Яго пляцоўкамі стануць чатыры кінатэатры сталіцы – «Беларусь», Дом кіно, «Піянер» і «Цэнтральны».

Урачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю адбудзецца ў Доме кіно 17 лістапада. З 18 лістапада тут пройдзе Дзень расійскага кіно. Будуць паказваць пазаконкурсныя фільмы. Таксама адбудзецца паказ фільмаў з катэгорыі «Залатая калекцыя».

Кінатэатр «Піянер» па традыцыі стане галоўнай пляцоўкай фестывалю фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзiк», які адкрыецца 17 лістапада. Цырымонія закрыцця з падвядзеннем вынікаў запланавана на 20 лістапада. Таксама кінатэатр «Піянер» стане асноўнай пляцоўкай, дзе пакажуць фільмы конкурсу ­неігравога кіно.

У кінатэатры «Беларусь» з 18 лістапада стартуюць праграма «Кіно маладых» і конкурс анімацыйных фільмаў.

Кінатэатр «Цэнтральны» стане пляцоўкай для паказу карцін з праграмы асноўнага конкурсу ігравога кіно, пазаконкурснай праграмы.

Дарэчы, паведамляецца, што на конкурс «Кіно маладых» фестывалю даслана 747 работ з больш як 40 краін. Асноўная канцэпцыя конкурсу заключаецца ў тым, каб даць маладым рэжысёрам магчымасць заявіць пра сябе і паказаць свае (у большасці дэбютныя) работы шырокаму гледачу, а таксама атрымаць ацэнку сваіх работ.

Бясспрэчную цікавасць гледачоў павінны выклікаць анімацыйныя фільмы. Пададзена 438 заявак. Паведамляецца, што каля 200 з іх – фільмы найвышэйшага ўзроўню. Пры гэтым 70-80 працэнтаў работ належаць маладым аніматарам. Гэта, вядома, заканамернасць, бо анімацыя, тым больш кароткаметражная, мастацтва маладых.

Самая галоўная тэндэнцыя ў сучасным свеце – гэта змешванне стыляў, напрамкаў і жанраў. Будуць прадстаўлены анімацыйна-дакументальныя фільмы, заснаваныя на рэальных гісторыях.

Набыць білеты можна анлайн і ў касах кінатэатраў. Беларускіх гледачоў чакае цудоўная праграма з выдатных фільмаў з розных краін.