На свята прыйшлі аматары актыўнага адпачынку, прычым усіх узростаў. Не дзіўна, бо кожны тут мог знайсці нешта цікавае для сябе: ад прыгожай музыкі да вясёлых танцаў, ад старажытных абрадаў да пацешных гульняў. Госці атрымалі выдатную магчымасць успомніць даўнія звычаі і перанесціся ў свет казак і народных паданняў. Работнікі раённага Цэнтра культуры падрыхтавалі тэатралізаванае прадстаўленне. Увесь вечар гледачоў забаўлялі традыцыйныя героі свята. Кульмінацыйны момант – прапанова Купалінкі знайсці папараць-кветку. Не абышлося без галоўнага атрыбута старажытнага свята – купальскага вогнішча, якое прыгожа і таямніча свяціла ў вечаровым змроку.



Як вядома, у купальскую ноч усё вакол набывае чароўную моц. Сапраўды чароўным стаў і час, праведзены ў гарадскім парку. Упрыгожаная кветкамі і зелянінай пляцоўка, дзяўчаты ў доўгіх сукенках і вяночках, карагоды, песні, забавы, смех і гульні… Усюды адчуваўся нацыянальны каларыт.