– У перыяд веснавога нерасту вылаў рыбы сеткамі наносіць найбольшую шкоду яе ўзнаўленню, – расказвае старшы дзяржаўны інспектар Барысаўскай міжраённай інспекцыі Сяргей Чубкоў. – Прычыненую шкоду, якую кампенсуюць парушальнікі, вылічваюць па трайных таксах. Адказнасць за захоўванне сеткаматэрыялаў і гандаль імі была ўведзена ў студзені 2018 года артыкулам 15.36 КаАП Рэспублікі Беларусь. І большасць канфіскаваных летась сетак была выяўлена якраз у працэсе захоўвання або пры спробе рэалізацыі. Уладальнікам забароненых прылад лоўлі давялося заплаціць немалыя штрафы.
У дачыненні да фізічных асоб санкцыя артыкула прадугледжвае ад 5 (127,5 рубля) да 50 (1 275 рублёў) базавых велічынь штрафу, а ў дачыненні да прадпрымальнікаў, якія рызыкнулі падзарабіць на продажы сетак, – ад 10 (255 рублёў) да 200 (5 100 рублёў) базавых велічынь.
– Хочацца нагадаць наступнае: нягледзячы на тое, што заканадаўчая норма, якая забараняе захоўванне і рэалізацыю сетак, дзейнічае ўжо больш за год, далёка не ўсім вядома, што нават старыя дзедаўскія сеткі, якія вісяць на гарышчы, могуць стаць прычынай для разгляду, – заўважыў Сяргей Чубкоў. – Здаць такі «арсенал» можна абсалютна без наступстваў пры ўмове добраахвотнай выдачы.



Пачынаючы з 20 сакавіка і на працягу ўсяго нераставага перыяду Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь праводзіць маштабную кампанію па канфіскацыі браканьерскіх сетак. Грамадзянам прапануецца добраахвотна здаць іх, пры гэтым прыцягваць да адказнасці за захоўванне забароненых прылад лоўлі іх не будуць.