Купальскі карагод вакол вогнішча водзяць хлопчыкі і дзяўчаткі ў народным адзенні. Над васільковым полем павольна лунае белакрылы бусел. На льняным рушніку духмяны хлеб з гарлачыкам малака чакаюць на абед касцоў у спякотны летні дзень. А вось і знакамітая сядзіба Свяцкіх велічна ўзвышаецца.

Усё гэта – матывы малюнкаў, якія стварылі выхаванцы Крупскага ЦДТ. Натхняюць юных мастакоў педагогі на працягу ўсяго года – вучаць заўважаць і цаніць навакольную прыгажосць, разам здзяйс­няюць экскурсіі па родным краі, ла­дзяць пленэры. У час летніх канікул педагогі і навучэнцы плённа працуюць над стварэннем карцін. Таму ў творчай скарбонцы шмат работ на розныя тэмы. Вельмі зручна, калі абвяшчаец­ца пэўны конкурс, а работы створаны зараней.

– Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага аблвыканкама право­дзіць конкурс-выставу малюнкаў «Міншчына любая мая», прысвечаны 85-годдзю вобласці, – расказвае дырэктар ЦДТ Вераніка Сяліцкая. – Паколькі заняткі праводзяцца па розных накірунках, у тым ліку патрыятычнаму, педагогі значную ўвагу надаюць і тэме малой радзімы. Зразумела, што і колькасць работ назапасілася. Тыя, якія адпавядаюць крытэрыям конкурсу, мы і прадставілі на выставу, усяго сем работ.

– Заўважыла, што дзецям падабаецца маляваць пейзажы, якія яны бачылі самі альбо чыталі іх апісанне ў творах, – кажа кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Вясёлка акварэлі» Наталля Бенке. – Летам мы актыўна працавалі над вобразамі роднага краю, стваралі малюнкі не на конкурс, а для сябе. А атрымалася, што цяпер работы Ксеніі Ванеевай, Ліды Жызнеўскай, Карыны Бажэнавай удзельнічаюць у конкурсе-выставе, прысвечанай нашай Міншчыне. Для дзяцей – гэта гонар.

– Нам таксама ёсць што паказаць на конкурсе, – далучаецца да размовы кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Кропелька» Валянціна Вішнякова. – Цікавыя малюнкі стварылі Вадзім Фядосенка, яго работа называецца «Родныя прасторы Крупшчыны», Эліна Захарава – «Крупшчына мая запаветная». А Дар’я Касабуцкая адлюстравала «Традыцыі на Купалле». Гэта актыўныя і творчыя дзеці, у іх шмат ідэй і задумак, якія яны з задавальненнем рэалізоўваюць.

Жадаем поспехаў юным мастакам.

Іна ГАРА.