Маляваныя дываны – асаблівы від мастацтва, які быў папулярны ў 1920-1960-я гады. Яны ствараліся на даматканым палатне, як правіла, пафарбаваным у чорны колер. Дываны не былі дарагімі аналагамі габеленаў. Гэта самабытная форма камунікацыі, дзе праз яркія фарбы і прастату сюжэта перадаваліся глыбокія пачуцці і спадзяванні простых людзей.

– Як правіла, у цэнтры кампазіцыі – прырода, жывёлы, сцэны палявання, побытавыя сюжэты, якія гарманічна спалучаюцца з арнаментам. Заслаўскі музей-­запаведнік валодае адной з найбуйнейшых калекцый такіх дываноў. Асаблівую ­каштоўнасць экспазіцыі надаюць творы вядомага майстра – Язэпа Драздовіча, чые працы з’яўляюцца каштоўнасцю нацыянальнай культуры, – падкрэсліваюць у мастацкай галерэі.

У Крупках можна ўбачыць тры маляваныя дываны Язэпа Драздовіча: «Тракайскі замак», «Дыванок з замкам над возерам», макатка «Лісіца». Дываны часам змяшчаюць рэалістычныя выявы архітэктурных помнікаў.

Творчая спадчына Язэпа Драздовіча шматгранная. Ён – вядомы асветнік, пісьменнік і мастак. Яго ўплыў на адраджэнне цікавасці да маляванак у сучаснай Беларусі вельмі значны.

Экспазіцыя ў Крупках – гэта не проста дэманстрацыя артэфактаў. Гэта мост паміж мінулым і сучаснасцю. Для Крупскага рэгіёну, дзе гістарычна былі моцныя традыцыі рамёстваў, праект мае адукацыйнае значэнне. Выстава дазваляе пазнаёміцца са з’явай беларускага мастацтва, якая доўгі час заставалася па-за ўвагай мастацтвазнаўцаў.

Праект нагадвае, што маляваныя гісторыі – гэта своеасаблівая мова, якой беларусы гаварылі паміж сабой праз малюнкі. Ён спрыяе вывучэнню роднай гісторыі, мастацтва і этнаграфіі ў жывой, нагляднай формах.

Выстава дзейнічае да 28 лістапада.