Усё сваё жыццё Адам не забываў наведваць Халопенічы, вельмі шмат чаго цікавага занатаваў у сваіх мемуарах, якія смела можна назваць не толькі летапісам жыцця, але і грунтоўнай навуковай этнаграфічнай і культуралагічнай працай. Шануюць памяць пра свайго таленавітага земляка яго нашчадкі зараз.
Хоць невялікая, але змястоўная і цікавая экспазіцыя створана ў музеі мясцовай сярэдняй школы, якая, дарэчы, носіць імя яго славутага сына Максіма Багдановіча. Напярэдадні юбілейнай даты мы пабылі ў музеі, пагутарылі з яго кіраўніком Наталляй Іванаўнай Буйвідовіч і юнымі экскурсаводамі.
Першае, што зацікавіла, – гэта рукапісная кніга «Гісторыя школы». Адметна, што першыя яе старонкі пачала пісаць сама Наталля Іванаўна яшчэ вучаніцай-старшакласніцай. Прыгожым акуратным почыркам там занатаваныя ўспаміны пра Адама Багдановіча: «Быт и жизнь бобыля в Холопеничах».
«Мне хотелось бы изобразить, как шла жизнь в старенькой бабиной хате в мою счастливую пору раннего детства», – так пачынаўся аповед.
Адам Ягоравіч Багдановіч нарадзіўся ў 1862 годзе ў мястэчку Халопенічы ў сям’і былых прыгонных сялян. Спадчынная таленавітасць, нягледзячы на прастату паходжання, паспрыяла таму, што хлопчык змог вывучыцца сам і даць добрую адукацыю сваім дзецям, адзін з якіх – зорка беларускай паэзіі Максім Багдановіч.
У мемуарах ён адзначаў, што дата яго нараджэння ў афіцыйных дакументах зафіксавана няправільна. На самой справе ён нарадзіўся не 20, а 25 сакавіка, пры хрышчэнні па ўніяцкім абрадзе атрымаў імя Адольф, якое потым было заменена на Адам. У мемуарах, у матэрыялах даследчыкаў шмат чаго цікавага сказана пра яго бабулю Рузалію. Адам Ягоравіч пісаў пра яе з асаблівай любоўю. Гэтая цудоўная жанчына была не толькі апорай сям'і, але і захавальніцай народных традыцый, да мудрай Рузаліі звярталіся за парадай не толькі ў Халопенічах, але і з іншых вёсак. Лякарка, варажбітка і цудоўная казачніца. Згадваецца, што Адам потым запісаў амаль 50 казак, якія пачуў у большасці ад бабулі. Менавіта па іх вучыў беларускую мову маленькі Максім.
У шасцігадовым узросце Адама аддалі ў школу, што размяшчалася ў былым бальнічным будынку часоў графа Храптовіча і была якраз ля хаты бабулі Рузаліі. У мемуарах ён падрабязна ўзгадвае тагачасныя педагагічныя метады, якія былі вельмі блізкімі да муштры. Але Адаму даставалася крыху менш, бо вучоба давалася яму лёгка. Здзіўляе прага да ведаў звычайнага хлопчыка з беднай сям'і. Падумаць толькі, пры той няшчымніцы, на Ражанцовым трохдзённым кірмашы ў Халопенічах малы Адолік угаворваў маці купіць яму ў гандляра кніжачку ў мяккай вокладцы – «Жыціе святога Антонія Папы Рымскага»! Менавіта яе можна лічыць першай ва ўнікальнай бібліятэцы, што ўсё жыццё будзе збіраць Адам Ягоравіч. Дарэчы, частка яе згарэла ў пажары ў 1918 годзе, а канчаткова яна налічвала 2121 экзэмпляр і зараз знаходзіцца цэльнай калекцыяй у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.
Згадвалі, што Максім Багдановіч гаварыў пра бібліятэку: «В ней есть все существенное, что появилось когда бы то ни было в литературе всего мира. Мы с детства проходили эту мировую школу. Отец начинал, с чего начинает каждый народ в своем творчестве, с эпоса. Мы уже в детстве знали «Рустама и Зораба», «Илиаду», «Калевалу», былины и пр. и пр. Потом мы приступили к лирике и драме. Конечно, главное внимание обращалось на славянские литературы…»
Скончыў Адам Багдановіч Халопеніцкае народнае вучылішча ў ліку лепшых. І больш таго. «С окончанием «полного курса» я не развязался со школой. Учитель Якимович пригласил меня в качестве помощника на зимы 1874-1876 годов», – піша ён у сваіх мемуарах.
Атрымліваецца, што першы настаўніцкі вопыт Адам Багдановіч прыдбаў у свае 12 гадоў. Галоўнае шчасце было ў неабмежаваным доступе да школьнай бібліятэкі.
