Да прыкладу, у суботу там свае работы прадставілі ўстановы сацыяльнай сферы Міншчыны. У іх ліку і Крупскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва. Трэба адзначыць, што ля павільёна, дзе размясцілася наша экспазіцыя, было заўсёды людна – адразу відаць, што арганізатары да падрыхтоўкі падышлі грунтоўна. Добрую частку сувенірнай прадукцыі складалі вырабы з нашага знакамітага беларускага лёну. Гэта млыны, дамавічкі, шкатулкі, разнастайныя ўпрыгожванні.

– Асаблівым попытам карысталіся нашы лялькі-абярэгі, – расказвае загадчык аддзялення дзённага знаходжання пажылых людзей Наталля Навахрост.– Яны не толькі арыгінальна выраблены, але і суправа­джаліся спецыяльнай ін­струк­цыяй па карыстанні. Так што, будзем верыць, што гэтыя сувеніры, створаныя клапатлівымі рукамі людзей залатога ўзросту, будуць ахоўваць сваіх гаспадароў ад усяго дрэннага.

Таксама прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў выставы магніты з фотаздымкамі крупскіх славутасцяў: возера Сялява, сядзібнага дома Свяцкіх, ракі Бобр, каменных скульптур з гарадскога парку. Увогуле, панавала атмасфера свята, творчасці і добрага настрою. Людзі прыязджалі групамі, асобна сем’і з дзецьмі розных узростаў, а таксама турысты з-за мяжы.

– Надвор’е было спрыяльным, госці вельмі адкрытыя, сардэчныя. Адчувалася сапраўднае народнае адзінства, і гэта было вельмі прыемна, – адзначае Наталля Навахрост.