само жыццё.
Калі творчы працэс стварэння газетных матэрыялаў і зараз у многім ідзе па класічных узорах журналісцкай практыкі, то тэхнічнае выкананне пераўтварылася карэнным чынам. Пра гэта добра памятае наш адказны сакратар Таццяна Талкачова, якая практыканткай-лінатыпісткай у кастрычніку 1968 года ўпершыню пераступіла парог Крупскай друкарні, а затым усю сваю працоўную дзейнасць прысвяціла раённай газеце. «Нашы папярэднікі расказвалі, што спачатку тэкст набіраўся ўручную, гаворыць яна. – Шрыфт бралі з наборнай касы, а потым – літара да літары – складаліся словы, затым сказы і гэтак далей. Сапраўды, напружаная і вельмі адказная справа. Мы працавалі на лінатыпах. Гэта машыны, на якіх ужо механізавана ажыццяўляўся набор тэксту і адліваліся радкі. Памятаеце, як у паэта – радок газетны, нібы куля, льецца са свінца».
Зараз нам, працуючым на камп’ютарах, гэта нават цяжка ўявіць.
11 тысяч 132 нумары. Убачылі свет яны дзякуючы стараннай працы і таленту журналістаў, наборшчыкаў, карэктараў, друкароў.
Наколькі гэта магчыма, мы пастараліся высветліць, хто кіраваў газетай на пачатку яе творчага шляху. Першым рэдактарам быў прызначаны А. Мароз. Затым узначальваў калектыў Генадзь Сцяпанавіч Казлоў. У 1943 годзе рэдагаваў газету В.А. Захарэвіч, з пачатку снежня 1944 года па май 1950-га – франтавік, ардэнаносец Аляксей Захаравіч Літвін. Пэўны час выконваў абавязкі адказнага рэдактара Рыгор Васільевіч Доменікаў. Затым каля десяцігоддзя газету рэдагаваў Лазар Маісеевіч Мерсон. Чвэрць стагоддзя ўзначальваў калектыў рэдакцыі Дзмітрый Макаравіч Хількевіч – чалавек эрудыраваны, са значным палітычным багажом, з глыбокім душэўным падыходам да людзей. У рэдакцыі прайшоў усе ступені журналісцкага станаўлення мой бацька, Мікалай Мікалаевіч Навахрост, з іх 10 гадоў – быў яе рэдактарам. У свае часы рэдактарамі працавалі Таццяна Віктараўна Талкачова, Віталій Паўлавіч Шунько, Вадзім Мікалаевіч Барадаўка.
Наша раёнка ўзгадавала і блаславіла на нялёгкі творчы шлях такіх вядомых літаратараў, прызнаных майстроў слова, як Міхась Калачынскі, Іван Шуцько, Васіль Зуёнак, Васіль Макарэвіч, Валерый Грышановіч, Міхась Пацёмкін. Іх адметныя стылі аказалі свой уплыў на творчасць мясцовых журналістаў наступных пакаленняў.
І сёння ў рэдакцыі працуе прафесійны, зладжаны калектыў. Толькі за апошнія пяць гадоў журналісты газеты былі ў ліку пераможцаў больш за 20 творчых конкурсаў. Мы стараемся працаваць, каб людзям было цікава і карысна. І вельмі ўдзячны нашым чытачам – кожны падпісны абанемент на раённую газету – гэта адзнака дзейнасці ўсяго калектыву. І, трэба сказаць, адзнака высокая. Нездарма ж «Крупскі веснік» на сёння – самая чытаемая газета ў Мінскай вобласці.
Будзем разам і надалей! Нам ёсць пра што і пра каго расказаць. А сваім калегам я зычу творчага натхнення і моцнага здароўя. Наша работа вельмі цікавая і разам з тым вельмі напружаная. Яна патрабуе поўнай самааддачы – яе нельга перанесці на заўтра, яе нельга недарабіць. Наперадзе шмат працы, а гэта значыць, шмат новых цікавых матэрыялаў пра Крупшчыну і пра крупчан.