Год навукі стаў прызнаннем дасягненняў вучоных нашай краіны. У гэтай славутай кагорце нямала выхадцаў і з нашай Крупшчыны – людзей, што пакінулі ў гісторыі сапраўды яркі і карысны след.
У 1862 годзе ў Халопенічах нарадзіўся Адам Ягоравіч Багдановіч – беларускі этнограф, фалькларыст, мемуарыст, гісторык культуры. Бацька знакамітага паэта Максіма Багдановіча. Тут, у мястэчку, ён вучыўся ў народным вучылішчы. Першыя публікацыі вучонага па этнаграфіі і фальклоры ў галіне духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народа былі станоўча ўспрыняты тагачаснай навуковай думкай, а іх аўтар набыў славу сур’ёзнага і перспектыўнага навукоўцы. Асноўным кірункам навуковай дзейнасці была этнаграфія, якой прысвечана большая частка даследаванняў, і гісторыя культуры, якая стала прадметам выкладчыцкай дзейнасці.
Вельмі цікавая навуковая дынастыя была родам з Дакудава. Гэта браты Самцэвічы. Васіль Андрэевіч нарадзіўся ў 1889 годзе. Ён стаў аўтарам падручнікаў па беларускай мове і метадычных дапаможнікаў (у суаўтарстве з Я. Зомерфельдам), адзначаны ганаровым званнем «Заслужаны настаўнік БССР». Пётр Андрэевіч нарадзіўся ў 1899 годзе. Ён беларускі лінгвіст, краязнаўца, фалькларыст і этнограф. Сабраў таксама каля 1000 фальклорных запісаў. Зрабіў шмат апрацовак лінгвістычнага матэрыялу. Сямён Андрэевіч нарадзіўся ў 1902 годзе. Беларускі вучоны-мікрабіёлаг, член-карэспандэнт АН БССР, доктар біялагічных навук, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі БССР. Асноўная тэма яго даследаванняў – узаемаадносіны паміж мікраарганізмамі глебы і вышэйшымі раслінамі і магчымасці кіравання імі.
У 1897 годзе ў Халопенічах нарадзіўся Віктар Міхайлавіч Берман. Доктар медыцынскіх навук, прафесар. Доўгі час загадваў кафедрай мікрабіялогіі Ленінградскага медыцынскага інстытута і кафедрай эпідэміялогіі Ваенна-медыцынскай акадэміі. Яму належаць цікавыя і глыбокія даследаванні ў галіне бар’ернай функцыі лімфатычнай сістэмы пры туберкулёзе і бруцылёзе, механізмаў фатацытозу, паталогіі і эпідэміялогіі страўнікавых інфекцый, а таксама імуналогіі туберкулёзу.
У тым жа годзе ў вёсцы Майск нарадзіўся Піліп Пятровіч Кошалеў, Заслужаны дзеяч навук РСФСР, доктар эканамічных навук, прафесар. Шмат гадоў сваёй навуковай кар’еры аддаў Маскоўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.
Сваё важкае слова ў медыцыне сказаў Яўген Уласавіч Бароўскі, які нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Шарнева. Ён – Заслужаны дзеяч медыцынскіх навук РСФСР, вучоны ў галіне стаматалогіі, прафесар. Асноўныя навуковыя даследаванні прысвечаны праблеме карыёзу зубоў. Вялікі ўклад ён унёс у вывучэнне фізіялогіі эмалі зуба. Упершыню ў стаматалогіі прымяніў методыку аўтарадыёграфіі, якая дазволіла атрымаць новыя даныя аб пранікальнасці цвёрдых тканак.
Крупчане па праву могуць ганарыцца і Андрэем Маркавічам Ганчарэнкам, які нарадзіўся ў 1933 годзе ў вёсцы Версанка. Акадэмік НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, Заслужаны дзеяч навукі БССР. Аўтар шматлікіх навуковых прац у галіне фізічнай і інтэгральнай оптыкі, квантавай і аптычнай электронікі. Распрацаваў тэорыю дыэлектрычных хваляводаў і святлаводаў, тэорыю анізатропных рэзанатараў аптычных квантавых генератараў.
