krupki.by

ru RU be BE en EN


Сэрца зямлі

Автор / Фарбы и рыфмы души / Среда, 21 сентября 2016 14:12 / Просмотров: 2644

Ігар ЗасімовічПрыслухайцеся да сэрца зямлі. Яно гаворыць. Гаворыць пра самае галоўнае – любоў, веру, маральнасць, імкненне рабіць дабро, шанаваць людзей, спадчыну, сваю Радзіму… Пра ўсё тое, што дазваляе нам людзьмі звацца. І калі мы адчуваем, што нашыя сэрцы б’юцца ва ўнісон, то можна лічыць, што жывём на гэтым свеце не дарэмна. 

Вядомыя беларускія майстры Ігар Засімовіч і Кацярына Зантарыя здолелі занатаваць гэтую вобразную выразную, чыстую мову. Вечныя паняцці, адбітыя на трывалым матэрыяле, – пасланне не аднаму пакаленню людзей. Скульптуру «Сэрца зямлі» мы хуткім часам убачым у гарадскім парку ў Крупках. Гэты філасофскі твор – вынік шматтыднёвай працы падчас абласнога пленэра па вырабу скульптур з каменя. 

Прасторавая кампазіцыя складаецца з трох валуноў. Асноўную сэнсавую нагрузку нясе цэнтральны камень. Ён сам па абрысах нагадвае постаць зубра – сімвала нашай краіны. Камень абдымае назва «Сэрца зямлі», дзе кожная літара суправаджаецца ілюстрацыяй і мае канкрэтны сэнс. С – спадчына, сядзіба, спеў; э – эра, эдэм; р – род, Рагнеда; ц – царква, цуд, цішыня; а – азбука, асвета, аратай; з – зорка, зямля, зубр; я – яйка, ягня; м – мова, мастацтва, малітва; л – літара, лёс, летапісец; і – існасць, імкненне, ікона. Сапраўды, своеасаблівая карціна роднага краю, дзе пазнавальныя вобразы дамоў, цэркваў, кніг, знакамітых людзей. Ёсць над чым падумаць, паразважаць, пашукаць сябе, сваё месца ў гэтых каштоўнасцях, і гэтыя каштоўнасці ў сваім сэрцы.

У творчай кампазіцыі вельмі яскрава выяўляюцца і асобы саміх аўтараў.  

Знакаміты беларускі скульптар, член Беларускага саюза мастакоў Ігар Засімовіч – прызнаны майстар манументальна-дэкаратыўнай, станковай і паркавай скульптуры. Яго работы яднае асаблівы дух, дзе і патрыятычная пазіцыя мастака, і вялікая любоў да гісторыі роднай краіны, да яе дня сённяшняга.

Усё сваё жыццё гэты чалавек аддадзены мастацтву. Пра першыя жывінкі інтарэсу да творчасці ўспамінае з трапяткім пачуццём, а яны – з самага ранняга дзяцінства.

– Яшчэ ў дзіцячым садку, калі звычайна малыя заняты гульнямі-арэлямі, мяне прыцягвалі каменьчыкі, – з лагоднай усмешкай узгадвае Ігар. – Памятаю, ля агароджы садка ляжаў камень, што здаваўся мне велізарным. Гэта быў мой свет. Вясной я глядзеў, як ён хутчэй за ўсіх награваецца, як растае вакол снег, як на яго садзяцца матылькі і грэюцца на сонейку. Я сыпаў на яго пясок, ліў ваду, назіраў, як ён змяняецца. А калі гадоў праз 20 прыйшоў у гэты дзіцячы сад, то ўбачыў, які ўсё ж невялічкі быў той камень, што быў для мяне сапраўдным прыцягненнем цуда.

Дзіцячае захапленне прайшло праз усе гады, адточвалася ў мастацкім вучылішчы, адшліфоўвалася ў Беларускай акадэміі мастацтваў, стала прафесіяй і жыццём. Вось ужо 25 гадоў, як Ігар працуе з каменем, ён вядомы майстар у мастацкім асяроддзі нашай краіны і за мяжой.

Чвэрць стагоддзя – пара сапраўднага росквіту. Прыродны талент, вопытная рука і трапяткое стаўленне да валуна. Яго скульптуры сапраўды захапляюць.

– Відаць, мне пашчасціла навучыцца разумець мову каменя, – дзеліцца Ігар. – Але гэта навука даецца няпроста. Бывае, ходзіш вакол валуна, выбіраеш, думаеш. А на самой справе гэта камень выбірае цябе. Падыходзіш, а ён гаворыць: «Не, хлопец, не зараз». Ідзеш да іншага, здаецца – ну вось, вось! А камень гаворыць: «Не, я з расколінай, не чапай мяне». Нарэшце, нейкі трэці там ляжыць у зямлі непрыкметны. Падкапаеш, абчысціш, глядзіш – вось яна, прыгажосць! І камень гаворыць: «Так, будзем тварыць!»

Між задумай і яе практычным увасабленнем праходзіць нямала часу. Тое, што прыцягвае ў скульптуры чалавека, хвалюе і пераўтварае ў гледача, патрабуе дзён, тыдняў і месяцаў працы. Фізічнай і творчай пароўну, бо скульптар – гэта мастак, што злучае ў сабе талент творцы і майстэрства рамесніка. Але вынік гэтай працы вельмі ўдзячны. 

