Мемарыялы, стэлы, абеліскі, брацкія магілы заўсёды будуць месцам усенароднага пакланення. Яны, як подых гісторыі, напамінаюць жыхарам горада і раёна аб тых, хто не дажыў да дня вызвалення.
Менавіта ў крупскай зямлі ляжаць 8 лётчыкаў, якія загінулі ў небе над вёскай Новыя Дзянісавічы. І шмат гадоў гэта не дае спакою яе ўраджэнцу Анатолю Радчанку.
У адзін з красавіцкіх дзён разам з дырэктарам Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамарай Бальбот і фотакарэспандэнтам нашай газеты мы ехалі ў Новыя Дзянісавічы. Тамара Уладзіміраўна расказвала, што Анатоль Іванавіч Радчанка тры гады таму назад звярнуўся ў музей з просьбай дапамагчы ўстанавіць прозвішчы загінуўшых лётчыкаў.
– Неардынарны, захоплены сваёй справай Анатоль Іванавіч падрабязна расказаў аб гібелі савецкіх самалётаў ля яго роднай вёскі, – гаварыла па дарозе ў Новыя Дзянісавічы Тамара Уладзіміраўна. – Я проста ў захапленні ад такіх людзей – няўрымслівых, дапытлівых...
...І вось мы ў Новых Дзянісавічах. На парозе дома нас сустракае Анатоль Іванавіч, запрашае ў пакой і мы ўважліва слухаем яго аповяд:
– Яшчэ ў 1965 годзе, калі я быў вучнем Дзянісавіцкай школы, зрабіў фотаздымак двух помнікаў у нашым школьным двары. Ведаў, што сюды былі перапахаваны партызаны. Ужо тады ў мяне ўзнік інтарэс: 8 лётчыкаў, якія таксама тут пахаваны, аказаліся безымяннымі. Звесткі ад мясцовых жыхароў былі самыя розныя. На працягу многіх гадоў, удакладняючы асобныя моманты, вось што мне стала вядома. Яшчэ да прыходу немцаў у адзін з дзён – арыентыровачна з 29 чэрвеня па 5 ліпеня 1941 года – у поўдзень, усходней вёскі Новыя Дзянісавічы, зваліўся падбіты савецкі самалёт, які ляцеў з захаду, з боку Барысава. Падаючы, ён закрануў дрэва, і фюзеляж адваліўся ад пярэдняй часткі самалёта. Вяскоўцы, якія прыбеглі сюды, убачылі побач з фюзеляжам цела аднаго з лётчыкаў. Пярэдняя частка самалёта загарэлася пры падзенні, і ад агня стаў ірвацца боепрыпас. І толькі пасля заканчэння ўзрываў людзі змаглі выцягнуць з кабіны яшчэ двух лётчыкаў, якія абгарэлі. З дзяржаўных служачых у вёсцы была толькі фельчар Зінаіда Кірычэнка, якая і ўзяла дакументы лётчыкаў. На жаль, яна была схоплена акупантамі як партызанская сувязная, і яе далейшы лёс невядомы. У дакументах аднаго з загінуўшых было ўказана месца яго нараджэння (або жыхарства) – сяло Пакроўскае Смаленскай вобласці. Усіх траіх лётчыкаў пахавалі, загарнуўшы ў парашут, побач з рэшткамі самалёта.
– Гэта адзін факт. Ёсць і другі, – працягваў Анатоль Радчанка. – 29 чэрвеня 1944 года падчас вызвалення Крупскага раёна ўсходней вёскі Старыя Дзянісавічы зваліўся падбіты самалёт, які ляцеў ад шашы Мінск-Масква. Загінуўшыя лётчыкі былі пахаваны побач з месцам, дзе ўпаў самалёт. І калі мы былі піянерамі, хадзілі атрадам на гэтыя магілы, ускладалі на іх кветкі і вянкі. У красавіку 1962 года ўсіх лётчыкаў перапахавалі ў брацкай магіле ля будынка мясцовай школы разам з іншымі загінуўшымі воінамі і партызанамі. У магіле лётчыкаў ля вёскі Старыя Дзянісавічы падчас раскопак быў выяўлены медальён. Вяскоўцы ўспаміналі, што на адкрыцці помніка на брацкай магіле ў 1964 годзе была ці то жонка, ці то маці аднаго з лётчыкаў. Прыязджала яна таксама і ў наступныя гады. Магчыма, дакументы лётчыка, які загінуў у 1941 годзе, а тым больш медальён, знойдзены ў 1962 годзе, былі перададзены ў Крупскі ваенкамат. Бясспрэчна, што я пацікавіўся, калі можна так сказаць, іх лёсам. На жаль, ні дакументы, ні медальён не захаваліся.
Падчас сустрэчы Анатоль Іванавіч яшчэ раз нагадаў, што ў дакументах, якія хаця і абгарэлі, старажылы ўспомнілі назву сяла – Пакроўскае Смаленскай вобласці. Але зроблены запыт у ваенкамат не даў станоўчага рэзультата. У адказе паведамлялася, што асобныя сёлы з назвай Пакроўскае ўжо зніклі з карты вобласці, некаторыя далучаны да суседняй. Але Анатоля Іванавіча, апантанага ідэяй удакладніць прозвішчы загінуўшых лётчыкаў, гэтыя цяжкасці не спынілі.
– Аб тым, што гэта быў бамбардзіроўшчык, мне расказалі хлопцы з Казані – члены пошукавага руху Расіі «Отечество», якія месяц таму прыязджалі да мяне, зрабілі папярэднюю раскопку таго месца, дзе ўпаў самалёт, прашчупалі зямлю і выявілі колцы ад парашута, рэдуктар, радыятар, кулямётны патрон і іншае, – зазначыў Анатоль Іванавіч. – Яны пакінулі мне шмат цікавых матэрыялаў: сёмы том кнігі «Имена из солдатских медальонов», газету «Отечество», буклеты аб’днання «Отечество».
Мы доўга гаварылі аб гэтых помніках. Анатоль Іванавіч нагадаў, што ў свой час у Дзянісавіцкай школе быў музей, а дзесьці ў 2005 годзе ля школы паставілі новыя стэлы, на якіх напісалі 15 прозвішчаў.
Усе разам мы наведалі месцы, дзе загінулі лётчыкі. Значную работу разам са сваім сябрам зрабіў Анатоль. 29 чэрвеня 2015 года на месцах гібелі самалётаў і лётчыкаў устаноўлены памятныя знакі – камені-пліты з таблічкамі.
І да гэтага часу праводзіцца пошукавая работа па ўстанаўленні імён загінуўшых лётчыкаў. Значную дапамогу ў гэтай справе аказваюць новыя сябры Анатоля Іванавіча, з якімі ён пазнаёміўся падчас пошукавых работ, а таксама аб’яднаная база даных «Мемарыял», дзе сабраны шматлікія дакументальныя крыніцы. Напрыканцы хочацца адзначыць, што дзякуючы нераўнадушшу многіх людзей, час ад часу мы чытаем паведамленні, як зноў і зноў адкрываюцца новыя прозвішчы. Будзем меркаваць, што і Анатоль Радчанка ўдакладніць прозвішчы лётчыкаў, якія загінулі на тэрыторыі Дзянісавіцкага сельсавета ў часы Вялікай Айчыннай вайны.
І яшчэ. Хочацца звярнуцца да тых, хто хоць што-небудзь помніць аб падзеях, якія адбыліся ў небе над вёскай Новыя Дзянісавічы ў чэрвені 1941 і 1944 гадоў, адклікнуцца, каб дапамагчы ў пошуку.