Разам з тым, хлопец праходзіў і суровую працоўную школу, дапамагаючы бацькам па гаспадарцы, а таксама на панскім двары ў падзённых заробках. А калі сям’я канчаткова пераехала ў Мінск, на яго долю выпалі чатырохгадовыя мытарствы па розных рамесных вучэльнях.
Адзінае, што грэла ў гэты перыяд, – гэта кніга. І Адам стаў таемна рыхтавацца да паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, для чаго нават уціхую паехаў у Халопенічы. Пасля семінарыі аддаў педагагічнай працы амаль 10 гадоў. «По призванию я был всегда учителем: всю жизнь учил, не закрывая рта, в школе, в лесу, в поле, в чайной, в вагоне, на пароходе, в крестьянской избе, в сало- не, – словом всюду, где представлялся случай и были слушатели, кто бы они ни были. Иногда это бывало глупо (явно – не в коня корм), но я не смущался и никогда не каялся: в большинстве случаев успех был несомненный», – прыгадваў Адам Багдановіч.
Амаль паўвека аддаў ён дзяржаўнай службе ў Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, з якой пайшоў на заслужаны адпачынак па стане здароўя ў 1931 годзе.
Гэты чалавек пражыў часам рамантычнае, часам драматычнае жыццё, напоўненае працай, рознымі падзеямі і цікавымі людзьмі. Ён напісаў шмат даследчых прац. Выходзіць манаграфія «Пережитки древнего миросозерцания у белорусов». У кнізе сабраны яго ўласныя запісы і вопыт папярэдніх даследчыкаў беларускага фальклора. Асноўная ж праца – двухтомная манаграфія «Язык земли. Образование водоречных имен и от них происходящих». Гэта грунтоўная праца – больш тысячы старонак рукапіснага тэксту. Аднак у 1937 годзе яго працу палічылі контррэвалюцыйнай і надрукаваць яе не ўдалося. Даследчыкі лічаць, што апублікаванне манаграфіі паставіла б яе аўтара ў шэраг самых значных навукоўцаў таго часу. Зараз рукапіс захоўваецца ў фондах музея Максіма Багдановіча. На аснове манаграфіі Адам Ягоравіч піша даследванне «Этнический состав народов славянских и русских» у 2-х тамах.
Наш знакаміты зямляк пакінуў багатую творчую спадчыну. Ён перапісваўся з Максімам Горкім, Якубам Коласам, Змітраком Бядулем, Вацлавам Ластоўскім і іншымі знакамітымі расійскімі і беларускімі пісьменнікамі і грамадскімі дзеячамі.
На 70-м годзе свайго жыцця ён пачаў пісаць мемуары, пра якія мы час ад часу згадваем у гэтым аповядзе. Яны называюцца «Мае ўспаміны». Іх унікальнасць у тым, што ахопліваюць перыяд у 130 гадоў, бо абапіраюцца на расказы яго бацькоў і бабулі. Даследчыкі называюць гэты твор энцыклапедыяй сялянскага жыцця беларусаў XIX і пачатку XX стагоддзя.
Апошняй і нязбытнай марай Адама Багдановіча была паездка на радзіму. Ён пісаў у лісце да сваёй сястры: «Есть у меня еще одно задушевное желание – это съездить в Минск и в Холопеничи: тянет туда. Но это трудно осуществить. Во-первых – две поездки были бы тяжелы для нашего бюджета; а во-вторых, для меня это было бы делом рискованным: поездка в Холопеничи меня бы так взволновала, что я, вероятно, и сложил бы там свои старые кости под березами моих предков». Дарэчы, пасля «выхаду ў людзі» ён прыязджаў у Халопенічы ў 1882, 1889, 1910, 1923 і апошні раз у 1928 годзе.
Памёр Адам Багдановіч у 1940 годзе ў Яраслаўлі. Гэта не толькі таленавіты, але вельмі мужны чалавек. Яму выпала перажыць тры шлюбы і смерць васьмярых дзяцей. Аднак ён не апусціў галавы і штодня ўпарта працаваў.
Жыццё і творчасць гэтага чалавека дастойна таго, каб іх ведалі і вывучалі. Думаецца, што ў гэтыя юбілейныя дні дарэчы будуць кветкі да яго помніка, які адкрылі ў Халопенічах у маі 1998 года. А для сапраўдных аматараў – добрая нагода перачытаць багдановічаўскія мемуары, дзе з фатаграфічнай дакладнасцю і скрупулёзнасцю апісана наша гісторыя, аздобленая досціпам, мудрасцю і казкамі цудоўнай бабулі Рузаліі.