– Мы робім для людзей, на многія гады. Нашы скульптуры знаходзяцца ў людных месцах, і кожны можа на іх паглядзець, – працягвае Ігар. – Таму і падарожнічаем па гарадах, бяром удзел у пленэрах, каб зрабіць нешта карыснае – пакуль ёсць сілы і здароўе, энтузіязм і творчае жаданне. Час ідзе, працуецца з настроем, дзякаваць Богу.

Ігар Засімовіч – паспяховы ў мастацтве чалавек. Яго скульптуры ўпрыгожваюць Мінск, Гродна, Магілёў, Астравец, Жалудок, Пінск, Смаргонь і іншыя гарады краіны. Захапляюцца работамі майстра ў Вільні, Паланзе, Сувалках, Познані, Гамбургу. А ў гарадах Козьмін Велькапольскі і Кратошын, што ў Польшчы, струменяць яго фантаны. Шэраг твораў знаходзіцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Траццякоўскай галерэі ў Маскве і гэтак далей. 

– Разам з імі нешта наша, беларускае, ёсць у іншых краінах, – зазначае Ігар.

Відавочныя асаблівыя адносіны мастака да беларускай гісторыі. Гэта добра прасочваецца ў яго творчай манеры. Да таго ж, Ігар Засімовіч – аўтар надмагільных помнікаў знакамітым беларусам. А што да стылявых пераваг?

– Наўрад ці стыль будзе нейкі вызначаны, – адказвае майстар. – Хутчэй пазнавальнасць можа быць па нейкіх знакавых архітыпах, пэўных сімвалах, сэнсавым напаўненні. У маёй творчасці заўсёды прысутнічае нейкі знак, абагульненне, стылізацыя. Напрыклад, каменны рыцарскі шлем, які зрабіў падчас пленэра ў Гродна. Гэта валун, у ім дзве вялізныя проразі – вертыкаль і гарызанталь. Нічога лішняга, ён і на адлегдасці 100 метраў «чытаецца», і на пяць метраў выглядае, і ў непасрэднай блізкасці ўспрымаецца добра. У Мінску на перасячэнні вуліц Кіжаватава і Казінца я зрабіў кампазіцыю, якая складаецца з 21 каменя і доўжыцца 40 метраў. Гэта змяя. Як вядома, даўней вужы лічыліся святымі жывёламі. На камянях, што ўтвараюць кампазіцыю, высечаны сімвалы-абярэгі. 

Сярод іншых найбольш заўважных работ майстра – «Чарнобыльскае малако», помнік 1000-годдзю хрысціянства ў Беларусі, «Формула прасторы» і гэтак далей. Самы назвы гавораць за сябе. 

Разам з Кацярынай Зантарыя яны зрабілі цікавую скульптуру «Гандляр», якая ўстаноўлена ля ўваходу ў рынак «Заходні» ў Мінску. Гэта такі дзядзька Антось, нібы госць з пачатку мінулага стагоддзя, які прывёз на базар тое, што вырасціў на сваёй уласнай гаспадарцы.

Багатая творчая спадчына майстра ўвабрала ў сябе і занатавала для людзей не адну эпоху нашай гісторыі і культуры. Цікава было даведацца пра прадмет аўтарскага гонару. Якую скульптуру ён лічыць такой?

– Гэта кожная работа, якая скончана, – адказаў Ігар. – Як толькі яе завершыш, адчуваеш гонар за тое, што ўдалося зрабіць. А затым зноў – новая задума, і творчая думка паляцела далей. А яна, гатовая работа, пачынае жыць сваім жыццём. Ведаеце, скульптуры для аўтараў – гэта як дзеці. Вынасіў, выпесціў, зрабіў, і блаславіў у жыццё. Зразумела, часам наведваю іх, і сябры прысылаюць фотаздымкі з-за мяжы. Напрыклад, выява фантана ў Козьміне змешчана на паштоўцы, і там напісана маё прозвішча. Прыемна! Турысты купляюць. Вось, можа і ў Крупках з нашымі кампазіцыямі зробяць паштоўкі (усміхаецца). Ды і вяселлі будуць прыходзіць да скульптур, для фотасесіі вельмі добра падыходзяць.

Мы зноў вяртаемся да «Сэрца зямлі». Аўтарская задума вельмі глыбокая, змястоўная, грунтоўная. Кожнаму ёсць пра што паразважаць. А калі твор прымушае задумацца, то аўтарская ідэя ўдалася.

Барыс МАКАРЭВІЧ

Камень жыццё ўдыхнуў,

Майстар яго ажывіў –

Творчай рукою крануў,

Новае цуда стварыў.

 

Фразу на камянях

«Сэрца зямлі» – прачытай.

Моўчкі спыні свой шлях,

Думкі свае пагартай.

 

Літары… Колькі ў іх

Годнасці, чысціні.

Ісцін вечна святых

Ярка палаюць агні.

 

«Спадчына» – дар дзядоў,

«Эра» – у ёй мы ляцім,

«Род» – наша родная кроў.

Важнае ў словах знайдзі.

 

«Цуд», «Цішыня», «Царква» –

Чуеце дзіўны напеў?

Слоў даражэй няма,

Каб дзе знайсці і хацеў.

 

«Азбука», «Зубр», «Зямля» –

Гукі плывуць да нябёс.

Яйка, яшчэ ягня,

«Мова», «Малітва» і «Лёс»…

 

Існасць пазнаў мастак,

Вечнасць тварэнню надаў.

Камень, як добры знак,

Светлаю музай стаў.

Автор

Марина Бородавко

Марина Бородавко

Please publish modules in offcanvas position.