Ці можна перапрацаваць?

На жаль, увесь аднаразовы посуд робіцца з вельмі тонкага пластыку, у той жа час як абсталяванне на беларускіх перапрацоўчых заводах настроена на больш «тоўсты» матэрыял. Атрымліваецца, трэба сабраць вельмі многа аднаразовага пластыку, каб перапрацоўшчыкам было выгадна яго прымаць.

Але і тут ёсць некалькі нюансаў. Па-першае, відаў пластыку вельмі многа. Выходзіць, аднолькавыя з выгляду аднаразовыя талеркі могуць быць выраблены з рознага матэрыялу. Па-другое, нават калі дапусціць, што ўсе людзі будуць уважліва чытаць склад вырабу, можна ўявіць, колькі кантэйнераў прыйдзецца паставіць, каб усе іх правільна раздзяліць.

А чаму б не рабіць аднаразовы посуд з больш трывалага пластыку?

Адказ просты: гэта даражэй, што зусім не ў інтарэсах вытворцаў. І пакуль няма забароны, тонкі пластык будзе выкарыстоўвацца.

Ці вырашаецца гэта праблема?

Паступова ў свеце адмаўляюцца ад пластыку. Напрыклад, у Еўрасаюзе да 2021 года будзе забаронена выкарыстанне аднаразовага посуду. А зусім нядаўна падобнае рашэнне было прынята і ў Беларусі. У прыватнасці, плануецца выключыць неперапрацоўваемую тару з кафэ і рэстаранаў, а таксама абмежаваць выкарыстанне тонкага пластыку.

А ці можна замяніць пластыкавы посуд папяровым?

На жаль, гэтага зрабіць нельга. Каб вырабіць, напрыклад, папяровую шклянку воданепранікальнай, яе пакрываюць пластыкавай плёнкай, таму перапрацаваць яе таксама немагчыма.

А калі выкідваць пластык у сметніцу, ён жа не зможа забрудзіць прыроду?

Са сметніцы яно не знікае. Яго перавозяць на звалку, адкуль лёгкія пластыкавыя прадметы могуць пераносіцца ветрам. Такім чынам яны аказваюцца ў вадаёмах і глебе, што атручвае не толькі жывёл, але і чалавека.

Што ж з гэтым рабіць?

Аднаразовы посуд – далёка не прадмет першай неабходнасці. Каву ў кафэ можна папрасіць наліць у шкляны кубак або тэрмакубак, а на пікнік хадзіць са шматразовымі кантэйнерамі, талеркамі і шклянкамі. І нават на грамадскіх мерапрыемствах заўсёды можна папрасіць пакласці хот-дог не на аднаразовую талерку, а на сурвэтку.