Вёска Асечана – радзіма Віктара Якаўлевіча Хрыпача (нарадзіўся ў 1936 годзе). Ён – доктар эканамічных навук, прафесар. Доўгі час працаваў загадчыкам кафедры эканомікі і арганізацыі вытворчасці Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Крупчанін Леанід Аркадзевіч Бокуць нарадзіўся ў 1937 годзе. Працуе ў Новасібірскім універсітэце, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Аўтар навуковых прац, у тым ліку на замежнай мове. Удзельнік навуковых сімпозіумаў у многіх замежных краінах. Ганаровы грамадзянін кітайскай правінцыі Гуанчжоў.
У Абчузе ў 1940 годзе нарадзіўся Леанід Міхайлавіч Гаркун. Кандыдат тэхнічных навук, намеснік дырэктара па навуцы Сібірскага філіяла навукова-даследчага інстытута імя Б.Я. Ведзянеева. Прымаў удзел у будаўніцтве Усць-Ілімскай і Саяна-Шушанскай ГЭС, гідравузла ў Іраку, Сірыі. Аўтар многіх навуковых прац.
Двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт Уладзімір Васільевіч Кавалёнак нарадзіўся ў вёсцы Белае ў 1942 годзе. Ён унёс значны ўклад у развіццё касманаўтыкі, генерал-палкоўнік авіяцыі, кандыдат ваенных навук, прафесар.
Дзмітрый Мікалаевіч Хромчанка нарадзіўся ў 1947 годзе на Століншчыне, шмат гадоў жыве і працуе на Крупшчыне. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт. З’яўляецца складальнікам кнігі «Памяць. Крупскі раён». Зараз выкладае ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.
У 1949 годзе ў Кіяўцы нарадзіўся Валерый Пятровіч Філонаў. Быў галоўным урачом Рэспубліканскай санітарна-эпідэміялагічнай станцыі, намеснікам галоўнага дзяржаўнага ўрача СССР, намеснікам міністра аховы здароўя Беларусі, галоўным дзяржаўным санітарным урачом рэспублікі. Доктар медыцынскіх навук.
Крупчанін Віктар Сяргеевіч Смародзін нарадзіўся ў 1954 годзе. Доктар тэхнічных навук, прафесар, загадвае кафедрай матэматычных праблем упраўлення і інфарматыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Паспяхова займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння падтрымкі метадаў стварэння, апрацоўкі, захавання і перадачы інфармацыі з дапамогай камп’ютарных сістэм. Распрацаваў новы навуковы накірунак у галіне прыкладной матэматыкі.
Аляксандр Уладзіміравіч Варабей нарадзіўся ў 1955 годзе на Гомельшчыне, скончыў Крупскую сярэднюю школу № 1. Загадчык кафедры хірургіі БелМАПА, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Шмат гадоў займаецца эксперыментальнымі даследаваннямі ў галіне паталогіі органаў стрававання, нейра- і патафізіялогіі тонкай і тоўстай кішкі і яе сасудаў. Навукова абгрунтаваў і ўкараніў у практыку новыя алгарытмы дыягностыкі і лячэння многіх захворванняў СКТ, асобныя з іх – з сусветным прыярытэтам.
У вёсцы Ухвала ў 1976 годзе нарадзіўся Марат Генадзьевіч Жылінскі. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт, зараз з’яўляецца рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Зразумела, пералік нашых навукоўцаў можна доўжыць і доўжыць. Найбольш поўна звесткі пра іх сістэматызаваны ў кнізе «Памяць», але другое яе выданне выйшла ўжо амаль 10 гадоў таму. Год навукі – важкая нагода яшчэ раз звярнуцца да тых людзей, хто сваімі дасягненнямі ўславіў не толькі Крупшчыну, але і краіну. Калі ласка, звяртайцеся ў рэдакцыю. Мы будзем удзячны за любую інфармацыю пра нашых навукоўцаў розных пакаленняў. Спадзяёмся, што даведаемся яшчэ шмат чаго новага і цікавага.