Афіцыйнае адкрыццё фестывалю праваслаўнай культуры ў Крупках было запланавана на 13.00 другога дня лютага. Але выстава-кірмаш пачала сваю работу задоўга да прызначанага часу. З раніцы ў пятніцу ў фае і зале раённага Цэнтра культуры было мнагалюдна. Гараджане і госці горада з вялікай цікавасцю разглядвалі шматлікія вырабы майстэрняў Свята-Елізавецінскага манастыра – іконы і царкоўныя рэчы, кераміку, сувеніры з рознакаляровага шкла, кніжную прадукцыю праваслаўных выданняў, аўдыя-відэапрадукцыю духоўна-маральнага зместу, многія набывалі травяныя зборы і бальзамы, мёд і прадукты пчалярства, манастырскую выпечку.
Да месца адзначыць, што ў гэты ж дзень у Крупскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы быў рэалізаваны праект «Святыні Беларусі». Тэмай гутаркі кандыдата культуралогіі, аўтара кніг «Праваслаўныя святыні Беларусі» Наталлі Шчарбаковай стала «Каляндар дзён памяці святых зямлі беларускай». І Наталлі Іванаўне было лёгка расказваць пра святых зямлі беларускай, бо ў бібліятэцы якраз адкрылася выстава «Жывая крыніца праваслаўнай кнігі».
Але вернемся да ўрачыстага адкрыцця фестывалю праваслаўнай культуры. Малебен на пачатак добрай справы правёў дабрачынны Крупскай акругі, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Крупкі пратаіерэй Мікалай Гмір, які заўважыў, што любое царкоўнае мерапрыемства пачынаецца з малітвы, і даў сваё благаслаўленне фестывалю.
– Я рады вітаць усіх, хто прыйшоў на гэту выставу сёння, і прыйдзе ў наступныя дні, – адзначыў Мікалай Гмір. – Упэўнены, што ўсе мерапрыемствы, якія будуць праведзены за дні работы фестывалю, прынясуць карысць, стануць штуршком да таго, каб усім нам стаць лепшымі і духоўна чысцейшымі. Я жадаю, каб на гэтым кірмашы было як мага больш народу, каб тут панавалі ветлівасць і ўзаемаразуменне, а набытыя рэчы прынеслі ў нашы дамы радасць і цеплыню.
Цёплыя і сардэчныя словы з нагоды адкрыцця фестывалю праваслаўнай культуры на Крупшчыне адрасаваў прысутным намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэй Вараб’ёў:
– Правядзенне такіх выстаў-кірмашоў ужо стала добрай традыцыяй – фестываль праваслаўнай культуры «Кладезь» прыязджае ў Крупкі ў трэці раз. І сёння мы зноў дзякуем арганізатарам такога значнага мерапрыемства за тыя цудоўныя імгненні, якія яны падораць за гэтыя дні ўсім крупчанам. Як вядома, галоўная мэта фестывалю – духоўна-маральнае выхаванне падрастаючага пакалення, выхаванне ў моладзі патрыятычных пачуццяў, фарміраванне разумення важнасці стварэння паўнацэннай сям’і і нараджэння дзяцей. Падчас наведвання выставы-кірмашу, а таксама правядзення самых розных духоўна-асветных мерапрыемстваў усе мы маем магчымасць яшчэ раз дакрануцца да праваслаўнай культуры.
За добрыя словы і наказы ўдзячнасць усім прысутным выказала куратар выставы-кірмашу Таццяна Ціханава, якая адзначыла, што ўсе вырабы, прадстаўленыя тут, зроблены з вялікім уменнем, любоўю і малітвамі ў майстэрнях Свята-Елізавецінскага манастыра, а выручаныя ад продажу сродкі пойдуць на дапамогу вялікай колькасці людзей: на будаўніцтва дома для бяздомных, дапамогу былым зняволеным, людзям з аслабленым псіхічным здароўем, дзецям-сіротам.
Ужо на наступны дзень пасля адкрыцця фестывалю ў кінатэатры «Кастрычнік» дэманстраваўся дакументальны фільм «Два Андрэі», а ў РЦК прайшоў майстар-клас па папяроваму тэатру лялек. У нядзелю, 4 лютага, у рамках праекта «Добрае кіно» быў паказаны мастацкі фільм «Альпійская казка», а ў панядзелак для ўдзельнікаў клуба «Маладая сям’я» быў прадстаўлены праект «Агульная справа», падчас якога манахіня Марыя (Літвінава) правяла гутарку «Асновы сямейнага жыцця», а пасля ў рамках гэтага праекта ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу-39 яна гутарыла на тэму «Праўда аб алкагольнай і наркатычнай залежнасці».
Для наведвальнікаў аддзялення прабывання інвалідаў і маладых інвалідаў у рамках праекта «Пераадоленне» прайшла гутарка з бацькамі дзяцей-інвалідаў, а падчас рэалізацыі праекта «Жывое слова» гутаркі аб брыдкаслоўі ў Крупскай раённай гімназіі і СШ № 3 г. Крупкі зноў правяла манахіня Марыя (Літвінава).
Сёння ў Крупскім РАУС у рамках праекта «Служэнне Радзіме – святы абавязак», а падчас рэалізацыі праекта «Маладосць – час выбару» у СШ № 3 г. Крупкі пройдуць гутаркі манахіні Марыі (Літвінавай). У кінатэатры «Кастрычнік» у 13.00 будзе паказаны дакументальны фільм «Мужчынскае пытанне».
У чацвер, 8 лютага, плануецца рэалізаваць праект «Добрае кіно» і ў 14.00 у кінатэатры «Кастрычнік» прадэманстраваць мастацкі фільм «Мяне гэта не датычыць».
У пятніцу, 9 лютага, у СШ № 1 г. Крупкі пройдзе гутарка «Праўда аб алкагольнай, наркатычнай і гульнёвай залежнасці», якую правядзе кіраўнік Цэнтра па супрацьдзеянні наркаманіі і алкагалізму пратаіерэй Дзіянісій Пясецкі. Аналагічная гутарка пройдзе таксама ў Крупскім раённым аддзеле ўнутраных спраў. А ў 16 гадзін адбудзецца цырымонія закрыцця фестывалю.
Яшчэ раз нагадаем, што для дзяцей спектаклі лялечнага тэатра «Батлейка» паказваюцца штодзённа з 11 да 18 гадзін. Пасля прадстаўленняў дзеці знаёмяцца з героямі пастаноўкі, прымаюць удзел у гульнях і віктарынах, для іх праводзяцца майстар-класы.
Як бачым, кожны дзень фестывалю праваслаўнай культуры багаты на самыя розныя мерапрыемствы.