Спусташэнне азонавага слою планеты і наступнае павышэнне ультрафіялетавага выпраменьвання вядуць да зніжэння якасці атмасфернага паветра, аслаблення імуннай сістэмы арганізма, рэзкага павышэння захворванняў, да прыгнечання росту раслін, негатыўнага ўздзеяння на водныя арганізмы, павышэння акісляльнай здольнасці атмасферы, карозіі і разбурэння некаторых відаў матэрыялаў і г.д.
Новая экалагічная ацэнка стану азонавага слою, праведзеная 300 вучонымі ў апошнія гады, гаворыць аб тым, што ўзгодненыя міжнародныя дзеянні па барацьбе з азонаразбуральнымі рэчывамі дазволяць упэўнена дасягнуць аднаўлення абароннага азонавага слою Зямлі ў бліжэйшыя некалькі дзесяцігоддзяў.
У мінулым годзе споўнілася 30 гадоў з часу прыняцця Венскай канвенцыі аб ахове азонавага слою, падпісанай у Вене 22 сакавіка 1985 года. Падчас мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню трыццатай гадавіны, сакратарыят Венскай канвенцыі па ахове азонавага слою і Манрэальскага пратакола па рэчывах, якія разбураюць азонавы слой, правёў «разумную» лічбавую кампанію, каб адзначыць шматлікія поспехі, дасягнутыя ў рамках ажыццяўлення аховы азонавага слою за апошнія тры дзесяцігоддзі.
Мэтай кампаніі стала павышэнне інфармаванасці і пашырэнне ведаў аб дасягненнях бакоў Венскай канвенцыі і Манрэальскага пратакола, а таксама мабілізацыя ўсеагульнай падтрымкі вырашэння бягучых і будучых задач у галіне забеспячэння пастаяннай аховы азонавага слою і клімату.
Для святкавання трыццатай гадавіны Венскай канвенцыі і Міжнароднага дня аховы азонавага слою ў мінулым годзе быў выбраны лозунг: «30 гадоў аднаўляем азон разам». У пасланні Генеральнага сакратара ААН адзначалася: «З нагоды Міжнароднага дня азонавага слою давайце паабяцаем сабе прыкладаць максімум намаганняў для абароны нашай планеты – як мы гэта зрабілі для таго, каб захаваць азонавы слой».